20 лістапада было абвешчана пра чарговае памілаваньне, у выніку якога вызвалілі 32 палітвязьняў. Агулам з пачатку «хвалі» ўлады датэрмінова вызвалілі 178 чалавек, датычных да так званай «экстрэмісцкай дзейнасьці». Аднак праваабаронцам і журналістам вядомыя толькі асобныя іх прозьвішчы, зьвесткі пра памілаваных прыходзяць у асноўным з рэпартажаў праўладных тэлеканалаў і ад прапагандыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры месяцы ў Беларусі завялі сама меней 142 крымінальныя справы за «экстрэмізм», — Human ConstantaБязь зьняцьця судзімасьці
Па словах праваабаронцаў, зь якімі пагутарыла Свабода, людзі, якія выйшлі з калёній, баяцца «сьвяціцца» і прыцягваць да сябе ўвагу. Судзімасьць зь іх не здымаецца, яны застаюцца ў экстрэмісцкай базе і пад пільным наглядам цягам 5 гадоў.
Памілаваным забаронены выезд ня толькі з краіны, але і зь мясцовасьці, дзе яны зарэгістраваныя. Раз на тыдзень яны павінны зьяўляцца ў пастарунак на прафіляктычныя гутаркі. Да таго ж такія людзі маюць шэраг фінансавых абмежаваньняў — вымушаныя атрымліваць дазвол нават на куплю SIM-карткі, ня могуць свабодна карыстацца банкаўскім рахункам, атрымаць новую банкаўскую карту. Памілаваныя таксама ня могуць займацца пэдагагічнай, выдавецкай дзейнасьцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу.
Суровыя захады прадугледжаныя і за самыя дробныя парушэньні — буйны грашовы штраф (да 100 базавых велічыняў), адміністрацыйны арышт да 15 дзён. За некалькі такіх парушэньняў могуць перагледзець рашэньне аб памілаваньні і вярнуць асуджанага ў калёнію.
Падставай для выключэньня грамадзян са «сьпісу экстрэмістаў» зьяўляецца адмена прысуду, сьмерць грамадзяніна альбо заканчэньне 5 гадоў з дня пагашэньня або зьняцьця судзімасьці (ч. 6 арт. 18 закону «Аб процідзеяньні экстрэмізму»).
Памілаваньне напярэдадні вызваленьня
Першая хваля памілаваньняў адбылася напярэдадні 3 ліпеня, афіцыйнага Дня Рэспублікі. Праваабаронцы заўважылі, што некаторым вызваленым заставалася да канца тэрміну дабыць пару тыдняў. У паведамленьнях прэс-службы Лукашэнкі аб памілаваньні звычайна падкрэсьліваецца гуманнасьць улады: маўляў, гэта людзі з інваліднасьцю, хранічнымі хваробамі.
Праваабаронцам «Вясны» вядома, што ў турмах і калёніях дзясяткі цяжка хворых людзей, «ляжачых», фактычна паралізаваных. Паводле падлікаў, 31 палітвязень можа знаходзіцца за кратамі ў крытычным стане здароўя, не сумяшчальным з утрыманьнем ва ўмовах пазбаўленьня волі.
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) зьвяртае ўвагу на тое, што ня толькі памілаваньне і амністыя ў законе зьяўляюцца падставамі, якія дазваляюць вызваліць чалавека ад адбыцьця пакараньня.
«Падставай, на якой чалавека могуць вызваліць ад адбыцьця пакараньня або замяніць яму меру пакараньня на больш мяккую, зьяўляецца цяжкае захворваньне або інваліднасьць (арт. 186 Крымінальна-выканаўчага кодэксу). Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў і Мінздароўя Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2011 г. № 54/15 вызначаны пералік захворваньняў, якія перашкаджаюць адбываньню пакараньня, бо патрабуюць пастаяннага мэдычнага назіраньня і спэцыялізаванай дапамогі, якая можа быць недаступная ў турме.
Але нам невядома пра выпадкі вызваленьня палітвязьняў, якія маюць захворваньні зь пераліку, што зьяўляюцца перашкодай для адбыцьця пакараньня, на гэтай законнай падставе», — кажа юрыстка «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я адмовіўся прасіць памілаваньня». Дэсантнік, які ў 2020 годзе прайшоў па Салігорску зь бел-чырвона-белым сьцягам, — пра 4 гады за кратамі360 затрыманых за тры месяцы
На 20 ліпеня ў месцах пазбаўленьня волі ўтрымліваліся 1275 палітвязьняў, зь іх больш за паўтары сотні жанчын. За ліпень палітзьняволенымі праваабаронцы прызналі 63 чалавек. За жнівень — 52. За верасень — 46. За кастрычнік — 35. Толькі 20 лістапада яшчэ 13 чалавек былі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Больш за 40 палітвязьняў — людзі вельмі пажылога ўзросту, прыводзіць статыстыку юрыста «Вясны» Тацяна.
За два мінулыя тыдні ў беларускіх судах разглядалі 91 палітычную крымінальную справу. Толькі за пратэсты 2020 году, па зьвестках «Вясны», зараз судзяць 37 чалавек.
«З 1 ліпеня па 30 верасьня быў зафіксаваны 1221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій. Гэта вобшукі, выклікі на допыты, суды і г. д. Затрымалі 360 чалавек. Таксама вядома прынамсі пра 400 судоў у адміністрацыйных справах за тры месяцы, прычым палова асуджаных — жанчыны. Гэтыя лічбы могуць быць значна большымі», — мяркуе юрыстка «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі: Памілаваных Лукашэнкам палітвязьняў выключаюць са сьпісаў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў»1213 адміністрацыйных спраў
Зь верасня па сярэдзіну лістапада ў судах разгледзелі ня менш за 1213 палітычных адміністрацыйных справаў, абсалютная большасьць зь якіх — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Масавыя затрыманьні перад выбарамі адбываюцца па ўсёй Беларусі, нават у маленькіх гарадах.
Праваабаронцы таксама адзначаюць узмацненьне ціску на былых палітвязьняў, якія адбылі тэрмін ці знаходзяцца на хатняй хіміі. Ім выносяць афіцыйныя папярэджаньні пра адказнасьць «за гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу, захоп або ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйнымі шляхамі». Акрамя гэтага, многім былым палітвязьням, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, завочна замяняюць «хатнюю хімію» на пазбаўленьне волі.
«Пра паслабленьні рэжыму ў зьвязку з чарговай амністыяй гаворкі быць ня можа», — перакананая юрыстка «Вясны» Тацяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусам, якія прайшлі праз катаваньні, сорамна адвакатаваць свае патрэбы», — дасьледаваньне