У Пэнтагоне пацьвердзілі, што Расея папярэдзіла ЗША аб запуску ракеты «Арэшнік»

Афіцыйная прадстаўніца Пэнтагону Сабрына Сынгх. Архіўнае фота

У Пэнтагоне пацьвердзілі ўдар Расеяй па тэрыторыі Ўкраіны новай балістычнай ракетай «Арэшнік», зробленай на аснове мадэлі міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты РС-26 «Рубеж».

«Злучаныя Штаты былі папярэдне каротка апавешчаныя перад запускам па каналах зніжэньня ядзернай рызыкі», — сказала афіцыйная прадстаўніца Пэнтагону Сабрына Сынгх.

Прадстаўніца Пэнтагону назвала рыторыку расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна «небясьпечнай і неабдуманай», якую ён выкарыстоўваў і раней.

«Вядома, мы будзем сур’ёзна ставіцца да рыторыкі з боку Расеі. Але наша ўвага застаецца на ўзбраеньні Ўкраіны і яе падтрымцы ў тым, што ёй найбольш патрэбна на полі бою. І як напамін, паколькі гэтая неабдуманая рыторыка працягваецца, Пуцін можа спыніць гэтую вайну сёньня. Ён можа вырашыць вывесьці расейскія войскі і пакончыць з гэтым, скончыць сваю агрэсіўную вайну па сваёй ініцыятывае. Такім чынам, мы будзем працягваць засяроджвацца на тым, што патрэбна Ўкраіне на полі бою», — заявіла Сабрына Сінгх.

21 лістапада ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што раніцай Расея з Астраханскай вобласьці запусьціла на ўкраінскі горад Дніпро міжкантынэнтальную балістычную ракету. Адбылося гэта празь некалькі дзён пасьля паведамленьняў аб тым, што Ўкраіна выкарыстала пастаўленыя Вялікай Брытаніяй ракеты Storm Shadow і вырабленыя ў ЗША сыстэмы ATACMS для нанясеньня ўдараў па вайсковых аб’ектах у глыбіні Расеі пасьля доўгачаканага дазволу прэзыдэнта Джо Байдэна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала горад Дніпро міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай, імаверна, РС-26 «Рубеж»


Увечары 21 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў зь неанансаваным зваротам да грамадзян, у якім, сярод іншага, заявіў, што Расея нанесла ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай і назваў гэта адказам на дазвол Захаду Ўкраіне атакаваць мэты на тэрыторыі Расеі дальнабойнай зброяй.

Уладзімір Пуцін удакладніў, што для ўдару па Дніпры Расея выпрабавала найноўшую балістычную ракету «Арэшнік» у бязьядзерным гіпэргукавым абсталяваньнію. Паводле яго, гэта была ракета сярэдняй далёкасьці, а не міжкантынэнтальная ракета, як паведамілі ва Ўкраіне. Балістычныя ракеты сярэдняй далёкасьці здольныя пераадольваць адлегласьць ад 3000 да 5500 кілямэтраў, міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты — больш за 5500 км.

Раней пра гэтую ракету не паведамлялі ні расейскія СМІ, ні вайскоўцы, таму якой-кольвек інфармацыі пра яе няма. Пуцін падкрэсьліў, што гэтую ракету нібыта ня могуць перахапляць сучасныя, у тым ліку амэрыканскія, сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Пуцін таксама заявіў, што Расея пакідае за сабой права выкарыстоўваць і ў далейшым гэтыя ракеты, аднак плянуе загадзя папярэджваць «грамадзян дружалюбных дзяржаваў», якія могуць знаходзіцца ў плянаваных мэтах ракетнага ўдару.

Пасьля выступу Пуціна ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея папярэдзіла ЗША пра пуск «Арэшніка» па лініі Расейскага нацыянальнага цэнтру памяншэньня ядзернай небясьпекі за 30 хвілінаў да пуску".

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея нанесла ўдар па Дняпры новай балістычнай ракетай