Паводле зьвестак ВПС Узброеных сіл Украіны, у ноч на 26 лістапада расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па Ўкраіне чатырма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» з Варонескай і Курскай абласьцей, а таксама выпусьцілі «рэкордную колькасьць БПЛА тыпу «Шахед» і бесьпілётнікаў неўстаноўленага тыпу — агулам 188.
76 расейскіх бесьпілётнікаў былі зьбітыя над 17 украінскімі рэгіёнамі, 95 былі «лякацыйна страчаныя». Яшчэ пяць бесьпілётнікаў паляцелі ў бок Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.
Гэтым разам абышлося без ахвяраў і пацярпелых, але ў шэрагу рэгіёнаў у выніку масавага абстрэлу дронамі пацярпелі крытычна важныя аб'екты інфраструктуры, пашкоджаныя прыватныя і шматпавярховыя жылыя дамы. Горад Цярнопаль на захадзе Ўкраіны ў выніку атак часова застаўся без электрычнасьці.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сёньняшняя масавая атака бесьпілётнікаў на Ўкраіну стала магчымай таму, што Расея праз розныя схемы абыходзіць санкцыі.
«188 бесьпілётнікаў. Кожны ўтрымлівае 85 замежных кампанэнтаў. Гэта амаль 16 000 кампанэнтаў, безь якіх яны б не паляцелі. Такія атакі магчымыя толькі таму, што злачынца абыходзіць санкцыі, Расея праз розныя схемы абыходзіць санкцыі. Дзякуй усім у сьвеце, хто блякуе такія пастаўкі, але нам трэба больш працаваць разам, каб прымусіць санкцыі працаваць і прымусіць Расею спыніць гэтую вайну», — гаворыцца ў паведамленьні Зяленскага, апублікаваным у ягоным тэлеграм-канале.
Гэта ўжо ня першы раз, калі Ўкраіна зьвяртае ўвагу на замежныя кампанэнты ў зброі, якую Расея выкарыстоўвае пры атаках, што сьведчыць пра здольнасьць Масквы абыходзіць санкцыі, уведзеныя Захадам.
На працягу апошніх некалькіх месяцаў Расея наносіць усё больш магутныя ўдары па ўкраінскіх гарадах. Гэта прыводзіць да ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і пашкоджаньня энэргетычнай інфраструктуры, што асабліва крытычна з надыходам халадоў.
Тым часам у Брусэлі 26 лістапада на пасяджэньні Рады NATO-Украіна (NUC) плянуюць абмеркаваць запуск Расеяй экспэрымэнтальнай гіпэргукавой ракеты сярэдняй далёкасьці па Ўкраіне на мінулым тыдні.
Сустрэча пасланьнікаў Украіны і 32 дзяржаваў-чальцоў альянсу NUC была скліканая Кіевам пасьля таго, як 21 лістапада Расея нанесла ўдар па ўкраінскім горадзе Дніпро — як заявіў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, новай ракетай пад назвай «Арэшнік». Паводле Пуціна, гэты крок быў часткай адказу Масквы на ўкраінскія атакі па расейскай тэрыторыі з выкарыстаньнем пастаўленых ЗША ракет ATACMS і пастаўленых Вялікай Брытаніяй ракет Storm Shadow.
NUC быў створаны на саміце NATO ў Вільні ў 2023 годзе для актывізацыі супрацоўніцтва альянсу з Кіевам і падтрымкі імкненьня Ўкраіны да сяброўства ў NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія бесьпілётнікі зноў уварваліся ў паветраную прастору Беларусі, — УСУ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін папярэджвае пра новыя баявыя выпрабаваньні «Арэшніка» і кажа пра рашэньне аб сэрыйнай вытворчасьці ракеты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУР Украіны: «Арэшнік» — гэта мабільны ракетны комплекс «Кедр»