З 19 па 22 лістапада МУС Беларусі праводзіць вучэньні. Іх мэтай заяўлена «недапушчэньне праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягваньня грамадзян у супрацьпраўныя дзеяньні, спыненьне парушэньняў грамадзкага парадку». «Экстрэмізмам» беларускія сілавікі з 2020 году лічаць праявы палітычнай актыўнасьці, у тым ліку вулічнай.
Тэлеграм-канал беларускага МУС актыўна асьвятляе гэтыя вучэньні: некалькі пастоў на дзень з фатаздымкамі сілавікоў са зброяй, тэхнікай для разгону пратэстаў і відэа інсцэнаваньня разгону. У паведамленьнях сьцьвярджаецца, што міліцыянты адпрацоўваюць разгоны вулічных акцый, здушэньне бунту ў калёніі, захоп гандлёвага цэнтру.
Нейкай новай тэхнікі на відэа і фатаздымках не відаць. Там тыя ж сыстэмы, якія перасоўваюць на аўтамабілях «Бар’ер» і «Рубеж». Іх сілавікі актыўна выкарыстоўвалі ў 2020 годзе для перакрыцьця дарог. Таксама можна пабачыць вадамёты. Упершыню іх вывелі на вуліцы Менску ў 2017 годзе на Дзень Волі. Загараджальную сыстэму «Рубеж» упершыню паказалі на тэматычнай выставе ў 2019-м.
З навінак — у інсцэнаваньнях фігуруюць сабакі, якіх выкарыстоўваюць пры пастановачных затрыманьнях.
Што закупляюць сілавікі перад выбарамі
На сайце дзяржаўных закупак знаходзім некалькі заявак ад сілавікоў, зьвязаных з новым тэхнічным абсталяваньнем або спэцсродкамі. Напрыклад, 6 лістапада зьявілася заяўка на закуп дзьвюх сотняў радыёстанцый агульным коштам 620 130 рублёў: 157 радыёстанцый адной мадыфікацыі і 44 іншай.
Аўтагаспадарка МУС Беларусі плянуе закупіць два грузавыя аўтамабілі агульнай цаной 297 588 рублёў. Пакуль яны падалі заяўку для вывучэньня каньюнктуры рынку. Аўтамабіль павінен быць новы, агульнай вагой да 3500 кіляграмаў.
Грузавыя аўтамабілі МУС Беларусі выкарыстоўвае, сярод іншага, для перавозкі сілавікоў, тэхнікі і спэцсродкаў.
Акадэмія МУС Беларусі закупляе 1600 газавых балёнчыкаў за 48 000 рублёў.
Курсанты Акадэміі МУС у 2020 годзе таксама ўдзельнічалі ў здушэньні пратэстаў. Яшчэ ў МУС плянуюць закупіць 12 камплектаў аўтаматызаванай сыстэмы запісу размоваў. На гэта хочуць выдаткаваць 72 423 беларускія рублі.
Таксама МУС плянуе закупіць 125 сотавых тэлефонаў. Большасьць пералічаных заявак зроблена «ў мэтах вывучэньня каньюнктуры рынку», гэта значыць, што закуп паводле іх яшчэ ня зроблены.
Свабода паглядзела таксама заяўкі на закупкі ад МУС у 2020 годзе перад выбарамі. Тады сумы былі большыя. Толькі на сэрвэры і кампутары сілавікі патрацілі больш за 2 мільёны рублёў.
Тады ж купілі новы аўтобус за 113 000 рублёў і грузавік за 63 000. 296 730 рублёў патрацілі на новыя сыстэмы відэаназіраньня, 390 000 — на мікрааўтобусы, 112 400 — на новую відэатэхніку.
«Асноўную тэхніку купілі даўно, вучэньні — паказуха»
Паводле прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, сілавікі на сваіх трэнінгах зараз выкарыстоўваюць тую ж тэхніку, якая была ў 2020 годзе. На ягоную думку, закуп тэхнікі ў 2020 годзе і цяпер моцна адрозьніваюцца, а вучэньні робяцца для «паказухі».
«Большасьць тэхнікі, якую яны паказваюць, зьявілася перад 9 жніўня 2020 году. Трэба разьмяжоўваць рэальнасьць і тую паказуху, якой яны займаюцца. У 2020 годзе сілавікі добра разумелі, што сытуацыя напаляецца і выйшла з-пад кантролю. Таму яны закупляліся неабходным для сябе. Цяпер, пасьля 4 гадоў рэпрэсій, усе гэтыя мерапрыемствы маюць адзін сэнс — паказаць, што яны ўсё кантралююць. Паказаць Лукашэнку, што яны не дарма ядуць свой хлеб. Гэта такі піяр», — мяркуе Жыгар.
Таксама суразмоўца кажа пра асноўныя праблемы беларускіх сілавікоў напярэдадні выбараў 2025 году — не стае кадраў, каб рабіць рутынную працу.
«Супрацоўнікаў стала менш, нават пры той кадравай палітыцы, якую вядзе МУС. У 2020 годзе ўжо было мала супрацоўнікаў, а цяпер іх яшчэ менш. Упор робяць на АМАП, патрульную службу, там імкнуцца ўкамплектаваць. А гэта не яны раскрываюць злачынствы, праводзяць праверкі па заявах грамадзян. Гэта проста сілавая падтрымка, а звычайных супрацоўнікаў не хапае», — кажа Жыгар.
Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня. Міжнародная супольнасьць не прызнае вынікаў беларускіх выбараў больш за 20 гадоў. Апошняя прэзыдэнцкая кампанія скончылася масавымі пратэстамі і іх здушэньнем з выкарыстаньнем зброі, тэхнікі і спэцсродкаў. Сотні тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну, больш за 1300 чалавек, якія знаходзяцца за кратамі, прызнаныя палітвязьнямі. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што асуджаных з палітычных матываў у Беларусі можа быць значна болей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі перад выбарамі трэнуюцца разганяць пратэсты «па ўсёй краіне»