Рада дырэктараў МАГАТЭ, які складаецца з 35 краін, 21 лістапада прыняла рэзалюцыю, якая загадвае Ірану палепшыць супрацоўніцтва з Агенцтвам атамнай энэргіі ААН і прадставіць да вясны «вычарпальную» справаздачу аб разьвіцьці сваёй ядзернай праграмы.
Заходнія краіны, якія прапанавалі тэкст рэзалюцыі, імкнуцца аказаць ціск на Іран, каб той пачаў перамовы аб новых абмежаваньнях на разьвіцьцё ядзернай праграмы Тэгерана.
Ёсьць сумневы, ці падтрымае абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп гэтыя перамовы пасьля ўступленьня на пасаду ў студзені 2025 году, паведамляе Reuters.
Падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну Трамп распачаў кампанію «максымальнага ціску», каб узмацніць санкцыі супраць Ірану, і ў аднабаковым парадку вывеў ЗША са знакавай дамовы 2015 году, якая адмяніла некаторыя санкцыі супраць Ірану ў абмен на абмежаваньне яго ядзернай праграмы.
Іран часта выказвае абурэньне рэзалюцыямі, накіраванымі супраць кіраўніцтва краіны, якая распрацоўвае ядзерныя тэхналёгіі, нягледзячы на супраціў вядучых ядзерных дзяржаў сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранскі журналіст скончыў жыцьцё самагубствам на знак пратэсту супраць іранскага рэжыму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вене аднавіліся ядзерныя перамовы з Іранам. Чаго хочуць бакі