Абвясьцілі пераможцаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця

26 лістапада ў Гданьску прайшла цырымонія ўручэньня беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную ў 2023 годзе.

Першую прэмію сёлета прысудзілі Валянціну Акудовічу за кнігу «Трэба ўявіць Сізіфа шчасьлівым», якая выйшла летась у выдавецтве «Логвінаў».

Другое месца — у Ганны Янкуты за кнігу «Час пустазельля» (выйшла ў 2023 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч»).

Трэцяй прэміяй уганараваны журналіст Зьміцер Бартосік за кнігу «Забіць упалмінзага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

У фінальную шасьцёрку прэтэндэнтаў на прэмію Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове за 2022/2023 гады ўвайшлі 6 кніг:

  • «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым» — Валянцін Акудовіч (выдавецтва «Логвінаў», 2023)

Кнігу эсэіст і філёзаф пісаў некалькі гадоў, у ёй амаль 400 старонак. «Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў... Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе „мая краіна“. З дня ў дзень яны рухаюцца з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў... І мы вяртаемся!» — пракамэнтаваў выхад кнігі сам Валянцін Акудовіч.

  • «Час пустазельля» — Ганна Янкута (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)

Кніга — спроба асэнсаваць бясчасьсе, у якім апынуліся беларусы пасьля 2020 году. Кніга паказвае сьвет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы — відавочныя і ледзь улоўныя — якія адбываюцца цяпер у сьвеце. Кніга складаецца з рэальных і выдуманых гісторыяў, выпадкова пачутых фразаў на розных мовах, мімалётных уражаньняў, захапленьняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыцьцё ў часе дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Ўкраіне.

  • «Забіць упалмінзага» — Зьміцер Бартосік (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2022)

Гэта трэцяя кніга Зьмітра Бартосіка ў сэрыі «Падарожжаў Свабоды», раней выйшлі «Быў у пана верабейка гаварушчы» (за яе Зьміцер Бартосік атрымаў першую прэмію Гедройця ў 2017 годзе) і «Клініка кітайскага дантыста». У ёй апавядаецца пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакумэнтаў і галасамі жывых сьведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Кніга адкрывае невядомую вайну супраць савецкай улады ў Беларусі — паўстаньні, байкоты, супраціў, які адбываўся ў паваенныя гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават безыменны герой працягвае жыць, калі памятаецца ягоны чын». Зьміцер Бартосік прэзэнтаваў кнігу пра невядомы антысавецкі супраціў
  • «Гарэзьлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)

У аснову раману лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзьлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. У другой кнізе падзеі разгортваюцца на філялягічным факультэце беларускага ўнівэрсытэту, у экалягічным летніку для дзяцей Чарнобылю і ў офісе сусьветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцьці галоўных герояў, іхных сяброў, мамаў і татаў.

  • «На прызьбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023)

Тэкст кнігі складаецца з тэлефонных і прыватных гутарак спадарыні Марыі з гісторыкам Аксанай Ёркінай, якая запісвала дыялёгі, выкладала іх на адмысловай старонцы у Facebook, а потым сфармавала ў цэльны тэкст (сама Марыя Антонаўна запісваць і рэдагаваць напісанае ня можа з прычыны праблемаў зроку). Адрэдагаваў кнігу і напісаў прадмову да яе Леанід Галубовіч, прыязнымі словамі адгукнулася Сьвятлана Алексіевіч.

  • «Вольнеры. Прадвесьце» — Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)

Фантазійна-прыгодніцкі раман для падлеткаў, які можа быць цікавы і дарослым. У ім цудоўна перададзены сьвет падлеткаў, іхная псыхалёгія. «Самае беларускае зь нешматлікіх беларускіх фэнтэзі»: і ў чалавечым сьвеце, і ў іншасьвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэньні, багі і духі.

У доўгі сьпіс прэміі Гедройця сёлета трапілі 10 кніг замест 12. Колькасьць кніг доўгага сьпісу скарацілі «ў зьвязку зь невялікай колькасьцю выдадзеных у 2022–2023 гадах мастацкіх кніг на беларускай мове». Пасьля 2020 году колькасьць новых беларускіх кніг, якія намінуюць на прэмію, скарачаецца: сёлета намінавалі ўтрая менш кніг, чым 5 гадоў таму, заявілі на прэс-канфэрэнцыі 12 лістапада арганізатары. Яны адзначаюць, што цяпер «беларуская літаратура знаходзіцца ў экстрэмальным становішчы», бо многія аўтары і выдавецтвы вымушаныя былі эміграваць на хвалі рэпрэсіяў пасьля 2020 году ў Беларусі.

Сярод публічных сяброў сёлетняга журы прэміі — літаратуразнаўца, доктарка філялягічных навук Ульляна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафэсар, загадчык катэдры славянскага літаратуразнаўства ўнівэрсытэту Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; пісьменьніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.

Прэмія Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца за лепшую кнігу мастацкай і дакумэнтальнай прозы на беларускай мове, якая ўручаецца з 2012 году. Прэмію заснавалі амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў (апошнія дзьве арганізацыі зьліквідаваныя беларускімі ўладамі і адроджаныя за межамі Беларусі).

Ляўрэатамі прэміі імя Ежы Гедройця ў розныя сэзоны станавіліся Ўладзімер Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец, Ільля Сін, Уладзіслаў Ахроменка, Ганна Кандрацюк і інш.

Свабодаўцы і кнігі «Бібліятэкі Свабоды», адзначаныя прэміяй Ежы Гедройця:

  • у 2017 годзе першую прэмію атрымаў журналіст Зьміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы»;
  • у 2020 годзе прэміяй Гедройця уганараваны журналіст Свабоды Сяргей Дубавец за кнігу «Тантамарэскі»;
  • у 2021 годзе Сяргей Абламейка ўганараваны трэцяй прэміяй за кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»;
  • у 2022 годзе Сяргей Абламейка стаў ляўрэатам прэміі за выданьне «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая;
  • намінантамі прэміі былі таксама кнігі, выдадзеныя ў «Бібліятэцы Свабоды»: «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Беларусі» і «Гамбурскі рахунак» Альгерда Бахарэвіча (2-е месца, адпаведна 2011 і 2013 гады).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета на літаратурную прэмію Гедройця намінавалі ўтрая менш кніг, чым 5 гадоў таму, — сябра журы