У Грозным Мікіту Жураўля, якога ў СІЗА пабіў сын Кадырава, асудзілі на 13,5 года калёніі за «здраду дзяржаве»

Мікіта Журавель, архіўнае фота

Валгаградзкі абласны суд прыгаварыў да 13,5 года калёніі строгага рэжыму 20-гадовага Мікіту Жураўля, прызнаўшы яго вінаватым паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Журавель з уласнай ініцыятывы пачаў супрацоўнічаць з украінскімі спэцслужбамі і ў сакавіку 2023 году даслаў ім відэазапісы чыгуначнага саставу, які перавозіў расейскую вайсковую тэхніку і самалёты, а таксама зьвесткі аб перамяшчэньні аўтамабіля адной з вайсковых частак.

Валгаградзкае выданьне V1 адзначае, што суд над Мікітам Жураўлём прайшоў надзвычай хутка: першае паседжаньне адбылося 14 лістапада, а 25 лістапада ўжо абвясьцілі прысуд.

Мікіта Журавель ужо адбывае тэрмін тры з паловай гады па артыкулах аб хуліганстве і аб абразе пачуцьцяў вернікаў: ён спаліў асобнік Карану — сьвяшчэннай кнігі мусульман, — зьняў гэта на відэа і выклаў ролік у сацыяльнай сетцы. Цяпер, з улікам рэшты першага тэрміну, Журавель правядзе ў калёніі агулам 14 гадоў.

  • Калі Мікіта Журавель знаходзіўся ў СІЗА Грознага, яго зьбіў 15-гадовы сын кіраўніка Чачэніі Адам Кадыраў. У канцы верасьня 2023 году Рамзан Кадыраў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа зьбіцьця. Запіс выклікаў грамадзкі рэзананс, але праваахоўныя органы ніяк не адрэагавалі на сытуацыю. Пазьней стала вядома, што паліцыянты Грознага адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы «ў сувязі з адсутнасьцю падзеі злачынства».
  • У лістападзе 2023 году праваабарончы цэнтар «Мемориал» прызнаў Мікіту Жураўля палітычным зьняволеным. Праваабаронцы ўсумніліся ў добраахвотнасьці паказаньняў маладога чалавека: «Калі б Журавель прызнаўся ў забойстве Джона Кенэдзі, мяне б гэта не зьдзівіла. Ніякім прызнаньням, дадзеным ва ўмовах, калі ў турму можа ўварвацца староньні і пабіць зьняволенага, давяраць немагчыма», — адзначыла тады кіраўніца камітэту «Грамадзянскае садзейнічаньне» Сьвятлана Ганнушкіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Грозным пакараў Мікіту Жураўля, якога ў СІЗА пабіў сын Кадырава, у справе аб спаленьні Карану