Выглядае гэта так: «спачатку нешта, потым мова», «спачатку трэба ўзяць уладу, потым мова», «спачатку дэмакратыя, потым мова»...
Сьцісла:
- Пра білінгвізм у нас гавораць гадоў 50. Але практыка гэтых гадоў паказвае, што рэальны дзяржаўны білінгвізм у Беларусі немагчымы.
- Сёньня ўся сыстэма ўлады ў Беларусі расейскамоўная, гэта значыць небеларуская. Гэтым самым яна сама прыніжае сябе і краіну да ўзроўню расейскага рэгіёну.
- Люстэркава гэта адбіваецца і на апазыцыі, замінаючы яе выразнаму ўяўленьню пра самую сябе.
Як і каму замінае беларушчына
Калі ў 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб мовах», дзе беларуская была абвешчана адзінай дзяржаўнай, гэта быў натуральны крок, які ня меў на мэце нікога дыскрымінаваць. Нават камуністы разумелі, што ў Беларусі афіцыйнай мовай мусіць быць беларуская. Але ўжо на рэфэрэндуме 1995 году Лукашэнка дадаў да беларускай расейскую. То бок спыніў працэс натуральнага разьвіцьця. Застопарыў. І ўсе гэтыя трыццаць гадоў ня тое, што ўсё стаіць калом. Разам з адзінай дзяржаўнай беларускай мовай зьніклі прыкметы дэмакратыі, выбараў, сфармавалася дыктатура.
І сёньня многія людзі цалкам сабе дэмакратычных поглядаў гэты вось «білінгвізм» (якога насамрэч няма) падтрымліваюць. Чаму? Бо склалі сабе ўяўленьне, што адзіная дзяржаўная беларуская будзе душыць расейскую (чаго ніколі не бывала) з той самай зацятасьцю, зь якой расейская душыла і душыць беларускую. Маўляў, мовы ціснуць адна на адну аднолькава, прырода ў іх такая. Але гэта ня так.
Сапраўды, большасьць людзей у Беларусі гаворыць цяпер па-расейску, але не таму, што «так склалася гістарычна»: гэта сьвядомая палітыка, прычым прымусовая. Што такое дзяржаўнасьць мовы? Гэта значыць, што дзяржава гаворыць і піша па-беларуску. Афіцыйная мова. Зразумела, калі ты не чыноўнік, ніхто і не падумае патрабаваць ад цябе валоданьня беларускай мовай. Але калі ты хочаш прадстаўляць гэтую дзяржаву — быць беларускім чыноўнікам — мусіш гаварыць па-беларуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Эстоніі заявіла, што Крэмль і рэжым Лукашэнкі «руйнуюць беларускую нацыянальную ідэнтычнасьцьЗручныя ланцугі рабства
Калі глядзець на практыку, дык адзіная дзяржаўная беларуская — гэта і ёсьць на справе ўзаконены білінгвізм, бо нікуды тая большасьць расейскамоўных ня зьнікне і спатрэбяцца пакаленьні ды разумная палітыка падтрымкі беларушчыны, каб яна заняла хаця б тое месца, той маштаб, які займала да мінулай вайны. У гэтым сэнсе ўзаконены ўласна білінгвізм у нас на практыцы немагчымы. І гэта страчанае за гады русыфікацыі разуменьне. Расейская і беларуская мовы ніколі ня будуць роўнымі, і гэта не залежыць ад дэмакратыі ці дыктатуры, а ад таго, што гэта розныя сродкі камунікацыі з розным «палітычным» напаўненьнем. Ня можа лукашэнкаўскі прапагандыст выступаць па-беларуску. Ня знойдзе такіх словаў ды інтанацыяў, каб гэта выглядала праўдападобна.
Але, паўтаруся, гэта страчаны досьвед. Яшчэ сто гадоў таму выбітны беларускі паэт Уладзімер Дубоўка сфармуляваў у адказ на фразу аб пралетарыяце, якому «няма чаго губляць, апроч сваіх ланцугоў»: «Нам няма чаго губляць, апрача расейскай мовы».
Інтэнсіўная русыфікацыя прывяла да скажонага ўяўленьня ў беларусаў, якія ўзялі на ўзбраеньне адваротную тэндэнцыю пра мову беларускую. Страціць яе аказалася нашмат прасьцей і зусім бясьпечна ў параўнаньні зь цяжкімі ланцугамі. Бо яна свая. А вось ланцугі застаюцца.
Тое, што было відавочным Дубоўку, за прамінулы час (асабліва ўрбанізацыі і застою) быццам замылілася і, не ўнікаючы ў сутнасьць, ператварылася ў малазначныя рэчы: маўляў, «хто як хаціт, той так і гаварыт»: якая розьніца. Хоць страчвала свае пазыцыі толькі адна мова, беларуская. У школах, у бюракратыі, у сем’ях. «Ніхто не забараняе гаварыць па-беларуску»... Але ніхто і не дазваляе. Асабліва калі не да законаў.
Заўсёды падкрэсьлівалася нязначнасьць моўнага пытаньня, пры тым, што яно — першае пытаньне выжываньня нацыі. У нас у аснове няма нічога расейскамоўнага: узяць вялізныя скарбы фальклёру ці ўсю прафэсійную літаратуру. Яна, «школьная клясыка» — толькі беларускамоўная. І гэта ня проста так.
Краіна нашага фармату ў нашым кутку сьвету можа нешта значыць, калі спачатку — мова. Так ва ўсіх нашых суседзяў, і мы тут ніякае не выключэньне з правіла, наадварот: мы парушанае правіла, выпадзеньне з працэсу натуральнага разьвіцьця. Калі спачатку ня мова, тады спачатку русыфікацыя, канцылярыт і бюракратыя. Трэцяга папросту не прадугледжана. Непаўнавартасная дзяржава, дакладна як цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Схаваныя скарбы беларускае граматыкі«Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца»
Статус дзяржаўнасьці ў выпадку беларускай мовы — гэта як статус завершанасьці самой дзяржавы, як ключ, пад які яна будавалася, як дзьверы ў мэтро. Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца. А калі не зачыняюцца? Пасажыры адыходзяць далей і прыціскаюцца да сьценак вагона, чапляюцца за што папала, адзін за аднаго. А калі вагон поўны? Кагосьці выносіць вонкі. Так сёньня выглядае беларуская дзяржава на мяжы з Расеяй.
Уся сыстэма ўлады ў Беларусі расейскамоўная, гэта значыць небеларуская. Яна пачуваецца як якая-небудзь Волагда, Тамбоў ці Кастрама... Не як Беларусь. Не як штосьці адметнае і самабытнае, а як адзін зь дзясяткаў расейскіх суб’ектаў. Без сваёй гісторыі і культуры. Беларуская мова толькі замінае гэтай уладзе функцыянаваць. Улада стала цалкам недэмакратычнай, на сто адсоткаў ня выбарнай, а прызначэнскай, гэта бюракратыя ў сваім чыстым выглядзе, якая існуе сама для сябе; народ і чалавек толькі замінаюць ёй у яе бессэнсоўным існаваньні. На адным узроўні замінаюць рэжыму беларуская мова і беларускі чалавек.
Гэта ўжо адчулі дэмакратычныя сілы за мяжой, прынамсі адчулі праз гуманістычную пазыцыю сваіх лідэраў, і імкнуцца стаць беларускамоўнымі. То бок усё, што замінае «ім» (тым, хто ажыцьцяўляе ўладу ў Беларусі), насамрэч ёсьць аснова альтэрнатывы, якую ўвасабляе апазыцыя. Калі спачатку мова, адкрываецца і від на чалавека. І гэта правобраз той улады ў Беларусі, якая маецца быць у працэсе натуральнага разьвіцьця нацыі. Заўважце, пра дэмакратыю мы пакуль яшчэ і не гаворым. Трэба вярнуцца на сваю дарогу, а як мы па ёй пойдзем, будуць вырашаць выбары, гэта значыць народ. Самае галоўнае — вярнуцца ў сваё гістарычнае рэчышча, за якое беларусы ўжо заплацілі незьлічонымі жыцьцямі.
Іншы варыянт — прыпадабняцца «ім», хто ажыцьцяўляе ўладу ў Беларусі сёньня. Між тым расейскамоўныя дэмакратычныя сілы Беларусі ў Польшчы і Літве выглядаюць для Польшчы і Літвы ня надта зразумела. Бо ёсьць яшчэ расейскамоўныя дэмсілы Расеі ў Польшчы і Літве, і цяжка адрозьніць, хто тут чаго хоча, ды яшчэ і невядома, дзе ён таго хоча. І менавіта мова ўносіць у гэтую блытаніну яснасьць.
Якраз мова найперш можа скансалідаваць беларусаў, аддзяліць гэтую новую палітычную клясу ад бюракратыі, якая прыйшла на зьмену палітычнай клясе ў Беларусі разам з Лукашэнкам, і абазначыць шляхі разьвіцьця ў натуральным рэчышчы.
Можна ўявіць, як пры чарговым гістарычным шанцы цяперашнія прызначэнцы Лукашэнкі сустрэнуцца з гэтай новай палітычнай клясай, якая запатрабуе рэальных выбараў. Яны будуць размаўляць міжсобку на розных мовах. Пры гэтым беларускія будуць адчуваць сваю натуральнасьць, а расейскія — сваю штучнасьць на беларускай зямлі.
Адпаведнасьць самой сабе — важная рэч, якую краіна згубіла за гэтыя трыццаць гадоў і якую непазьбежна трэба аднавіць. Інакш ніякай дэмакратыі ні спачатку, ні пасьля мы не пабачым.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адхіленьні ад дзяржаўнай палітыкі». Як у Беларусі скарачаецца колькасьць выдадзеных па-беларуску кніг