20 лістапада стала вядома, што зь Віетнаму экстрадавалі грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка, былога ваяра палку імя Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а затым пераехаў ва Ўкраіну, дзе служыў намесьнікам камандзіра батальёну «Волат». Раней Літва забараніла былому каліноўцу ўезд у Эўразьвяз праз «пагрозу нацыянальнай бясьпецы».
Арганізатары акцыі ў Вільні заклікалі міжнародную супольнасьць:
- Зьмяніць падыходы да разгляду спраў аб міжнароднай абароне, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставін кожнага выпадку.
- Разарваць супрацоўніцтва зь сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь.
- Прыпыніць двухбаковыя дамовы аб экстрадыцыі і прававой дапамозе з Рэспублікай Беларусь.
- Уключыць Васіля Верамейчыка ў абменны фонд для абмену на палонных расейскіх вайскоўцаў. Раней да гэтага таксама заклікаў полк імя Кастуся Каліноўскага.
Таксама былі агучаныя наступныя патрабаваньні да ўладаў Літвы:
- Забясьпечыць, каб вэтэраны і ваяры Ўзброеных сілаў Украіны беларускага паходжаньня не прызнаваліся пагрозай і не высылаліся з краіны.
- Стварыць празрыстыя працэдуры для справядлівага і гуманнага падыходу да тых, хто змагаўся за дэмакратыю і шукае прытулку ў Літве.
- Забясьпечыць, каб дэзынфармацыя, якую распаўсюджвае расейская прапаганда, не фармавала літоўскія рашэньні, якія маглі б нашкодзіць барацьбе за агульныя каштоўнасьці.
21 лістапада полк Каліноўскага, улады Літвы і Офіс Ціханоўскай адрэагавалі на дэпартацыю Верамейчыка ў Беларусь.
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рашэньне аб прызнаньні Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бясьпецы прынялі з улікам інфармацыі, пададзенай Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы (ДДБ). Пры гэтым Білатайце заявіла, што ДДБ павінен растлумачыць дакладную падставу адпаведнага рашэньня.
Аб’яднаны пераходны кабінэт, у сваю чаргу, падкрэсьліў, што прыцягне ўвагу міжнародных партнэраў да сытуацыі з Васілём Верамейчыкам.