Гэтую інфармацыю перадаў таксама офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які браў удзел у кейсе.
Са словаў Дзьмітрыя Плескачова, судзьдзя адзначыў, што нельга выдаваць чалавека краіне, дзе ня могуць гарантаваць яму захаваньне ягоных правоў. Ён адзначыў, што правы людзей у Беларусі парушаліся ў 2020 годзе падчас жорсткага здушэньня мірных пратэстаў, адным з арганізатараў якіх быў Плескачоў.
Канчатковае рашэньне пра лёс Дзьмітрыя Плескачова будзе прымаць міністар юстыцыі Польшчы.
Дзьмітрыю Плескачову 28 гадоў. Ён паходзіць з маленькага горада Чавусы пад Магілёвам. У 2018 годзе паехаў у Польшчу на заробкі, але ў пачатку 2020 году вярнуўся жыць у Беларусь. Улетку 2020 году далучыўся да пратэстаў. Кажа, што так упершыню праявіў актыўную грамадзкую пазыцыю. Быў на акцыі пратэсту ў Чавусах, потым у Берасьці. Стварыў зь сябрамі і адміністраваў чат «97% Chausy». Калі пачалі затрымліваць людзей, якія ведалі, што ён адмініструе пратэставы чат, Дзьмітры пакінуў Беларусь. Гэта было 5 верасьня 2020 году.
Цяпер Дзьмітры Плескачоў жыве ў Познані. Мае свой бізнэс, валодае некалькімі касмэталягічнымі кабінэтамі. У канцы верасьня 2020 году да ягоных бацькоў у Чавусах прыйшлі міліцыянты, шукалі яго. Потым прадстаўнікі розных сілавых структураў прыходзілі яшчэ некалькі разоў, праводзілі ператрус і размовы з бацькамі. Супрацоўнікі КДБ тэлефанавалі Дзьмітрыю з тэлефона блізкіх. Пасьля гэтага Дзьмітры падаў у Польшчы дакумэнты на міжнародную абарону.
У сьнежні 2021 году яму адмовілі ўстатусе ўцекача, бо не хапала доказаў, што ён знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі ці што на яго завялі крымінальную справу. Аднак Польшча дала Дзьмітрыю дадатковую абарону.
У жніўні 2024 году Дзьмітрыю прыслалі ліст з Чавускага аддзелу ўнутраных спраў з прапановай зьвярнуца ў «камісію па вяртаньні». У запрашэньні «пакаяцца» пералічылі 8 крымінальных артыкулаў у дачыненьні яго: за «распальваньне варожасьці», «масавыя беспарадкі», «арганізацыю дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак», «заклік да санкцыяў», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», «паклёп на Лукашэнку», «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады». У чым канкрэтна сутнасьць прэтэнзій, Дзьмітры ня ведае.
У кастрычніку Дзьмітры атрымаў позву з познаньскай пракуратуры, у якой паведамлялася, што яго падазраюць у Беларусі паводле крымінальных артыкулаў 130, 293, 342 «і іншых». Там адзначылі, што справа датычыць «заявы аб эстрадыцыі зь беларускага боку». Пасьля размовы ў пракуратуры 24 кастрычніка прызначылі дату суду, які павінен быў вырашыць, ці задавольваць запыт беларускіх уладаў аб экстрадыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем артыкулаў. Беларуса, якога перасьледуюць на радзіме, выклікалі ў польскую пракуратуру