«Гісторыя на Свабодзе». Народ «літва» прыйшоў на славянскія землі, ні ў кога не спытаўшы дазволу, — Аляксандар Груша

Фотакаляж. Аляксандар Груша

Ці ўсё мы ведаем пра працэс стварэньня Вялікага Княства Літоўскага? Як Полацак трапіў пад кантроль Вільні? Пра гэта і пра іншае мы гаворым з доктарам гістарычных навук, былым дырэктарам акадэмічнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Аляксандрам Грушам.

0:00 – як беларускія землі ўвайшлі ў ВКЛ

8:49 – ці пыталася «літва» дазволу ў некага, калі прыйшла на землі будучай Беларусі

10:24 – чаму не захаваліся зьвесткі пра паходы «літвы» менавіта ў Беларусь

14:15 – дык ці захапіла «літва» землі будучай Беларусі

17:15 – калі закончылася дынастыя Рагвалодавічаў

20:37 – якія зьвесткі захаваліся пра славянскіх князёў Панямоньня

21:38 – чаму Гедзімін называў сябе каралём літвіноў і русінаў, а не каралём «літвы»

25:18 – ці ня сьведчыць тытул Гедзіміна пра тое, што ўжо ў XIV стагодзьдзі вялікія князі прызнавалі дуалістычны характар ВКЛ

26:12 – чаму князі літоўскай дынастыі хрысьціліся ў беларускіх гарадах

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Аляксандрам Грушам:

— Гэтай восеньню мы вырашылі задаваць гісторыкам пытаньні, якія ставяць у форуме на нашым ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» гледачы. Там літаральна тысячы і тысячы камэнтароў. Так што наша гутарка — па матывах дыскусій гледачоў. Першае пытаньне такое. Ці ўсё мы ведаем аб працэсе стварэньня Вялікага Княства Літоўскага? Як у яго ўвайшлі сучасныя беларускія землі? У гісторыкаў часам можна прачытаць, што адносіны паміж Полацкам і літвой не да канца зразумелыя, што палачане разам зь літвой хадзілі на поўнач і на ўсход, а вось напады на славянскія княствы на тэрыторыі сучаснай Беларусі нібыта не фіксуюцца.

— Адразу скажу, што тэма ўтварэньня той або іншай дзяржавы вельмі цікавая і вельмі цяжкая. І гэта таму, што яна ня толькі палітычная. Тут ёсьць і сацыяльны, і ідэалягічны, і культурны аспэкты. Проста так адказаць на пытаньне, як узьнікла Вялікае Княства Літоўскае, як у склад гэтага дзяржаўнага ўтварэньня ўвайшлі беларускія землі, а таксама ўкраінскія і нават часткова сучасныя расейскія, у двух словах, безумоўна, немагчыма.

Наогул праблеме ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага прысьвечаныя кнігі. Карыстаючыся выпадкам, хачу згадаць кнігу польскага гісторыка Генрыка Лаўмяньскага, якая выйшла яшчэ ў пачатку 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Яна прысьвечаная пачатку дзяржаўнасьці літоўцаў і, на мой погляд, ня страціла сваёй навуковай каштоўнасьці.

Хоць гэтае пытаньне мае шмат аспэктаў, але я разумею вастрыню дыскусій і таму зьвярнуся да самага галоўнага, што хочуць пачуць вашы гледачы, — якая роля продкаў беларусаў у стварэньні Вялікага Княства Літоўскага.

Мой адказ такі. На маю думку, палітычная воля і той палітычны рывок, які прывёў да стварэньня Вялікага Княства Літоўскага... Адначасова хачу сказаць, што назва ВКЛ для гэтай дзяржавы адносна XII–XIV і часткова XV стагодзьдзяў чыста ўмоўная — у той час гэтая дзяржава так не называлася, мы называем яе так, бо яна пад такой назвай найбольш вядомая гледачам. Дык вось хачу сказаць, што палітычная воля і палітычны рывок належаць пераважна, калі не выключна, менавіта таму народу, які ў XIII стагодзьдзі называўся «літва».

Гэты быў асобны народ, гэты народ маліўся сваім уласным багам... Дарэчы, зьвярну ўвагу на гэты аспэкт, на ім важна кожны раз акцэнтаваць увагу, бо для архаічных, традыцыйных грамадзтваў культ вельмі важны, бо ён зьяўляецца і асновай ідэнтычнасьці, і асновай ідэалёгіі, і асновай культуры. Дык вось, захаваліся два паведамленьні, якія паходзяць з Іпацьеўскага летапісу, дзе прама ўказаныя тыя боствы, у гонар якіх «літва» адзначала сьвяты, у якіх яна прасіла дапамогі, якім яна дзякавала за свае перамогі. Названыя нават імёны: Андай, Целявель, Дыверыкс («заечы бог»), Мейдзейн. Прычым яны названыя двойчы, хачу акцэнтаваць на гэтым увагу. І гэты пантэон, як мы бачым, адрозьніваецца ад таго пантэону багоў, якія мы ведаем ад пачатковага летапісу і са «Слова пра паход Ігара» — там няма Перуна, ні Вялеса, ні Даждзьбога, ні іншых вядомых багоў.

Гэты народ гаварыў на іншай мове. Аб гэтым таксама ёсьць дакладныя старажытныя сьведчаньні, з таго ж Іпацьеўскага летапісу, дзе сказана, што яны «па-свойску рэкучыя».

Яны прыйшлі на землі будучай Беларусі (хоць у дадзеным выпадку можна казаць і проста Беларусі, бяз «будучай»), не спытаўшы ў мясцовых эліт, ні ў мясцовага насельніцтва, ці хочуць тыя бачыць «літву» на сваіх землях. Яны прыйшлі самі, яны ўсталявалі вярхоўную ўладу. І гэтую ўладу ўтрымлівалі прадстаўнікі літоўскай дынастыі і іх найбліжэйшага атачэньня, літоўцы паводле сваёй этнічнай прыналежнасьці, аж да сярэдзіны XVI стагодзьдзя.

Гэты народ вельмі лёгка пазнаецца ў крыніцах. Калі мы нават закрыем рукой тыя радкі, якія прысьвечаныя актыўнасьці «літвы» ў XIII ці XIV стагодзьдзях, то нават у гэтым выпадку пазнаем гэты народ па нейкім аграмадным выкідзе энэргіі. Гэтая энэргія праяўлялася ў тым, што рабілі шматлікія паходы. Гэтыя паходы складаліся з масы ўдзельнікаў, яны былі на далёкія адлегласьці. Калі паглядзім на сьведчаньні Наўгародзкага летапісу, куды дабіралася «літва» ў сваіх грабежніцкіх паходах, то гэта і Таржок, і Руса, і іншыя гарады на адлегласьці 500–800 кілямэтраў.

Глядзіце, якая актыўнасьць і якая матываванасьць, пры тым, што гэта ваенныя, грабежніцкія паходы, зьвязаныя зь вялізнай рызыкай. Але, тым ня менш, яны зьбіралі рызыкоўных людзей з мэтай рабунку, каб прывезьці пасьля нарабаванае дадому — як правіла, гэта коні, скаціна, людзі, пераважна жанчыны і дзеці (мужчын у палон ня бралі, бо яны маглі аказаць супраціў). Пры дапамозе тых жанчын і дзяцей арганізоўвалі уласную гаспадарку або прадавалі іх на рынку рабоў.

Вось такой энэргіі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага мы не заўважаем ні ў кога з тых, хто насяляў тыя межы. Толькі хіба што Ноўгарад на поўначы і Галіцка-Валынская Русь на поўдні.

Так што народ «літва» лёгка пазнаць. Больш за тое. Нават калі б мы ня ведалі, ува што выліліся вынікі тых грабежніцкіх паходаў на суседнія землі ў другой палове XIII стагодзьдзя і ў XIV стагодзьдзі, то маглі б здагадацца, што гэты народ, які яшчэ ня меў дзяржаўнасьці, мог стварыць нейкія палітычныя структуры. І гэты народ сапраўды стварыў дадзеныя палітычныя структуры.

Але трэба мець на ўвазе такі момант. Калі «літва» прыйшла ў першую чаргу на землі Беларусі, яна ўжо мела сваю дзяржаўнасьць. А маючы сваю дзяржаўнасьць, яна павінна была на новых тэрыторыях заваяваць легітымнасьць — гэта значыць, даказаць нейкім чынам права на ажыцьцяўленьне ўлады на гэтых тэрыторыях. Гэта можна было зрабіць толькі пры існаваньні пэўнага балянсу сацыяльных і палітычных сіл паміж мясцовымі элітамі і тымі элітамі, якія прадстаўлялі «літву».

Калі гаварыць, што ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў першае стагодзьдзе яго існаваньня ўвайшлі розныя рэгіёны Беларусі, то яны вельмі моцна адрозьніваліся. Адна справа Полацак і Віцебск — гэта моцныя, зьнітаваныя групы баяр і мяшчан, якія былі занятыя гандлем або мелі іншыя крыніцы даходу. І іншая справа — верхняе Панямоньне. Як бы мы ні ўзносілі Наваградак або Слонім, Ваўкавыск ці Горадню, я лічу, што роля гэтых гарадоў і мясцовых эліт у стварэньні Вялікага Княства Літоўскага была дастаткова пасіўнаю.

Іншая справа Полацак, дзе, як я ўжо сказаў, існавалі моцныя, зьнітаваныя супольнасьці, якія маглі нейкім чынам дамовіцца з новай і дастаткова ваяўнічай уладай.

Калі ж гаварыць пра канкрэтныя паходы, то насамрэч такіх сьведчаньняў няшмат. Ёсьць указаньне, якое адносіцца да 1198 году, калі палачане і «літва» хадзілі на Наўгародзкую зямлю. У адказ наўгародзкі князь арганізаваў паход на Полацак, але палачане здолелі зь ім дамовіцца.

Наступная згадка пра сумесную дзейнасьць «літвы» і палачан адносіцца да 1258 году. І калі ў 1198 годзе на першым месцы названыя палачане, а не «літва», то ў 1258 годзе названыя «літва» і палачане. Так што калі меркаваць па парадку разьмяшчэньня, то натхняльнікам і арганізатарам паходу 1258 году была менавіта «літва», хутчэй за ўсё нехта зь літоўскіх князёў, магчыма нават князь Таўцівіл.

Калі мы гаворым пра «літву» і яе паходы, пра выкід гэтай магутнай энэргіі — і не знаходзім крыніц аб тым, што гэтыя моцныя грабежніцкія паходы тычыліся тэрыторыі Беларусі, то трэба зьвярнуць увагу вось на які момант. Зь якіх крыніц мы ведаем пра тыя паходы? Мы ведаем пра іх з наўгародзкіх і пскоўскіх летапісаў, з Галіцка-Валынскага летапісу, гэта значыць зь мясцовага летапісаньня. А мясцовае летапісаньне заўсёды канцэнтруе ўвагу на тым, што адбываецца менавіта на тых землях. Таму ў Наўгародзкім летапісе мы ня знойдзем нічога аб тым, што адбывалася ніжэй, на поўдні, у раёне Панямоньня або на тэрыторыі Валыні. І тое самае можна сказаць адносна Галіцка-Валынскага летапісу.

Калі б існавала мясцовае летапісаньне ў Панямоньні, калі б да нас дайшоў Полацкі летапіс, магчыма, там была б пэўная колькасьць сьведчаньняў пра паходы «літвы» на тэрыторыі Полацку і Віцебску.

Справа ў тым, што калі гаварыць пра гэтыя маладыя і энэргічныя народы, то «літва» не зьяўляецца ўнікальным выпадкам. Усе народы, якія валодалі патэнцыялам дзяржаўнага ўтварэньня, пачыналі сваю гісторыю менавіта такім чынам. Такія народы, калі выкідаюць сваю энэргію, яны ня маюць літасьці да сваіх суседзяў. Тут няма абсалютна ніякіх выключэньняў.

«Літва» рабіла паходы на Валынь, рабіла паходы на тэрыторыю Наўгародзкай рэспублікі. Ад яе даставалася і роднасным ёй народам, тым жа латгалам, эстам, прусам. Хадзіла яна і на землі польскіх княстваў. Таму паўстае пытаньне, чаму Полацак і Віцебск павінны былі быць выключэньнем? Якія асаблівыя дачыненьні паміж «літвой» і Полацкам і Віцебскам існавалі ў гэты пэрыяд? Няма падставаў гаварыць пра нейкія асаблівыя дачыненьні.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Your browser doesn’t support HTML5

Хто і як стварыў Вялікае Княства Літоўскае?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Расея ня зможа русыфікаваць беларусаў і ўкраінцаў, — Алег Латышонак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». ДНК паказвае, што беларусы бліжэйшыя да палякаў, украінцаў і нават расейцаў, чым да літоўцаў, — Алег Латышонак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Палесьсе — беларускае, украінскае ці палескае?

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

ХХХ