Горадзенскага грамадзкага дзеяча Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў турмы

Ежы Грыгенча

Абласны суд у Горадні 21 лістапада завочна вынес прысуд грамадзкаму актывісту Ежы Грыгенчу.

Яму прызначылі шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў). Справу разглядаў судзьдзя Васіль Скок.

Яго прызналі вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў.

Ежы Грыгенча — вядомы горадзенскі грамадзка-палітычны дзяяч, якога раней неаднаразова затрымлівалі. З 2020 году ён у вымушанай эміграцыі. Спэцыяльнае вядзеньне супраць яго распачалі яшчэ ў лістападзе 2023 году. Па месцы былога жыхарства Грыгенчы прайшлі некалькі ператрусаў, на маёмасьць Грыгенчы і яго жонкі наклалі арышт.

Горадзенца абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Справу Ежы Грыгенчы пачалі разглядаць у Горадзенскім абласным судзе 11 лістапада. Ужо 21 лістапада ў судзе агучылі прысуд. Штраф памерам 40 000 рублёў быў прызначаны за «абразу Лукашэнкі», адзначае «Вясна».

Меру стрыманьня Ежы да ўступленьня прысуду ў законную сілу пакінулі ранейшую — заключэньне пад варту. Часовае абмежаваньне права на выезд Грыгенчы з Рэспублікі Беларусь мусяць скасаваць пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу. У мэтах забесьпячэньня выплаты штрафу арышт, накладзены на яго маёмасьць, не зьнялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 1200 чалавек асудзілі за «паклёп» і «абразу» Лукашэнкі за 4 гады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Алене Масьлюковай завочна прысудзілі тры гады зьняволеньня