Украіна ініцыявала ўзмацненьне санкцый супраць Расеі і Беларусі пасьля атакі Дніпра «Арэшнікам»

Міністэрства замежных спраў Украіны. Ілюстрацыйнае фота

У Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) правялі ініцыяваную Ўкраінай спэцыяльную сэсію ў сувязі з выкарыстаньнем Расеяй балістычнай ракеты «Арэшнік» па горадзе Дніпро 21 лістапада.

«Усясьветная супольнасьць павінна своечасова і рашуча адрэагаваць на пашырэньне вайны з боку Расеі. Неабходна павялічыць ціск на Пуціна і ягоны рэжым, у тым ліку праз узмацненьне міжнародных санкцый і закрыцьцё шляхоў для іх абыходу. Тое самае датычыць такіх хаўрусьнікаў Расеі, як Іран, КНДР і Беларусь. Найлепшы адказ на пагрозы Пуціна — гэта прымусіць яго да ўсеабдымнага, справядлівага і ўстойлівага міру», — заявіла ўкраінская дэлегацыя.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце АДКБ у Астане (Казахстан) папярэдзіў пра новыя ўдары ракетамі «Арэшнік» па Ўкраіне, а Аляксандар Лукашэнка прапанаваў разьмясьціць іх у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін у Астане папярэдзіў пра новыя ўдары ракетамі «Арэшнік» па Ўкраіне. Лукашэнка прапанаваў разьмясьціць іх у Беларусі

21 лістапада ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што раніцай Расея з Астраханскай вобласьці запусьціла на ўкраінскі горад Дніпро міжкантынэнтальную балістычную ракету. Адбылося гэта празь некалькі дзён пасьля паведамленьняў, што Ўкраіна выкарыстала пастаўленыя Вялікай Брытаніяй ракеты Storm Shadow і вырабленыя ў ЗША сыстэмы ATACMS для нанясеньня ўдараў па вайсковых аб’ектах у глыбіні Расеі пасьля доўгачаканага дазволу прэзыдэнта Джо Байдэна.

Увечары 21 лістапада Ўладзімір Пуцін выступіў зь неанансаваным зваротам да грамадзян, у якім, сярод іншага, заявіў, што Расея нанесла ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай, і назваў гэта адказам на дазвол Захаду Ўкраіне атакаваць цэлі на тэрыторыі Расеі далёкабойнай зброяй.

22 лістапада Пуцін заявіў, што новая расейская ракета сярэдняй далёкасьці, здольная несьці ядзерную зброю, будзе працягваць праходзіць выпрабаваньні, уключаючы баявыя ўмовы, як гэта адбылося падчас удару па Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУР Украіны: «Арэшнік» — гэта мабільны ракетны комплекс «Кедр»