«Мы асуджаем несправядлівы прысуд журналістцы RFE/RL Ніцы Новак у Расеі, — гаворыцца ў заяве Капуса. — Гэтыя палітычна матываваныя абвінавачваньні накіраваныя на прыгнечаньне незалежных рэпартэраў і аказаньне на іх ціску. Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня Нікі і вяртаньні яе да сям’і».
У сібірскім горадзе Чыта суд пакараў журналістку Ніку Новак 4 гадамі пазбаўленьня волі, прызнаўшы яе вінаватай у «супрацоўніцтве з замежнай арганізацыяй на канфідэнцыйнай аснове», паведамляе праект Радыё Свабода «Сибирь.Реалии» са спасылкай на крыніцы, знаёмыя са справай.
Ніку Новак затрымалі ў 2023 годзе ў Маскве, але ўвосень 2024 году этапавалі ў Забайкальле, дзе суд праходзіў у закрытым рэжыме. Раней паведамлялася, што справа Новак мае грыф сакрэтнасьці, а дэталі працэсу і абвінавачаньні не выдаюцца.
Ніка Новак працавала ў выданьні ChitaMedia, пасьля была галоўным рэдактарам сайта Zab.ru. З 2021 году яна кіравала цэнтрам «Адораныя» ў Чыце, дзе праводзіліся музычныя і паэтычныя вечарыны. З 2022 году яна супрацоўнічала з Радыё Свабода як пазаштатны карэспандэнт.
Праект праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» «Падтрымка палітвязняў» прызнаў Ніку Новак палітычнай зьняволенай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі РФ унесла Радыё Свабода ў рэестар непажаданых арганізацый ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бішкеку суд спыніў дзейнасьць кіргіскай службы Радыё Свабода