«Лёс выданьня — у вашых руках». Рэдакцыя «Новага Часу» просіць аб тэрміновай дапамозе

Беларускае выданьне «Новы час» зьвярнулася да чытачоў з просьбай аб тэрміновай дапамозе. Рэдакцыя сутыкнулася з фінансавымі праблемамі, далейшае існаваньне выданьня апынулася пад пагрозай.

«Рэдакцыя спрабуе вырашыць праблемы, але наўпрост цяпер сытуацыя крытычная. Без фінансавага ўдзелу чытачоў далейшае існаваньне выданьня зробіцца немагчымым. Мы вельмі хочам працаваць для вас далей, таму зьвяртаемся па тэрміновую падтрымку», — паведамілі ў рэдакцыі «Новага Часу».

Журналісты адзначаюць, што «цяпер рэдакцыя перажывае надзвычай складаны час».

У сваім звароце рэдакцыя нагадвае, што выданьне «Новы Час» выходзіць з 2002 году і зьяўляецца адным зь нешматлікіх цалкам беларускамоўных незалежных мэдыя.

У кастрычніку 2021 году ў сядзібе выданьня і па месцы жыхарства журналістаў прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі кампутары і іншую офісную тэхніку. Цяпер за кратамі застаюцца 2 журналісты выданьня — асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня Дзяніс Івашын, а таксама Мікалай Дзядок, які адбывае 5-гадовы тэрмін зьняволеньня. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Пасьля ператрусаў у рэдакцыі і канфіскацыяў тэхнікі выданьне «Новы Час» выходзіць онлайн. Паводле рэдакцыі, пасьля падзеяў жніўня 2020 году на працягу году «Новы Час» заставаўся адным зь нешматлікіх сродкаў сувязі палітвязьняў са зьнешнім сьветам, бо да спыненьня выпуску друкаванай вэрсіі газэты яна трапляла і за краты.

Для дапамогі рэдакцыі на плятформе BySol адкрылі дабрачынны збор. Сабраныя сродкі дазволяць выплаціць затрыманыя заробкі супрацоўнікам «Новага Часу» за тры месяцы і працягнуць далейшую працу выданьня «да атрыманьня сродкаў зь іншых крыніц», гаворыцца на старонцы збору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маланкамі прабіць свабоды дарогу». Дзяніс Івашын у няволі сустракае 45 гадоў, ён напісаў за кратамі верш
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Мікалая Дзядка расказаў, як сын сустрэў 800-ы дзень за кратамі