Людзей эвакуаваў самалёт Міністэрства па надзвычайных сытуацыях (МНС) Расеі, які даставіў у Лібан чарговую партыю гуманітарнай дапамогі.
Адзначаецца, што эвакуаваныя беларусы і расейцы «апынуліся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі і пацярпелі ад ваенных дзеяньняў».
З пачатку лістапада гэта ўжо трэцяя група, якая вылецела зь Лібану бартамі МНС у Расею. Ці былі ў ранейшых групах беларусы, не паведамляецца.
25 верасьня амбасада Беларусі ў Сырыі апублікавала паведамленьне, у якім заклікала беларусаў устрымацца ад паездак у Лібан, а тым, хто ўжо там знаходзіцца, пакінуць краіну «любымі магчымымі спосабамі». «Рэкамэндуем пакінуць краіну камэрцыйнымі рэйсамі. У выпадку немагчымасьці выкарыстоўваць наяўныя авіязносіны рэкамэндуем пераехаць на больш бясьпечныя тэрыторыі», — паведамілі ў амбасадзе.
16 кастрычніка МЗС Беларусі таксама прапанавала беларусам самастойна вырашаць пытаньне з эвакуацыяй і пакінуць Лібан за свой кошт. Ведамства пералічыла шэраг рэгулярных рэйсаў, у тым ліку зь перасадкай у Маскве, якімі беларусы могуць вярнуцца дадому, а ўладальнікам шэнгенскай візы прапанавала таксама варыянт зь перасадкай у эўрапейскіх гарадах на аўтобус да Менску.
26 кастрычніка МЗС Беларусі заявіла, што чарговае абвастрэньне сытуацыі ў рэгіёне Блізкага Ўсходу «небясьпечна некантралюемай эскаляцыяй гвалту і выклікае крайнюю занепакоенасьць», і рэкамэндавала беларусам не наведваць краіны Блізкага Ўсходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль працягвае ўдары па Лібане, «Хэзбала» спрабавала атакаваць Тэль-Авіў. Беларусам раяць пакінуць Лібан- Абвастрэньне канфлікту паміж Ізраілем і «Хэзбалой», якія варагуюць ужо дзесяцігодзьдзі, пачалося ў кастрычніку 2023 году, пасьля пачатку вайны ў сэктары Газа. «Хэзбала» карыстаецца значным уплывам у Лібане, які мяжуе з Ізраілем на поўдні. Групоўка, якая карыстаецца падтрымкай Ірану, выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
- Асабліва абвастрылася сытуацыя ў верасьні, калі ў Лібане на працягу двух дзён выбухалі сродкі сувязі, якія належалі ўдзельнікам «Хэзбалы». Паводле крыніц Reuters, у выніку гэтых нападаў каля 1500 баевікоў «Хэзбалы» атрымалі цяжкія раненьні — шмат хто страціў зрок або верхнія канцавіны. Загінулі дзясяткі людзей, сярод якіх былі і мірныя жыхары. Ізраіль афіцыйна ня ўзяў на сябе адказнасьці за выбухі.
- Як адзначаюць СМІ, нават аднаразовая страта паўтары тысячы чалавек, аднак, ня стала фатальным ударам для «Хэзбалы», у шэрагах якой, паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, каля 50 тысяч узброеных байцоў.
- Канфлікт у Газе ўсё яшчэ працягваецца, у той час як Ізраіль цяпер таксама ваюе на другім фронце на поўдні Лібану супраць «Хэзбалы». Ізраіль рэгулярна наносіць авіяўдары па ўсім Лібане, уключаючы Бэйрут, а таксама арганізаваў у кастрычніку наземнае ўварваньне на поўдзень Лібану, імкнучыся зьнішчыць рэсурсы і кіраўніцтва «Хэзбалы».