Пуцін назваў «нерэалістычнай» дапамогу з боку АДКБ у сувязі з ракетнымі ўдарамі па Расеі

Уладзімір Пуцін, Астана, 28 лістапада 2024 году

Партнэры па Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) ня могуць чым-небудзь дапамагчы Маскве ў сувязі з ударамі амэрыканскай зброяй па Расеі, заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін.

«Давайце будзем рэалістычна глядзець на падзеі, якія адбываюцца. Ад таго, што амэрыканскай зброяй, тымі ж ATACMS, наносяцца ўдары па расейскай тэрыторыі, — ну што могуць зрабіць іншыя краіны гэтай арганізацыі (гаворка пра АДКБ — рэд.) для наданьня дапамогі? Гэта ж нерэалістычна», — сказаў Уладзімір Пуцін падчас прэс-канфэрэнцыі ў Астане па выніках свайго візыту ў Казахстан і саміту АДКБ.

АДКБ — вайскова-палітычны саюз шасьці дзяржаваў: Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі, Таджыкістану і Армэніі (апошняя зь лютага 2024 году заявіла аб замарозцы свайго ўдзелу ў АДКБ, а ў чэрвені — пра пляны пакінуць саюз).

Згодна з артыкулам 4 дамовы аб калектыўнай бясьпецы, калі адна зь дзяржаваў — удзельніц АДКБ зазнае агрэсію, гэта павінна разглядацца як агрэсія супраць усіх чальцоў арганізацыі. Акрамя таго, удзельнікі могуць надаць дапамогу, у тым ліку вайсковую, дзяржаве, якая зазнала агрэсію.

23 лістапада ТАСС са спасылкай на крыніцу пісаў, што краіны-чальцы АДКБ абмяркуюць на саміце ў Казахстане сытуацыю з дазволам заходніх краінаў біць дальнабойнымі ракетамі ўглыб тэрыторыі Расеі. Агенцтва адзначала, што паміж Расеяй і Казахстанам дзейнічае пагадненьне, якое тычыцца наданьня ўзаемнай падтрымкі ў выпадку агрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін у Астане папярэдзіў пра новыя ўдары ракетамі «Арэшнік» па Ўкраіне. Лукашэнка прапанаваў разьмясьціць іх у Беларусі
  • На мінулым тыдні зьявіліася паведамленьні пра тое, што ЗША далі ўкраінскім вайскоўцам дазвол выкарыстоўваць ракеты ATACMS для ўдараў па вайсковых цэлях на расейскай тэрыторыі. Афіцыйна Белы дом пацьвердзіў іх толькі 25 лістапада. Таксама кіраўнік МЗС Францыі афіцыйна пацьвердзіў дазвол выкарыстоўваць пастаўленыя Францыяй далёкабойныя ракеты. Па ўсім відаць, адпаведны дазвол дала і Вялікая Брытанія. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін раней заяўляў, што такі дазвол будзе азначаць прамое ўключэньне краінаў NATO ў вайну на баку Ўкраіны.
  • 21 лістапада Ўладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой паведаміў пра два ўдары заходняй далёкабойнай зброяй па аб’ектах у Расеі, а таксама пра ўдар у адказ расейскай ракетай сярэдняй далёкасьці, якую ён назваў «Арэшнік», па заводзе ў Дніпры. Пуцін падкрэсьліў, што Масква пакідае за сабой права атакаваць вайсковыя аб’екты на тэрыторыі ня толькі Ўкраіны, але і краін, якія ёй дапамагаюць.
  • 26 лістапада ў Расеі заявілі пра новыя ўдары амэрыканскімі ракетамі ATACMS па Курскай вобласьці і прыгразілі «адказам»
  • Адначасова са зьяўленьнем паведамленьняў пра дазволы заходніх краін на ўдары па Расеі быў апублікаваны ўказ Пуціна аб зьмяненьні расейскай ядзернай дактрыны. Цяпер Расея афіцыйна мае права ўжываць ядзерную зброю нават у адказ на ракетныя абстрэлы няядзернай зброяй, калі палічыць іх сур’ёзнай пагрозай. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што на Захадзе павінны «пачуць» словы Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рытуальны саміт і амбіцыйныя прапановы Лукашэнкі