У Грузіі пратэстоўцы закідалі яйкамі будынак парлямэнту падчас першай сэсіі пасьля спрэчных выбараў

Акцыя пратэсту каля парлямэнту Грузіі 25 лістапада

Новы парлямэнт Грузіі 25 лістапада правёў сваю першую сэсію на фоне пратэстаў апазыцыі супраць сфальсыфікаваных выбараў і патрабаваньня праэўрапэйскай прэзыдэнткі Саламэ Зурабішвілі ануляваць вынікі галасаваньня. Пратэстоўцы сабраліся каля парлямэнту і закідалі будынак яйкамі.

Акцыя пратэсту каля парлямэнту Грузіі 25 лістапада

У паседжаньні парлямэнту ўзялі ўдзел толькі дэпутаты кіроўнай партыі «Грузінская мара», якая, паводле ЦВК Грузіі, набрала на выбарах 26 кастрычніка каля 54% галасоў і атрымала 89 са 150 месцаў у заканадаўчым органе. Яны прызналі паўнамоцтвы ўсіх 150 дэпутатаў, пераабралі Шалву Папуашвілі сьпікерам парлямэнту і абралі старшыняў камітэтаў, паведамляе «Эхо Кавказа».

Праэўрапейскія апазыцыйныя партыі адмовіліся ўваходзіць у новы парлямэнт, бо лічаць яго «нелегітымным». Не ўвайшлі ў парлямэнт «Кааліцыя за перамены» (19 мандатаў), «Адзінства — Нацыянальны рух» (16 мандатаў), «Моцная Грузія» (14 мандатаў) і «Гахарыя — за Грузію» (12 мандатаў).

Паседжаньне парлямэнту Грузіі 25 лістапада

Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, першае паседжаньне новаабранага парлямэнту праводзіцца не пазьней за 10-ы дзень з дня афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў, і гэтае паседжаньне прызначае прэзыдэнт Грузіі. Аднак Саламэ Зурабішвілі адмовілася прызначаць паседжаньне. Акрамя таго, яна ўнесла пазоў у Канстытуцыйны суд, патрабуючы ануляваць вынікі парлямэнцкіх выбараў як неканстытуцыйныя. Частка юрыстаў і апазыцыянэраў Грузіі лічаць, што прызнаваць паўнамоцтвы чальцоў парлямэнту да завяршэньня разгляду пазову судом незаконна.

Заходнія партнэры Грузіі не павіншавалі «Грузінскую мару» зь перамогай, заклікаючы расьсьледаваць магчымыя фальсыфікацыі і чакаючы, у прыватнасьці, канчатковага дакладу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ па выніках назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Грузіі.

Ля будынку парлямэнту прайшла акцыя пратэсту, удзельнікі якой патрабавалі правядзеньня паўторных парлямэнцкіх выбараў.

Яны закідалі браму будынку яйкамі, а потым пачалі грукаць па мэталічных загародах уздоўж уваходу ў парлямэнт і штурхаць іх, кідалі на тэрыторыю двара парлямэнту пэтарды, каб стварыць максымальны шум, піша тэлеграм-канал Tbilisi.life. Пратэстоўцы, аднак, не змаглі заблякаваць уваход у будынак, бо было шмат паліцыі.

«Чорны панядзелак у Грузіі: паліцыя... ахоўвае дзьверы, за якімі «рабы „Грузінскай мары“ забіваюць нашу Канстытуцыю і зьдзекуюцца з нашага парлямэнту», — напісала 25 лістапада прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы X. 25 лістапада сутычак паміж паліцыяй і пратэстоўцамі зафіксавана не было.

У Тбілісі ідзе моцны дождж. Большая частка пратэстоўцаў каля будынку парлямэнту Грузіі ўжо разышлася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніка ЦВК Грузіі аблілі фарбай падчас зацьвярджэньня вынікаў парлямэнціх выбараў. Каля будынка ЦВК сутычкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінская апазыцыя абвясьціла пра пачатак штодзённых пратэстаў