Замежныя банкі спынілі абслугоўваць карты кітайскай плацежнай сістэмы UnionPay, эмітаваныя расейскім «Газпромбанкам».
Карты перасталі працаваць у Вэнгрыі, Віетнаме, Нямеччыне, Казахстане, Катары, Турцыі, ААЭ, Тайляндзе і Кітаі, паведамляюць ТАСС і «Коммерсантъ».
Пры спробе скарыстацца картай банкаматы выводзяць на экран апавяшчэнне аб тэхнічнай памылцы. У тэксьце апавяшчэньня гаворыцца, што карта неактыўная або заблякаваная.
Таксама з сайта банка зьнікла магчымасць аформіць карту UnionPay.
Банк нядаўна апынуўся пад санкцыямі ЗША за вайну Расеі ва Ўкраіне. Банк папярэджваў, што з 21 лістапада пры выкарыстаньні за мяжой выдадзеных ім карт UnionPay могуць узнікнуць «складанасьці». У сувязі з гэтым трымальнікам гэтых карт, якія знаходзяцца за мяжой, рэкамэндавалі выкарыстоўваць наяўныя.
Інфармацыі аб праблемах за мяжой з картамі «Белгазпрамбанка», беларускай дачкі расейскага банка, няма. Беларускі банк ня трапіў пад санкцыі, ён мае карты сыстэм VISA, Mastercard, але яны не працуюць у акупаваным Расеяй Крыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліхтэнштэйн пашырыў санкцыі супраць Беларусі