Судзьдзі Канстытуцыйнага суду прынялі рашэньне аб пераліку аднагалосна.
Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў прайшоў у Румыніі 24 лістапада. У ім, насуперак прагнозам сацыёлягаў, адносную большасьць галасоў набраў прарасейскі кандыдат Кэлін Джарджэску. Гэты малавядомы ўльтраправы палітык набыў папулярнасьць у сацыяльных сетках, дзе ён распаўсюджваў свае антыэўразьвязаўскія і антынатаўскія ідэі. Апроч прысутнасьці на Facebook і YouTube, ён правёў эфэктыўную кампанію ў TikTok, дзе змог заваяваць падтрымку і прыцягнуць маладую аўдыторыю, якая налічвае мільёны чалавек.
Паводле апублікаваных вынікаў, Джарджэску атрымаў 22,9% працэнта галасоў выбарнікаў, абышоўшы такіх фаварытаў, як дзейны праэўрапейскі прэм’ер-міністар Румыніі Марчэль Чаляку з Сацыял-дэмакратычнай партыі, якая дамінуе ў румынскай палітыцы ўжо дзесяцігодзьдзі. Чаляку заняў толькі трэцяе месца (19,5% галасоў) і не прайшоў у другі тур.
Другое месца пасьля Джарджэску заняла Элена Лясконі, якая прадстаўляе правацэнтрысцкую партыю «Саюз выратаваньня Румыніі» і выказвалася за працяг дапамогі Ўкраіне. Яна набрала 19,17% галасоў.
У Канстытуцыйны суд Румыніі зьвярнуўся кандыдат Крысьціян-Васіле Тэржэш, які атрымаў толькі 1,04% галасоў. Ён заявіў пра шматлікія парушэньні падчас агітацыі.
26 лістапада ў Румыніі прайшлі пратэсты супраць прарасейскага палітыка Кэліна Джарджэску, які нечакана перамог у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў 24 лістапада. Большасьць удзельнікаў пратэстаў былі маладымі людзьмі, занепакоенымі радыкальнымі поглядамі Джарджэску і будучыняй сваёй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі пратэстуюць супраць прарасейскага кандыдата, які выйшаў у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як TikTok спрыяў узьлёту ўльтраправага кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі Кэліна Джарджэску