Аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol паведамляе, што ў сваім расьсьледаваньні адказвае на пытаньні, якія да гэтага часу застаюцца таямніцай: што ж насамрэч адбылося ў 78-й кватэры дому №29 па вул. Якубоўскага ў Менску, хто ж забіў Андрэя Зельцара і чаму сілавікі штурмавалі менавіта гэтую кватэру.
Як зьвяртаюць увагу расьсьледнікі, Зельцар меў дазвол на паляўнічую зброю, што «пацьвярджае надзейнасьць уладальніка, бо ён праходзіць адпаведную праверку».
Паводле прадстаўнікоў ByPol, аналіз відэа дазваляе казаць, што яно змантавана з рэальнага відэа і пастановачных кадраў.
Разгледзеўшы відэа па кадрах, прадстаўнікі ByPol зьвяртаюць увагу «на розны вугал здымкаў людзей каля дзьвярэй, на тое, як мяняецца месцазнаходжаньне розных сілавікоў, на тое, што зьяўляецца шчыліна паміж дзьвярыма і касяком дзьвярэй, што можа сьведчыць пра тое, што дзьверы ўскрываліся раней».
Расьсьледнікі таксама зьвяртаюць увагу, што на відэа сілавікі ўваходзяць без падстрахоўкі — а гэта сьведчыць, што «яны не адчувалі пагрозы супраціву ці запісвалі дубль пасьля для стварэньня карціны правамернасьці дзеяньняў штурмавой групы».
Расьсьледнікі ByPol сьцьвярджаюць, што гукі стральбы накладзеныя на зьняты ролік пазьней, інакш бы жанчына не выходзіла на стрэлы з тэлефонам. Яшчэ несупадзеньні: на розных кадрах відаць, што фіранкі то закрытыя, то адкрытыя.
Стрэл з ружжа — пастановачны, каб паказаць агрэсіўныя намеры таго, хто страляў, робяць выснову прадстаўнікі ByPol.
І галоўная выснова расьсьледаваньня: у супрацоўніка КДБ стралялі ззаду, а ня сьпераду, пра што сьведчыць характар раны і завальваньне цела наперад. «Адзіночны стрэл з ружжа быў зьняты асобным дублем, каб схаваць уласны самастрэл і апраўдаць дзеяньні сілавікоў», — такую выснову робяць расьсьледнікі.
Прадстаўнікі ByPol мяркуюць, што Андрэй Зельцар мог не зрабіць стрэл і быў ліквідаваны як непажаданы сьведка, а «Нірвана» быў сьмяротна паранены сваім жа калегам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго вучыць і каго ня вучыць гісторыя. Пра адзін камэнтар у «справе Зельцара»Як сьцьвярджаецца, крыніцы ByPol раней паведамілі імёны супрацоўнікаў спэцпадразьдзелу «Альфа» КДБ, у які ўваходзіў «Нірвана» (Дзьмітрый Федасюк). Расьсьледнікі называюць імёны ўдзельнікаў групы толькі цяпер, бо іх крыніца выехала зь Беларусі.
Гаворыцца, што асобы гэтых людзей пацьвердзілі ByPol чатыры незалежныя крыніцы. Але сьцьвярджаць, што гэта менавіта гэтыя асобы, расьсьледнікі ня могуць.
Чаму менавіта гэтую кватэру штурмавалі сілавікі? Паводле расьсьледнікаў, як выявілася, супрацоўнікі КДБ прыйшлі не па Андрэя Зельцара і Марыю Ўсьпенскую, а па брата Марыі, які быў прапісаны ў кватэры і, як высьветлілася, апублікаваў відэа нападу дрона на базу АМАП.
Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).