На мінулым тыдні, калі ў Латвіі NATO працягвала патруляваньне паветранай прасторы краінаў Балтыі, падчас палётаў былі заўважаныя расейскія і беларускія самалёты, паведамілі 25 лістапада Ўзброеныя сілы Латвіі.
Падчас палётаў патрульнай місіі 24 лістапада былі заўважаныя два цывільныя беларускія самалёты, якія ненадоўга заляцелі ў паветраную прастору Латвіі і пасьля вярнуліся ў Беларусь. Падрабязнасьцяў інцыдэнту ва Ўзброеных сілах Латвіі не распавялі.
Таксама з 18 па 24 лістапада патрульная місія заўважала расейскія вайсковыя самалёты, гаворыцца ў паведамленьні.
Агулам падчас місіі патруляваньні паветранай прасторы краінаў Балтыі ў Латвіі з сакавіка па лістапад у адказ на сыгналы трывогі з вайсковай базы «Ліелвардэ» 54 разы падымаліся зьнішчальнікі, паведамляе латвійскае выданьне tv3.lv.
Чальцы NATO патрулююць паветраную прастору Латвіі, Літвы і Эстоніі на ратацыйнай аснове з сакавіка 2004 году, калі краіны Балтыі былі прынятыя ў альянс.
Падчас поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне зьнішчальнікі NATO, якія дысьлякуюцца ў краінах Балтыі, ня толькі рэагуюць на незаконнае пранікненьне расейскіх вайсковых самалётаў у паветраную прастору краінаў Балтыі, але і патрулююць паветраную прастору паблізу расейска-беларускай мяжы.
7 верасьня Латвія выявіла на сваёй тэрыторыі расейскі бесьпілётнік «Шахед», які ўварваўся ў латвійскую паветраную прастору з боку Беларусі. Ён упаў у Рэжыцкім краі Латвіі. Ахвяраў і разбурэньняў у выніку здарэньня не было, аднак гэты выпадак вымусіў перагледзець падыход да аховы паветранай прасторы краіны. Латвія ўзмацніла мяжу зь Беларусьсю. Вайскоўцам у Латгаліі, усходняй частцы Латвіі, паставілі бестэрміновыя задачы абароны тэрыторыі сродкамі СПА. Туды накіравалі мабільныя баявыя групы ВПС, узброеныя зэнітна-ракетнымі комплексамі, а таксама адмысловыя радары, прыдатныя для выяўленьня бесьпілётнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія выказала пратэст у сувязі з падзеньнем на яе тэрыторыі расейскага дрона, які прыляцеў зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія ўзмацніла мяжу зь Беларусьсю пасьля залёту расейскага «Шахэда»