Міжнароднае журы фэсту Post Northern Lights Film Festival in Belarus прысудзіла ўзнагароду фільму «Пад шэрым небам» беларуска-польскай рэжысэркі Мары Тамковіч аднагалосна. Фільм прысьвечаны гісторыі сямейнай пары беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, якія застаюцца ў зьняволеньні ў Беларусі.
У склад журы конкурсу ўвайшлі эстонская кінапрадусарка Марэянэ Острат, кінапрадусарка і дырэктарка кінафэстывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, беларуская рэжысэрка і журналістка Ганна Бадзяк.
Яны абгрунтавалі выбар пераможцы так:
«Праз разумныя і ўпэўненыя мастацкія выбары рэжысэрка дае нам прымераць боты сьмелай беларускай журналісткі, арыштаванай за вядзеньне трансьляцыі з жорсткага падаўленьня мірных пратэстаў. Мы разумеем і ўхваляем экзыстэнцыйны выбар галоўнай гераіні і спачуваем яе мужу, пакуль яна працягвае змагацца зь дзяржавай, якая разбурае іх ранейшае сямейнае жыцьцё».
Спэцыяльнымі адзнакамі экспэрты ўганаравалі два фільмы — дакумэнтальную карціну «Непажаданае сваяцтва» і поўнамэтражную вэрсію сэрыялу Андрэя Кашперскага «Працэсы».
«Журы вырашыла прысудзіць ганаровую адзнаку фільму [„Непажаданае сваяцтва“] пра ўдзел Беларусі ў вайне Расеі ва Ўкраіне. Зьняты далёка ад лініі фронту, твор уздымае вострае пытаньне адказнасьці, ён прапаноўвае рэжысэрскі погляд, але засяроджваецца на цывільных ахвярах вайны і іх ашаламляльных сьведчаньнях, падкрэсьленых яркім кантрастам са спакойнымі, сьветлымі кадрамі. Журы цэніць маральную інтраспэктыўнасьць карціны, якая заходзіць далёка за лінію фронту», — сказана ў тлумачэньні выбару журы.
Гаворачы пра карціну Андрэя Кашперскага «Працэсы», журы назвала яе «сьмелай сатырай пра прыгнёт, гвалт і палітычную індактрынацыю» і адзначыла, што «эпізодная структура фільму дазваляе агледзець Беларусь нібы праз калейдаскоп, як тэатар абсурду». Канцэпт і арыгінальнасьць фільму ўразілі журы».
- Фэстываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краінаў сёлета праходзіў з 4 па 21 лістапада. У рамках яго можна было паглядзець 14 фільмаў Беларускага конкурсу і дзьве стужкі пазаконкурснай сэкцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва».
- Паказы адбываліся онлайн і офлайн у Таліне і Вільні, а таксама ўпершыню ў Варшаве.