Генконсульствы Беларусі адкрыюць яшчэ ў 4 гарадах Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Беларусі ўзгадніла адкрыцьцё генконсульства ва Ўфе, заявіў 25 лістапада кіраўнік уфімскага аддзяленьня амбасады Беларусі ў Расеі Артур Карповіч, паведамляе «Idel.Реалии» са спасылкай на башкартастанскія СМІ.

Дата адкрыцьця консульства пакуль невядомая.

Раней зьявілася інфармацыя, што ў 2025 годзе ў расейскіх гарадах зьявіцца некалькі консульстваў Беларусі. Так, генконсульства ў Ніжнім Ноўгарадзе плянуюць адкрыць да 1 сакавіка 2025 году, у Калінінградзе — да 1 чэрвеня, а ва Ўладзівастоку — да 1 верасьня.

Летась генконсульствы Беларусі ў Расеі стварылі у Санкт-Пецярбургу і Екацярынбургу. Сёлета таксама запрацавала генконсульства Беларусі ў Растове-на-Доне — прычым гэтая консульская акруга ўключае акупаваныя Расеяй Крым, часткі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны.

У кастрычніку 2023 году амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты заявіў, што паступова Беларусь перавядзе ў статус генконсульства ўсе існыя аддзяленьні сваіх амбасадаў у Расеі, якіх тады налічвалася дзесяць (пазьней адкрылі яшчэ новае аддзяленьне амбасады ў Краснадары, таксама плянуецца адкрыць амбасаду ў Варонежы). Таксама Круты анансаваў, што ў цэлым колькасьць іх вырасьце ўдвая, што «дасьць магчымасьць дабіцца таго, каб кожнае зь іх ахоплівала ня больш як па 3–4 расейскія рэгіёны».

Тым часам у Беларусі генэральныя консульствы Расеі адкрылі ў Берасьці і Горадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Растове-на-Доне адкрыюць генконсульства Беларусі, у яго акругу хочуць уключыць і акупаваныя Расеяй рэгіёны Ўкраіны