«Падаражэла на 30-40%». Што адбываецца з сэрвісам таксі ў Беларусі і ці могуць зьнізіцца цэны

Ілюстрацыйнае фота

Праехаць 9 кілямэтраў у некаторыя гадзіны ў Менску зараз каштуе пад 35 рублёў. Расказваем, чаму расцэнкі на таксі вырасьлі і пры чым тут адзіны рээстар перавозчыкаў.

У Беларусі пасьля зьмены заканадаўства, якое рэгулюе сфэру таксі, людзі пачалі скардзіцца на павышэньне цэнаў. Адзін з суразмоўцаў, які працуе ў гэтай галіне, на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што ў лістападзе цэны вырасьлі на 30-40%.

«Цяпер усе перавозчыкі мусяць быць у адмысловым рээстры, стала працаваць менш кіроўцаў. Таксама вырас і час чаканьня таксі», — сказаў суразмоўца.

Ён прыводзіць прыклад, насколькі вырасьлі цэны за нядаўні час.

«Раней праехаць 13 кілямэтраў раніцай каштавала 15-20 рублёў, цяпер гэта каштуе 25-35 рублёў, у залежнасьці ад попыту», — падзяліўся суразмоўца.

Пастаянны карыстальнік таксі зь Менску ў размове са Свабодай падцьвердзіў словы пра падаражаньне гэтых паслуг. Ён таксама дадаў, што ад лістапада павялічыўся час чаканьня свабоднага аўтамабіля. Па словах суразмоўцы, раней у пікавы час таксоўку трэба было чакаць 15 хвілін, цяпер гэта можа быць і 30, і 40 хвілін.

Некаторыя карыстальнікі пачалі параўноўваць менскія цэны на таксі з цэнамі ў іншых сталіцах, дзе жывуць беларусы.

Таксоўка ў Тбілісі, ілюстрацыйнае фота

Дзе таньнейшае таксі

Кошт на таксоўкі, якімі людзі карыстаюцца праз мабільныя праграмы (Яндэкс, Bolt, Uber) ва ўсіх краінах залежыць ад попыту ў канкрэтны момант: чым попыт большы, тым большая цана. Параўноўваем цэны пікавы і няпікавы час у Менску ды іншых гарадах на адлегласьць 9 кілямэтраў.

  • Менск: Пікавы момант — 27 рублёў (7,9 даляра), няпікавы — каля 17 рублёў (каля 5 даляраў)
  • Варшава: Пікавы момант — 37 злотых (8,8 даляра), няпікавы — каля 26 злотых (6 даляраў)
  • Вільня: Пікавы момант — 11 эўра (11,4 даляра), няпікавы — 7 эўра (7,2 даляра)
  • Тбілісі: Пікавы момант — 15 лары (5,2 даляра), няпікавы — 10 лары (3,5 даляра)

А вось колькі паездак на месяц можа дазволіць сабе жыхар гэтых гарадоў на сярэдні заробак цалкам (брута):

  • Менск — 116
  • Варшава — 220
  • Вільня — 198
  • Тбілісі — 140

Ілюстрацыйнае фота

Чаму таксі падаражэла

З 1 лістапада перавозчыкі, якіх не ўключылі ў рэестар аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, ня могуць працаваць на законных падставах. Калі яны працягваюць працу, іх дзейнасьць прызнаецца незаконнай і прыводзіць да буйных штрафаў і канфіскацыі даходаў.

Да 31 кастрычніка ўключэньне ў рэестар было бясплатнае, пасьля гэтай даты трэба плаціць дзяржаўны збор:

  • за аднаго кіроўцу — 40 беларускіх рублёў,
  • за кожны транспартны сродак — 80 рублёў,
  • за ўключэньне кожнага дыспэтчара — 4 тысячы рублёў.

Апроч гэтага, таксістам, каб трапіць у рэестар, трэба ўсталяваць у салёне відэарэгістратары, а таксама прайсьці курсы павышэньня кваліфікацыі.

Як паведамляе Мінтранс, на 4 лістапада ў рэестар уключылі:

245 дыспэтчараў (у тым ліку 156 дыспэтчараў таксі);

4,6 тысячы перавозчыкаў (86% ад іх агульнай колькасьці), у тым ліку больш за 3,1 тыс. перавозчыкаў таксі;

26 тысяч кіроўцаў (62%), у тым ліку 13,9 тысячы кіроўцаў аўтамабіляў-таксі;

22,4 тысячы транспартных сродкаў (63%), у тым ліку больш за 12,4 тысячы аўтамабіляў-таксі.

Чаму таксістаў стала менш

Свабода пагаварыла зь некалькімі кіроўцамі, якія зьвязаныя ці былі зьвязаныя са сфэрай таксі да новаўвядзеньняў. Адна з асноўных праблем — усталяваньне абавязковых відэарэгістратараў, што цяжка зрабіць у акрэсьлены час. Паводле суразмоўцаў, іх проста не хапае на ўсіх ахвотных.

Другая праблема, пра якую гавораць кіроўцы, гэта павелічэньне выдаткаў. Да рэформы ў самым буйным гульцы рынку «Яндэкс Таксі» працавала шмат кіроўцаў, для якіх гэта быў не галоўны занятак, а спосаб падзарабіць. Цяпер, калі ў далейшую працу трэба ўкласьціся і грашыма (відэарэгістратары) і часам (рэгістрацыя, перакваліфікацыя), ім такая падпрацоўка проста стала нявыгаднай.

Курсы праходжаньня перакваліфікацыі патрэбныя для тых, хто мае стаж кіроўцы з правамі катэгорыі B больш за 5 гадоў. А прайсьці такія курсы бывае цяжка, бо мала арганізацый, якія маюць ліцэнзію на падобнае навучаньне, кажуць таксісты.

Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што сытуацыя з цэнамі і нястачай аўтамабіляў усё ж можа зрушыцца ў лепшы бок.

«Пакуль ня ўсе, хто хацеў, пасьпелі трапіць у рээстар, каб мець права працаваць у таксі. Ацэньваць уплыў новых правілаў варта будзе месяцы праз два», — кажа суразмоўца.