Ад 60 да 100 тысяч забітымі. The Economist ацаніў страты Ўзброеных сіл Украіны ў вайне з Расеяй

Могілкі ў Львове, дзе пахаваныя загінулыя ўкраінскія вайскоўцы

Украінскія ўзброеныя сілы маглі за амаль тры гады поўнамаштабнай вайны з Расеяй страціць забітымі ад 60 да 100 тысяч вайскоўцаў. Пра гэта, спасылаючыся на зьвесткі заходняй выведкі, чыноўнікаў адміністрацыі ЗША і інфармацыю з адкрытых крыніц, піша брытанскі часопіс The Economist.

Яшчэ каля 400 тысяч украінскіх вайскоўцаў, паводле ацэнак The Economist, маглі атрымаць раненьні, пасьля якіх ужо ня могуць вярнуцца да службы. Колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва выданьне ацэньвае ў дзясяткі тысяч чалавек, падкрэсьліваючы, што інфармацыі пра загінулых мірных жыхароў яшчэ менш, чым пра вайскоўцаў.

60 тысяч загінулых — гэта прыкладна 0,5% мужчын ва ўзросьце ад 18 да 49 гадоў, якія жылі ва Ўкраіне да вайны, то бок у гэтай узроставай групе, калі лічбы дакладныя, загінуў адзін з двухсот чалавек. «Калі выказаць здагадку, што на кожнага загінулага ў баі прыходзіцца 6–8 цяжкапараненых, дык амаль кожны 20-ы мужчына прызыўнога ўзросту загінуў або атрымаў занадта цяжкія раненьні, каб працягваць ваяваць», — піша The Economist.

Адна з крыніцаў, на якія абапіраўся часопіс у сваёй ацэнцы, — сайт UAlosses, на якім падлічваюць украінскія страты паводле адкрытых крыніцаў. Паводле зьвестак сайту, з 2022 году ва Ўкраіне загінулі сама меней 60 435 украінскіх вайскоўцаў. Гаворка не ідзе пра афіцыйныя лічбы, бо Міністэрства абароны Ўкраіны, як і Міністэрства абароны Расеі, афіцыйных зьвестак пра страты сярод вайскоўцаў не падае.

Усьлед за іншымі заходнімі СМІ, якія таксама спасылаюцца на зьвесткі выведкі, The Economist ацэньвае страты Расеі ў вайне як больш высокія, чым страты Ўкраіны. Паводле зьвестак выданьня, Расея страціла каля 200 тысяч вайскоўцаў забітымі. Журналісты «Медиазоны» і рускай службы ВВС паводле адкрытых крыніцаў вызначылі імёны больш як 70 тысяч загінулых расейскіх вайскоўцаў.

Журналісты The Economist акцэнтуюць увагу на тым, што колькасьць загінулых у баях у абедзьвюх краінах набліжаецца да стратаў ЗША ў Другой сусьветнай вайне, а страты Расеі вышэйшыя, чым панесеныя ёю (відавочна, уключаючы іншыя былыя рэспублікі Савецкага Саюзу) ва ўсіх збройных канфліктах з 1945 году, разам узятых.

Заходнія афіцыйныя асобы раней ацэньвалі агульныя страты Расеі і Ўкраіны ў сотні тысяч забітымі і параненымі. Пры гэтым агульная думка заключаецца ў тым, што расейскія страты крыху вышэйшыя.

Расея і Ўкраіна практычна не даюць агульнай інфармацыі пра свае страты ў вайне (выключэньнем стаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які ў лютым 2024 году заявіў, што за час поўнамаштабнага ўварваньня Расеі загінулі 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў) і прыводзяць непацьверджаныя зьвесткі пра страты праціўніка. Генштаб Узброеных сіл Украіны ацэньвае расейскія страты забітымі і параненымі ў 735 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траціна жыхароў пакінулі свае дамы, тысячы загінулых цывільных: 1000 дзён вайны ва Ўкраіне ў лічбах