У Малдове на час расейскага ўдару па Ўкраіне спынялі дзейнасьць памежных пунктаў пропуску

Лініі электраперадач у адным з рэгіёнаў Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Расея атакавала найбольшую ў Эўропе Днястроўскую ГЭС, якая знаходзіцца на мяжы з Малдовай.

У Памежнай службе Малдовы паведамілі, што патрулі, якія працуюць на трох пунктах пропуску на мяжы з Украінай, чулі некалькі выбухаў.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, пункты пропуску праз паветраную трывогу вымушаныя былі спыніць сваю дзейнасьць з 08:05 да 09:20.

«Паводле зьвестак украінскіх уладаў, была атакаваная гідраэлектрастанцыя ў Новаднястроўску», — паведамілі ў памежнай службе Малдовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея запусьціла па Ўкраіне 97 дронаў і 91 ракету: больш за мільён украінцаў засталіся без электраэнэргіі

Расея раніцай 28 лістапада атакавала Ўкраіну 97 дронамі і 91 ракетай. У выніку больш за мільён украінцаў засталіся без электраэнэргіі. Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што галоўнай мішэньню стала энэргетыка.

У Новаднястроўску Чарнавецкай вобласьці знаходзіцца найбольшая ў Эўропе Днястроўская гідраэлектрастанцыя. Сёлета ў сакавіку расейцы ўжо абстрэльвалі гэтую станцыю. Тады ўкраінцы зьбілі расейскія ракеты яшчэ на падлёце да станцыі, але ад выбуховай хвалі пацярпела адміністрацыйнае памяшканьне, а аскепкі ракет пашкодзілі водаправод, разьмешчаны недалёка ад дамбы.

Днястроўская ГЭС знаходзіцца на мяжы Чарнавецкай і Віньніцкай абласьцей недалёка ад Малдовы, а рака Днестар, на якой пабудаваная дамба, праходзіць па ўкраінска-малдоўскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год таму ва Ўкраіне разбурылі Кахоўскую ГЭС. Як цяпер жывуць пацярпелыя раёны. ФОТА, ВІДЭА