Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Грозным пакараў Мікіту Жураўля, якога ў СІЗА пабіў сын Кадырава, у справе аб спаленьні Карану


Мікіта Журавель на судзе, архіўнае фота
Мікіта Журавель на судзе, архіўнае фота

Вісаітаўскі раённы суд Грознага прыгаварыў 20-гадовага студэнта з Валгаграда Мікіту Жураўля да 3 гадоў і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму ў справе аб спаленьні Карана.

Аб гэтым выраку паведамляе выданьне SotaVision. Жураўля прызналі вінаватым абразе пачуцьцяў вернікаў (частка 2 артыкул 148 КК РФ). Раней пракурор і прасіў для асуджанага такі тэрмін.

Нагодай для справы супраць студэнта стаў відэаролік, у якім спальваюць Каран, апублікаваны ў тэлеграм-канале «Утро Дагестана» ў траўні 2023 году.

Пры затрыманьні таксама запісалі відэа, на якім Мікіта паведаміў, што нібыта спаліў сьвятую кнігу па заданьні чалавека з Украіны, каб зарабіць грошай.

Сьледзтва паведаміла, што сам ролік быў зьняты не пазьней за 19 траўня 2023 году і апублікаваны «на інтэрнэт-партале, падкантрольным Цэнтру інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый УСУ». Акрамя канала «Утро Дагестана», відэа публікаваў экс-дэпутат Дзярждумы Ільля Панамароў, які жыве ва Ўкраіне. Ён назваў учынак Жураўля «агідным»:

«Ніколі нельга гуляць з рэлігійнымі пачуцьцямі ніводнай рэлігіі. Ёсьць тэмы, якія для актывізму табуяваныя, і гэта адна зь іх».

Журавель прызнаў віну ў «абразе пачуцьцяў вернікаў». З Валгаграду яго амаль адразу этапавалі ў СІЗА Чачэніі, дзе яго пабіў 15-гадовы сын кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава Адам. Пацярпелымі ў справе Мікіты Жураўля выступалі 13 імамаў Грознага.

На працягу ўсяго часу сьледзтва і суду паказаньні Жураўля не мяняліся. Яшчэ ў лістападзе 2023 года на пасяджэньні ён папрасіў прабачэньня ў мусульман і сказаў, што вывучае Каран: «Мой учынак жудасны і ня мае апраўданьня».

Тады ж, у лістападзе 2023 года, праваабарончы цэнтар «Мемориал» прызнаў Мікіту Жураўля палітычным зьняволеным. Праваабаронцы ўсумніліся ў добраахвотнасьці паказаньняў маладога чалавека:

«Калі б Журавель прызнаўся ў забойстве Джона Кенэдзі, мяне б гэта не зьдзівіла. Ніякім прызнаньням, дадзеным ва ўмовах, калі ў турму можа ўварвацца староньні і пабіць зьняволенага, давяраць немагчыма», — сказала кіраўніца камітэта «Грамадзянскае садзейнічаньне» Сьвятлана Ганнушкіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG