У Мінінфарме расказалі, чаму ў Беларусі не блякуюць сацыяльныя сеткі

Намесьнік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч. Архіўнае фота

Міністэрства інфармацыі Беларусі пакуль не блякуе сацыяльных сетак, бо на іх могуць працаваць дзяржаўныя СМІ.

Пра гэта ў эфіры тэлеканалу СТВ заявіў намесьнік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч.

«Мы сапраўды пакуль на сёньняшні дзень не ідзём на нейкія радыкальныя крокі ў блякаваньні канкрэтных сацыяльных сетак цалкам, выдатна разумеючы, што сёньня на гэтых пляцоўках, няхай і з пэўнымі абмежаваньнямі, нашы дзяржаўныя СМІ, а значыць мы, маем магчымасьць выхаду на дастаткова шырокую аўдыторыю», — сказаў ён.

Кунцэвіч таксама сказаў, што ў Мінінфарме разглядаюць варыянт разьвіцьця падзей, калі міжнародныя лічбавыя плятформы могуць быць закрытыя для беларускай дзяржаўнай інфармацыі.

«Мы сапраўды разумеем, што сёньня пакуль у нас ёсьць магчымасьць працаваць на замежных лічбавых плятформах, але заўтра можа так скласьціся, што ў нас такой магчымасьці ня будзе. І, безумоўна, мы павінныя мець нейкі запасны варыянт, якраз вось гэтая плятформа VIDEOBEL нацэленая на вырашэньне гэтай задачы», — сказаў ён.

YouTube, TikTok, Telegram ня раз выдалялі акаунты, зьвязаныя зь беларускай прапагандай і сілавікамі.

У эфіры СТВ прадэманстравалі статыстыку (без указаньня крыніцы зьвестак), паводле якой карыстальнікамі TikTok сёньня зьяўляецца 5,63 млн беларусаў, Інстаграма — 3,9 млн, LinkedIn — 3,9 млн, Фэйсбука −701,7 тыс. ., Х (раней «Твітэр») — 220,3 тыс.

Апроч блакаваньня непажаданага кантэнту, улады не выключаюць поўнага адключэньня інтэрнэту на тэрыторыі Беларусі.

На сустрэчы са студэнтамі менскіх ВНУ, адказваючы на пытаньне аб блякаваньні інтэрнэту падчас пратэстаў 2020 года, Лукашэнка нядаўна заявіў: «Калі гэта паўторыцца, адключым наогул».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: TikTok заблякаваў дзясяткі акаўнтаў расейскай агенцыі Sputnik, у тым ліку і Sputnik Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Youtube выдаліў канал Рыгора Азаронка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў выпадку новых пратэстаў цалкам адключыць інтэрнэт