Нядаўна стала вядома, што затрыманага 22 кастрычніка журналіста Ігара Ільяша перавялі ў сьледчы ізалятар № 1.
З гэтай інфармацыі вынікае, што яго абвінавачваюць па крымінальнай справе (інкрымінаваны артыкул на дадзены момант праваабаронцам невядомы).
Як раней сьцьвярджалі праўладныя тэлеграм-каналы, Ігару Ільяшу ставяць у віну «садзейнічаньне экстрэмісцкім фармаваньням» — за тое, што даваў інтэрвію незалежным СМІ, а таксама што нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — даваў камэнтары ўкраінскім выданьням.
22 лістапада праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша палітвязьнем.
Жонку Ігара Ільяша, журналістку Кацярыну Бахвалаву, затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі пратэсту на менскай «плошчы Перамен» разам з калегай Дар’яй Чульцовай. Спачатку Кацярыну асудзілі на 2 гады калёніі за «арганізацыю або падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
У 2022 годзе над Кацярынай прайшоў новы працэс за «выдачу дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» (артыкул «Здрада дзяржаве»). Ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы калёніі. Падчас разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе фармулёўку абвінавачаньня замянілі на «шпіянаж». За што менавіта яе судзілі, дагэтуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзень народзінаў Кацярыны Андрэевай журналісты расказваюць гісторыю іх каханьня з Ігарам Ільяшом ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курмашава на атрыманьні прэміі за свабоду прэсы згадала зьняволеных журналістаў Свабоды Кузьнечыка і Лосіка