Камандзір палка Каліноўскага пракамэнтаваў сытуацыю зь Верамейчыкам і расказаў пра рэфармаваньне часткі

Былы баец палка Аляксандар Клачко, прэсавы сакратар Эрнэст, камандзір палка імя Каліноўскага Павал Шурмей. Вільня, 23 лістапада 2024

23 лістапада ў Вільні адбылася сустрэча з прадстаўнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага, які з 2022 году ваюе ва Ўкраіне супраць расейскай агрэсіі.

На пытаньні адказалі камандзір палка Павал Шурмей (пазыўны Дзядзька) і кіраўнік прэс-цэнтра палка Эрнэст.

Павал Шурмей найперш пракамэнтаваў сытуацыю з затрыманым у Віетнаме і дэпартаваным у Беларусь Васілём Верамейчыкам.

«Я размаўляў з Васілём месяц таму, а раней зь ім перапісваўся. Пра размову шмат сказаць не магу, а вось тое, што магу, скажу: мы гаварылі ў тым ліку і пра ягонае вяртаньне ў полк. Прэтэнзій ад яго на адрас цяперашняга кіраўніцтва палку не было, закраналі дзеяньні кіраўніцтва часоў 2022 году. Мяркую, калі б не тое, што зь ім адбылося, праз некалькі месяцаў Васіль вярнуўся бы ў полк і быў цяпер з намі», — сказаў Павал Шурмей пра Васіля Верамейчыка.

Камандзір палка імя Каліноўскага лічыць, што Верамейчык дарэмна абраў месцам для жыцьця краіну, адкуль яго выдалі ў Беларусь. Павал Шурмей мяркуе, што самым бясьпечным месцам жыхарства для былых ваяроў палка цяпер зьўялляецца менавіта Ўкраіна, але вярнуцца туды Васілю Верамейчыну не ўдалося.

Камандзір палка імя Каліноўскага Павал Шурмей


Паводле Шурмея Васіля Верамейчыка, калі той спрабаваў вярнуцца ва Ўкраіну, зь невядомых прычын не прапусьцілі праз мяжу. Чаму гэтак адбылося, ён Шурмей ня ведае, але камандзір запэўніў, што ў штаб палка ўлады Ўкраіны па гэтым пытаньне не зьвярталіся.

Пра рэформы ў палку

Кіраўніцтва палка імя Каліноўскага заявіла на сустрэчы, што цяпер адбываецца рэфармаваньне іх часткі.

«Найперш рэфармаваньне тычыцца фінансавай празрыстасьці і інфармацыйнай працы», — сказаў цяперашні камандзір палка Павал Шурмей.

Паводле яго былое кіраўніцтва «фактычна імкнулася ператварыць полк у прыватную вайсковую кампанію, але большасьць ваяроў гэта не падтрымала і выказалася за рэформу».

Рэфармаваньне палка пачалося ў красавіку 2024 году і працягваецца, сказаў Павал Шурмей. Паводле яго, кіраўніцтва палка цяпер спрабуе аднавіць давер да палка з боку беларускіх дыяспар, дзеля гэтага ваяры прыехалі ў Вільню на сустрэчу з беларусамі, а адсюль паедуць у Польшчу, дзе таксама адбудзецца некалькі сустрэч з дыяспарай.

Пра ўдзел у баях

Паводле прэсавага сакратара палка Эрнэста і ў гэты момант ваяры палку працягваюць удзел у ваенных дзеяньнях. Пры гэтым Эрнэст не ўдакладніў, дзе менавіта цяпер ваююць беларусы. Паводле прэсавага-цэнтру, раней байцы палка ваявалі ў Бахмуце, Купянску, Лісічанску, Севераданецку, пад Харкавам, Мікалаевам і Херсонам, дапамагалі бараніць Кіеў. Колькасьць беларусаў у складзе палка Эрнэст не назваў, спаслаўшыся на вайсковую таямніцу.

«Ваююць, бяруць у палон вайскоўцаў праціўніка, нясуць страты», — сказаў пра ўдзел палка ў вайсковых дзеяньнях ва Ўкраіне ў гэты момант кіраўнік прэс-цэнтру палка Эрнэст.

«Інфармацыя пра страты ёсьць на нашых сацыяльных мэдыях. Мы не даем прозьвішчаў і пазыўных. Ёсьць цяпер і параненыя, і кантужаныя. Тыя, хто лечыцца», — прызнаў Павал Шурмей.

Прэсавы сакратар палка імя Каліноўскага Эрнэст

Паводле прэс-цэнтру палка цяпер фармаваньне знаходзіцца ў складзе Міжнароднага легіёну пры Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

У складзе палка ёсьць ня толькі беларусы. «З намі ў палку ваююць грамадзяне з Літвы, Польшчы, Канады, ЗША, Чэхіі, Новай Зэландыі», — сказаў Эрнэст.

У Вільні прайшла акцыя салідарнасьці з экс-каліноўцам Верамейчыкам, якога дэпартавалі ў Беларусь. ФОТА

Хто такі Васіль Верамейчык

Экс-байца палка імя Каліноўскага Васіля Верамейчыка дэпартавалі з Віетнама ў Беларусь. Раней Літва і Ўкраіна забаранілі былому каліноўцу ўезд на сваю тэрыторыю.

  • Васілю Верамейчыку 34 гады, ён выпускнік Вайсковай акадэміі Беларусі.
  • Служыў ва Узброеных сілах Беларусі, быў лейтэнантам запасу.
  • Пасля пратэстаў 2020 года Верамейчык зьехаў ва Ўкраіну, жыў у Львове. Зь першых дзён нападу Расеі Васіль пайшоў на фронт добраахвотнікам, потым далучыўся да палка імя Каліноўскага.
  • У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў Верамейчыка воінскага званьня.
  • Пасля завяршэньня службы ў палку імя Каліноўскага ён пераехаў з Украіны ў Літву. Але там яму адмовілі ў відзе на жыхарства.
  • Украіна таксама забараніла былому каліноўцу ўезд на сваю тэрыторыю.
  • Раней зь дзяржаўных СМІ Беларусі стала вядома, што зь Віетнаму экстрадавалі грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка, былога ваяра палку Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а затым пераехаў ва Ўкраіну, дзе служыў намесьнікам камандзіра батальёну «Волат».
  • У 2024 годзе, пасьля заканчэньня службы, Васіль быў выбраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх вэтэранаў.

Рэакцыі на дэпартацыю Верамейчыка

Полк імя Кастуся Каліноўскага раней заклікаў «унесьці былога байца Верамейчыка ў абменны фонд і разам зь іншымі палоннымі каліноўцамі пры першай магчымасьці абмяняць на палонных расейскіх вайскоўцаў».

Міністар абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас, камэнтуючы сытуацыю з Верамейчыкам, якога Літва раней прызнала пагрозай нацыянальнай бясьпецы і забараніла яму ўезд у Эўразьвяз, адзначыў, што «такое рашэньне прыняла дзяржава». Несправядлівага стаўленьня да беларусаў у Літве Кашчунас ня бачыць: «Кожная дзяржава думае пра сваю нацыянальную бясьпеку».

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы заявіў, што знаходжаньне Верамейчыка на тэрыторыі Літвы магло «несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы».

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рашэньне аб прызнаньні Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бясьпецы прынялі з улікам інфармацыі, прадстаўленай Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы (ДДБ).

Раней Офіс Сьвятланы Ціханоўскай зрабіў заяву ў сувязі з экстрадыцыяй Васіля Верамейчыка зь Віетнаму.

«Экстрадыцыя Васіля Верамейчыка — прамыя наступствы рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які працягвае перасьледаваць апанэнтаў, выводзячы ўзровень рэпрэсій на міжнародны ўзровень. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай падкрэсьлівае патрэбу ўзмацненьня міжнародных мэханізмаў абароны правоў чалавека. Прычым абароны ня толькі беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій, але і тых, хто абараняе будучыню Эўропы, змагаючыся на баку Ўкраіны».