Рыжанкоў і Лаўроў падпісалі ў Берасьці сумесную беларуска-расейскую дэклярацыю аб процідзеяньні санкцыям

Максім Рыжанкоў (зьлева) і Сяргей Лаўроў бяруць удзел у цырымоніі ўскладаньня кветак да помніка савецкаму салдату ў Берасьцейскай крэпасьці.

У Берасьці адбылося сумеснае пасяджэньне калегіяў міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расеі.

Удзел у пасяджэньні ўзялі міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў.

Паводле агенцтва БелТА, міністры падпісалі чатыры сумесныя дакумэнты, у тым ліку дэклярацыю аб процідзеяньні міжнародным санкцыям з доўгай назвай: «Дэклярацыя Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі аб павышэньні ролі міжнароднага права і аб кіруючых прынцыпах, якія тычацца кваліфікацыі аднабаковых прымусовых мер у якасьці супрацьпраўных, а таксама шляхоў і сродкаў процідзеяньня, зьмякчэньня і кампэнсаваньня нэгатыўных наступстваў такіх мер».

Таксама міністры падпісалі дакумэнт «Сумеснае бачаньне Эўразійскай хартыі разнастайнасьці і шматпалярнасьці ў XXI стагодзьдзі».

Выступаючы пасьля нарады на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь Сяргеем Лаўровым, Максім Рыжанкоў паведаміў, што міністры таксама ўзгаднілі плян сумесных кансультацый двух замежнапалітычных ведамстваў на наступны год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея перакідвае вайсковыя сродкі ў Беларусь і паскарае стварэньне саюзнай дзяржавы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь пасьля 26 студзеня». Як зьменіцца палітыка Захаду адносна Беларусі? Прагноз былога дыплямата Паўла Мацукевіча