Як расейскія вайскоўцы стварылі ў Нароўлі фільтрацыйны лягер на пачатку вайны

Журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру сумесна зь Беларускай службай Радыё Свабода і праектам «Схемы» Ўкраінскай службы пры падтрымцы The Reckoning Project і «Кібэрпартызанаў» вызначылі месцазнаходжаньне расейскага фільтрацыйнага лягера на тэрыторыі Беларусі. Ён разьмяшчаўся ў горадзе Нароўля, што за 40 кілямэтраў ад украінскай мяжы, і дзейнічаў на пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Празь яго праходзілі як украінскія вайскоўцы, так і цывільныя, якіх падазравалі ў працы на ўкраінскія спэцслужбы. Экспэртка каардынацыйнай групы па вызваленьні палонных Генэральнага штабу Узброеных сілаў Украіны Ірына Баданава назвала гэты лягер адным з самых жорсткіх у стаўленьні да палонных.

Існаваньне такога лягера падчас расьсьледаваньня пацьвердзілі сьведкі падзей, а таксама атрыманыя Свабодай спадарожнікавыя здымкі сэрвісу Planet Labs, на якіх відаць тыя ж самыя будынкі і аб’екты, што і на апублікаваных прапагандысцкіх відэа з украінскімі ваеннапалоннымі.

Горад-хаб для расейскіх вайскоўцаў

На пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Нароўля — горад у Гомельскай вобласьці — ператварылася фактычна ў хаб для расейскіх вайскоўцаў. У красавіку 2022 году пра вялікую іх колькасьць у розных пунктах гораду, а таксама тэхніку зь літарамі Z і V Свабодзе паведамлялі мясцовыя жыхары.

«Усюды — у крамах, на рынку, у барах, рэстаранах — іх можна сустрэць, прычым натоўпамі ходзяць», — казаў мясцовы жыхар.

На спадарожнікавых здымках, зробленых у красавіку 2022 году, расьсьледнікі налічылі каля 200 адзінак рознага тыпу вайсковай тэхнікі адразу ў некалькі месцах гораду. Уся яна, паводле дадзеных кадастравага рэестру, знаходзілася на тэрыторыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў.

Спадарожнікавы здымак усходняй часткі гораду Нароўлі, 14 красавіка 2024 году. Відаць расейская вайсковая тэхніка і намёты на тэрыторыі трох дзяржаўных прадпрыемстваў.

У паўднёва-заходняй частцы гораду на тэрыторыі паркоўкі Нараўлянскага дзяржаўнага каледжу прыкладна 22 лютага расейскія вайскоўцы разгарнулі вялікі палявы шпіталь . Ён праіснаваў да канца сакавіка.

Цераз дарогу ад яго — на тэрыторыі філіялу аўтобуснага парку № 2 дзяржпрадпрыемства «Гомельаблаўтатранс» — па зьвестках мясцовых людзей, стаяла расейская вайсковая тэхніка.

Відаць яна і на спадарожнікавых здымках Planet Labs за красавік 2022 году — ва ўсходняй частцы Нароўлі, на тэрыторыі дзяржаўнага прадпрыемства «Нараўлянская перасоўная мэханізаваная калёна № 107».

Пункт непадалёк, але бліжэй да цэнтру гораду, — тэрыторыя, якая належыць, згодна з кадастрам, дзяржаўнаму прадпрыемству «Нараўлянскае спажывецкае таварыства».

Яшчэ адзін пункт — бліжэй да ракі Прыпяць, на вуліцы Камсамольскай. Гэта тэрыторыя прадпрыемства «Прыпяцкі альянс», якое ўваходзіць у структуру Белкаапсаюзу, а той, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца Савету міністраў Рэспублікі Беларусь.

Менавіта на гэтай тэрыторыі, як паказаў аналіз спадарожнікавых фота і прапагандысцкіх відэа, знаходзіўся фільтрацыйны лягер, куды расейскія вайскоўцы прывозілі ўкраінскіх ваеннапалонных.

Супастаўленьне скрыншотаў расейскіх прапагандысцкіх відэа са спадарожнікавым здымкам паўночна-ўсходняй часткі Нароўлі па стане на 14 красавіка 2022 года.

Журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру пазванілі ў «Прыпяцкі альянс». Дырэктарка прадпрыемства Зінаіда Міруценка параіла зьвярнуцца з пытаньнямі ў выканкам. Кіраўнік Нараўлянскага выканкама Уладзімер Антоненка – былы вайсковец са службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі. У адказ на званок ён сказаў, што журналісты не туды трапілі.

Меркаваны фільтрацыйны лягер у Нароўлі. Тэрыторыя прадпрыемства «Прыпяцкі альянс». Скрыншот зь відэа РИА Новости.

Сьведкі, якія прайшлі фільтрацыю ў Нароўлі

Журналісты выявілі некалькі чалавек, якія прайшлі фільтрацыю ў Нароўлі. У гэтым дапамаглі відэазапісы з экшн-камэры GoPro аднаго з расейскіх вайскоўцаў, а таксама сюжэты расейскіх прапагандысцкіх СМІ.

Камэру расейскага салдата зь відэазапісамі на ёй знайшлі на тэрыторыі Кіеўскай вобласьці. Адзін зь першых запісаў паказвае рух калёны вайскоўцаў у невядомым месцы, ён быў зроблены 24 лютага 2022 году. Наступныя кадры паказваюць рух гэтай жа калёны ўжо па тэрыторыі Ўкраіны: ад беларускага памежнага гораду Камарын Гомельскай вобласьці праз Чарнобыльскую зону і далей да Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.

20 сакавіка 2022 году камэра вайскоўца зафіксавала штурм украінскага тылавога каманднага пункту і захоп у палон вайсковых сувязістаў пад Мікалаеўкай, у прыгарадзе Кіева. У той жа дзень палонных вайскоўцаў вывезьлі ў фільтрацыйны пункт у Нароўлі. Праз два дні некаторых зь іх паказалі па расейскім тэлебачаньні. Пра тое, што іх утрымлівалі ў Беларусі, у сюжэце не сказалі.

Журналісты выявілі некалькі гэтых палонных. Яны пацьвердзілі інфармацыю пра сваё ўтрыманьне ў Нароўлі.

Зьлева – вайсковая сувязістка Аляксандра Цыпук на скрыншоце з экшн-камэры расейскага вайскоўца падчас захопу ўкраінскага тылавога каманднага пункту. У сярэдзіне – яна ж у лягеры ў Нароўлі. Справа – фота Аляксандры на расейскім сайце са зьвесткамі пра ўкраінскіх ваеннапалонных.

Расьсьледаваньне паказала, што ў лягеры маглі прывозіць і цывільных асобаў, і нават непаўналетніх дзяцей.

Двух сыноў жыхаркі ўкраінскай вёскі Аранае Ларысы Ягадзінскай у канцы сакавіка 2022 году схапілі і вывезьлі ў Беларусь расейскія вайскоўцы. І калі малодшага Ўладзіслава — на той час непаўналетняга — удалося вярнуць дадому з Мазырскага дзіцячага дому, то старэйшага павезьлі далей — на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Са словаў маці, ён дагэтуль у палоне.

«Сказалі, што [сыны] дывэрсанты, і забралі іх, вывезьлі ў Чарнобыль. Там аказалася, што яны іх білі, і ўжо, як потым [малодшы сын] Слава расказаў, [старэйшаму], хутчэй за ўсё, яны паламалі нават рэбры, яны бітай моцна яго білі. Ён старэйшы. Славу таксама моцна білі», — расказала жанчына ўкраінскім журналістам з праекту Slidstvo.info.

Расьсьледнікам удалося пагутарыць зь яе сынам Уладзіславам Ягадзінскім. Той расказаў, што расейскія вайскоўцы вывезьлі яго з братам у аўтазаку на тэрыторыю Беларусі: «Там былі памежнікі, і я ў іх спытаў [дзе мы знаходзімся]. І яны сказалі: „Беларусь, Нароўля“».

Украінскія вайскоўцы ў меркаваным фільтрацыйным лягеры ў Нароўлі. Скрыншот зь відэа расейскага тэлеканала НТВ.

Адзін з палонных украінскіх вайскоўцаў, Багдан Лысенка, трапіў на кадры прапагандысцкага канала НТВ, дзе яго нясуць параненага на насілках. Гэтае месца ён апісваў так:

«Нароўля — гэта была такая прапагандысцкая карцінка, што мы такія тыпу чалавечныя... але ніхто ж не паказвае зь іхных, як там дапытвалі цывільных. А цывільных там зьбівалі дай Божа... Гэта значыць, там заўсёды былі чуваць крыкі. Я ж кажу, гэты нават вайсковец заходзіў, кажа: „Ну, з вамі прыемна працаваць, вы ўсё расказваеце. Ня тое што гэтыя цывільныя“».

Зьлева — скрыншот відэа расейскай прапаганды з параненым украінскім вайскоўцам Багданам Лысенкам у Нароўлі. Справа — Багдан Лысенка ў Кіеве цяпер.

Пра тое, што і вайсковых, і цывільных асобаў маглі катаваць у лягеры ў Нароўлі, нам расказала юрыстка і дакумэнтатарка вайсковых злачынстваў украінскай праваабарончай групы «СІЧ» Юлія Палёхіна:

«У мяне ёсьць кліентка — гэта маці маладога хлопца, 24 гады яму, які быў затрыманы ў сакавіку 2022 году вайскоўцамі Расейскай Фэдэрацыі. Яго затрымалі разам з бацькам у горадзе Гастомель, гэта Кіеўская вобласьць, і ён быў сілай дэпартаваны ў горад Нароўля, Беларусь, дзе іх абодвух утрымлівалі ў фільтрацыйным лягеры. Бацька сьведчыць, што іх там катавалі».

Меркаваны фільтрацыйны лягер у Нароўлі. Скрыншот зь відэа расейскага тэлеканала НТВ.

Журналіст украінскай рэдакцыі Радыё Свабода Зьміцер Джулай, які спэцыялізуецца на расьсьледаваньні вайсковых злачынстваў, кажа, што палонныя, якіх вывозілі з Кіеўшчыны ў 2022-м, у большасьці выпадкаў спачатку траплялі на тэрыторыю Беларусі. Пра гэта ж у ліпені 2022 году расказала экспэртка каардынацыйнай групы па вызваленьні палонных Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Ірына Баданава ў інтэрвію тэлерадыёкампаніі «Суспільне Дніпро»:

«Нароўля ў Беларусі — там знаходзіўся і, магчыма, знаходзіцца фільтрацыйны лягер, дзе найбольшы зьдзек адбываецца над цывільнымі закладнікамі. І я ўпэўнена, што Беларусь таксама будзе прыцягнутая да адказнасьці».

Адказнасьць беларускага рэжыму

Паводле ацэнкі юрыстаў украінска-амэрыканскай арганізацыі The Reckoning Project, дзеяньні расейскіх вайскоўцаў, якія вывозілі ў Нароўлю цывільнае насельніцтва, у тым ліку непаўналетніх, могуць сьведчыць аб парушэньні палажэньняў Жэнэўскай канвэнцыі.

«Забарона прымусовага перамяшчэньня зьмяшчаецца ў артыкуле 49 IV Жэнэўскай канвэнцыі. IV Жэнэўская канвэнцыя — гэта канвэнцыя, якая распаўсюджваецца на цывільных асоб. Незаконная дэпартацыя або прымусовае перамяшчэньне зьяўляецца міжнародным злачынствам», — сказаў у камэнтары БРЦ экспэрт The Reckoning Project.

Меркаваны фільтрацыйны лягер у Нароўлі. Скрыншот з расейскага Z-канала.

«Цывільныя і вайсковыя палонныя ня могуць знаходзіцца ў адным лягеры. Гэта дадатковае, асобнае злачынства, калі вы ўтрымліваеце цывільных і вайскоўцаў у адным месцы. І ў адрозьненьне ад ваеннапалонных, якіх можна перамяшчаць на тэрыторыі іншай дзяржавы, цывільных асоб з акупаваных тэрыторый вывозіць нельга. За выключэньнем, калі гэта трэба для іх бясьпекі, у выпадку стыхійных бедзтваў ці нешта падобнае (...), — патлумачыла Свабодзе экспэртка ў галіне міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дзяйкала. — І сам факт дэпартацыі мірнага насельніцтва з акупаваных тэрыторый — гэта таксама асобнае ваеннае злачынства. І тым больш калі там былі дзеці. (...) Іх можна вывезьці толькі ў тых выпадках, калі ім неабходна мэдычная дапамога, са згоды афіцыйных прадстаўнікоў ці бацькоў. Таму самі факты вывазу будуць лічыцца ваеннымі злачынствамі».

Кацярына Дзяйкала дадае, што Беларусь мае абавязаньні выконваць правы чалавека. То бок у дачыненьні да ўсіх асобаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзяржава мусіць забясьпечваць выкананьне правоў чалавека.

Паводле слоў юрысткі і дакумэнтатаркі вайсковых злачынстваў украінскай праваабарончай групы «СІЧ» Юліі Палёхінай, адказнасьць за арганізацыю фільтрацыйнага лягера на тэрыторыі Беларусі павінен панесьці Аляксандар Лукашэнка: «Гэтыя фільтрацыйныя лягеры ня могуць стварацца без упаўнаважаных дзяржаўных асоб, якія павінны даць на гэта згоду. І калі людзей б’юць, катуюць, не аказваюць мэддапамогі — гэта ваеннае злачынства. І гэта ня можа адбывацца бяз згоды ўладаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая вайсковая брыгада, узброеная «Іскандэрамі», падобна, фармуецца ў Беларусі. Спадарожнікавыя здымкі