Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы Алене Масьлюковай завочна прысудзілі тры гады зьняволеньня


Алена Масьлюкова, архіўнае фота
Алена Масьлюкова, архіўнае фота

Прысуд у Гомельскім абласным судзе 15 кастрычніка абвясьціў судзьдзя Сяргей Багінскі — тры гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, даведаліся праваабаронцы.

Алену Масьлюкову судзілі паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), санкцыя артыкула прадугледжвала да 7 гадоў зьняволеньня.

Што канкрэтна ставілі ў віну Масьлюковай, праваабаронцам невядома. Камэнтуючы крымінальную справу супраць сябе, Алена Масьлюкова неаднойчы адзначала, што ёй не даюць інфармацыі пра сутнасьць абвінавачаньня.

Спэцвядзеньне ў дачыненьні да праваабаронцы распачаў 23 траўня Сьветлагорскі раённы аддзел Сьледчага камітэту.

Ужо больш за тры гады Алена Масьлюкова жыве за мяжой, працягваючы праваабарончую дзейнасьць. Камэнтуючы крымінальную справу супраць сябе, Масьлюкова казала Свабодзе, што гэта не паўплывае на яе праваабарончую дзейнасьць і яна «як працавала, гэтак і будзе працаваць».

Алена Масьлюкова са Сьветлагорску, там яна працавала выкладчыцай у мясцовай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, а таксама ўзначальвала сьветлагорскую філію праваабарончага цэнтру «Вясна». Была актывісткай кампаній «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня», «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у 2018 годзе была ў ліку ініцыятараў кампаніі супраць будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску, таксама шмат змагалася за прыняцьце закону супраць хатняга гвалту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG