Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу вынесе на канчатковае зацьвярджэньне перад урадам праект дамовы аб спыненьні агню зь Лібанам. Пра гэта ён заявіў падчас спэцыяльнага звароту 26 лістапада, паведамляе The Times of Israel.
Ізраільскае войска праводзіць у Лібане ваенную апэрацыю супраць радыкальнага руху «Хэзбала». «Хэзбала» — гэта і ваенізаваная групоўка, і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану.
У сваім звароце Нэтаньягу адзначыў, што ізраільскае войска мае патрэбу ў перадышцы і яму неабходна засяродзіцца на барацьбе з пагрозай з боку Ірану.
Паводле Нэтаньягу, любыя спробы радыкальнай групоўкі «Хэзбала» пераўзброіцца будуць парушэньнем пагадненьня, і ў гэтым выпадку Ізраіль «жорстка адрэагуе». Нэтаньягу дадаў, што, калі «Хэзбала» парушыць пагадненьне, Ізраіль нанясе ўдар.
«Добрая ўгода — гэта тая, якая выконваецца, і мы будзем яе выконваць», — перадае словы Нэтаньягу The Times of Israel.
«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Злучаных Штатах, у той час як Эўразьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Палітычная партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану.
Таксама прэм'ер-міністар Ізраілю заявіў, што пасьля больш як году баявых дзеяньняў «гэта ўжо ня тая «Хэзбала», а ізраільскія вайскоўцы адправілі групоўку «на дзесяцігодзьдзі таму».
Як піша агенцтва Reuters, ізраільская тэлевізія паведаміла, што вайсковы кабінэт Ізраілю раней ухваліў пагадненьне па спыненьні агню.
Міністар нацыянальнай бясьпекі Ізраілб Ітамар Бэн-Гвір заявіў, што выступіць супраць пагадненьня аб спыненьні агню з «Хэзбалой», назваўшы яго «гістарычнай памылкай». «Гэта не перамір’е. Гэта вяртаньне да канцэпцыі „цішыня ў абмен на цішыню“, і мы ўжо бачылі, да чаго гэта прывядзе», — напісаў Бэн-Гвір у сацсетцы X.
Раней міністры замежных спраў краін G7 узмацнілі ціск на Ізраіль, патрабуючы ад яго прыняць пагадненьне аб спыненьні агню, заявіўшы, што «цяпер настаў час заключыць дыпляматычнае пагадненьне», піша Reuters.
Паводле ранейшых паведамленьняў, плян перамір’я прадугледжвае спыненьне агню з абодвух бакоў на 60 дзён. За гэты час Ізраіль павінен вывесьці войскі з паўднёвага Лібану, перадаўшы кантроль над прымежнымі абласьцямі лібанскай урадавай арміі, а «Хэзбала» павінна адвесьці свае цяжкія ўзбраеньні на поўнач ад ракі Літані. ЗША павінны кантраляваць ход выкананьня мірнага пляна і даць Ізраілю гарантыі сваёй падтрымкі, у выпадку, калі «Хэзбала» будзе парушаць перамір’е.
- Абвастрэньне канфлікту паміж Ізраілем і «Хэзбалой», якія варагуюць ужо дзесяцігодзьдзі, пачалося ў кастрычніку 2023 году, пасьля пачатку вайны ў сэктары Газа. «Хэзбала» карыстаецца значным уплывам у Лібане, які мяжуе з Ізраілем на поўдні. Групоўка выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
- Асабліва абвастрылася сытуацыя ў верасьні, калі ў Лібане на працягу двух дзён выбухалі сродкі сувязі, якія належалі ўдзельнікам «Хэзбалы». Паводле крыніц Reuters, у выніку гэтых нападаў каля 1500 баевікоў «Хэзбалы» атрымалі цяжкія раненьні — шмат хто страціў зрок або верхнія канцавіны. Загінулі дзясяткі людзей, сярод якіх былі і мірныя жыхары. Ізраіль афіцыйна ня ўзяў на сябе адказнасьці за выбухі.
- Як адзначаюць СМІ, нават аднаразовая страта паўтары тысячы чалавек, аднак, ня стала фатальным ударам для «Хэзбалы», у шэрагах якой, паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, каля 50 тысяч узброеных байцоў.
- Канфлікт у Газе ўсё яшчэ працягваецца, у той час як Ізраіль цяпер таксама ваюе на другім фронце на поўдні Лібану супраць «Хэзбалы». Ізраіль рэгулярна наносіць авіяўдары па ўсім Лібане, уключаючы Бэйрут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Ізраілю прыняў закон аб дэпартацыі сваякоў палестынскіх нападнікаў