Ад 20 да 82, журналіст ці адвакат, дапамагаў асуджаным. Калектыўны партрэт беларускага экстрэміста

Пратэсты 2020 году ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Самаму маладому «экстрэмісту» было 16, калі яго асудзілі па адпаведным артыкуле, самаму старому — 82 гады. У сьпісах асуджаных за «экстрэмізм» — цэлыя сем’і, шматдзетныя маці, цяжкахворыя людзі, асобы з інваліднасьцю. Сярод беларускіх «экстрэмістаў» — журналісты, адвакаты, прадстаўнікі ІТ-сфэры.

Свабода падлічыла, колькі ў Беларусі «экстрэмістаў» і асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмізму, а таксама расказвае, каго і за што цяпер запісваюць у экстрэмісты.

Юрыст праваабарончай арганізацыі Human Constanta Яўген (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у размове са Свабодай кажа, што ў бальшыні цывілізаваных дэмакратычных краінаў наагул няма «экстрэмісцкага заканадаўства» і асобных артыкулаў, дзе такі тэрмін, як «экстрэмізм» згадваўся б. Адпаведна, і адзінага вызначэньня тэрміну «экстрэмізм» не існуе.

«Экстрэмізм — паняцьце палітычнае, а не прававое. І як яго тлумачыць — залежыць ад пэўнага гістарычнага пэрыяду, кантэксту, ад таго, хто сёньня ва ўладзе. Тыя дзеяньні, што цяпер лічацца экстрэмісцкімі, магчыма, праз 10 гадоў будуць лічыцца нармальнымі. Для адных людзей нейкія дзеяньні — гэта барацьба за свабоду. Для іншых гэта экстрэмізм. Такі тэрмін апрыёры не павінен быць замацаваны ў заканадаўстве, таму што ён вельмі і вельмі суб’ектыўны», — мяркуе юрыст Human Constanta.

У Беларусі да красавіка 2016 году паняцьця «экстрэмізм» не было ў крымінальным праве, хоць з 2007 году дзейнічаў асобны закон «Аб процідзеяньні экстрэмізму». Артыкулам 130 Крымінальнага кодэксу было прадугледжана толькі «распальваньне нацыянальнай альбо рэлігійнай варажнечы».

У красавіку 2016 году Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах», зьмены ў Крымінальны кодэкс (у артыкулы 130, 295, 361), а таксама папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Тады ўвялі крымінальную адказнасьць за экстрэмізм, выкарыстаньне кактэйляў Молатава, распальваньне сацыяльнай варажнечы, а таксама адміністрацыйную адказнасьць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмізму.

Аднак да 2021 году такія справы ў судах былі адзінкавыя. Юрысты ўзгадваюць хіба што справу карэспандэнтаў расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum, якіх абвінавацілі ў «распальваньні сацыяльнай варажнечы» (ч.1 арт. 130 КК). Ды яшчэ пару прысудаў анархістам.

Пратэсты ў Менску, 2020 год. Здымак Паўла Крычко

4618 экстрэмістаў у пераліку МУС

Пад азначэньне «экстрэмісцкіх» фактычна падпадае практычна ўвесь спэктар пратэставых дзеяньняў: ад удзелу ў так званых «масавых беспарадках» (арт. 342) да абразы службовай асобы (арт. 368), уключна з артыкуламі 130, 130-1, 130-2, 289, 290-1, 290-2, 356, 357, 361, 361-1, 361-2, 361-3, 361-4, 369-1.

На сёньняшні дзень у пераліку «грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць» (яго вядзе Міністэрства ўнутраных спраў) — 4618 асобаў. Сьпіс складаецца з чатырох частак, першыя тры ўключаюць прыкладна па 1400 чалавек кожная, нядаўна зьявілася чацьвёртая частка, агулам пералік займае каля 700 старонак. Абнаўляецца ён кожную пятніцу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры месяцы ў Беларусі завялі сама меней 142 крымінальныя справы за «экстрэмізм», — Human Constanta

Партрэт беларускага экстрэміста: яму ад 20 да 82 гадоў

Самы малады «экстрэміст» — 2004 году нараджэньня. То бок падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе яму было толькі 16, ён асуджаны паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне варожасьці»).

Самаму старому беларускаму «экстрэмісту» 82 гады, а самай пажылой «экстрэмістцы» — 78. Яны асуджаныя паводле часткі 1 артыкула 368 КК («Зьнявага прэзыдэнта»).

У пераліку «грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць», прыкладна тры чвэрці мужчын і адна чвэрць жанчын.

У сьпісах цэлыя сем’і (па 3–4 чалавекі, напрыклад бацька і дзеці). Ёсьць некалькі шматдзетных маці, цяжкахворыя людзі, асобы з інваліднасьцю.

Вылучаецца шэраг групаў «экстрэмістаў» па прафэсіях. Фактычна ўсе журналісты, якія цяпер за кратамі (а іх больш за 30), прызнаныя экстрэмістамі. Таксама экстрэмістамі абвешчаныя адвакаты, асуджаныя на вялікія тэрміны (ад 6 да 10 гадоў), прадстаўнікі ІТ-сфэры, якія «данацілі», дапамагалі палітзьняволеным матэрыяльна.

У кастрычніку ў гэты пералік уключылі 20 так званых «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай»: гэта вядомыя мэдыйныя асобы, якія маюць навуковыя ступені, атрымалі адукацыю ў замежных унівэрсытэтах. Сярод іх Рыгор Астапеня, Юры Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Павал Вусаў ды іншыя. То бок значная колькасьць «экстрэмістаў» — інтэлектуалы, якія маюць якасную адукацыю.

Сілавікі на вуліцах Менску, лістапад 2020 году

Супярэчаньне прававым нормам

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць Закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», «Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (новая, зацьверджаная пятым «Усебеларускім народным сходам» 25 красавіка 2024 году), пастанова Савету міністраў № 575 «Аб захадах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». У Крымінальным кодэксе санкцыі «экстрэмісцкіх» артыкулаў былі абноўленыя ў 2024 годзе.

Намесьнік старшыні і юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў лічыць, што тое вызначэньне экстрэмізму, якое выкарыстоўвае беларускае заканадаўства, не адпавядае міжнародным стандартам.

«На міжнародным узроўні экстрэмізм прадугледжаны толькі ў тым выпадку, калі ён гвалтоўны, утрымлівае заклікі да гвалту альбо ўжываньне гвалту. У Беларусі ж ёсьць вельмі вялікі пералік дзеяньняў, якія могуць утвараць з пункту гледжаньня беларускіх уладаў экстрэмізм. І, адпаведна, гэта вельмі адрозьніваецца ад міжнародных стандартаў. Беларускі падыход — гэта проста супярэчаньне прававым нормам, правам чалавека і абсалютна нелегітымнае абмежаваньне актыўнасьцяў», — мяркуе юрыст Алег Агееў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 кастрычніка: У Браславе за «экстрэмізм» асудзілі кіраўніка паляўнічага таварыства

Юрыст праваабарончай арганізацыі Human Constanta Яўген зноў падкрэсьлівае, што ў Беларусі няма адзінага вызначэньня экстрэмізму, нягледзячы на тое, што ёсьць профільны закон.

«У Законе „Аб процідзеяньні экстрэмізму“ вызначана каля 25 дзеяньняў. І пры гэтым экстрэмісцкімі могуць прызнавацца самыя звычайныя злачынствы (забойства, падлог дакумэнтаў, хуліганства), калі ўлады палічаць, што яны зьдзейсьненыя з матываў распальваньня варажнечы.

Потым зьявіўся Закон „Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь“. Згодна зь ім людзей можна пазбаўляць грамадзянства за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці. Там пералік артыкулаў значна большы. І яны не супадаюць з артыкуламі Закону „Аб процідзеяньні экстрэмізму“. Ствараецца блытаніна.

Да таго ж ёсьць яшчэ „Пералік грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць“, што складае МУС. Паводле лёгікі, туды павінны ўключаць людзей, якіх асудзілі па гэтых экстрэмісцкіх артыкулах. Але туды ўносяць вельмі шмат „палітычных“, асуджаных па пратэставых артыкулах», — тлумачыць юрыст Human Constanta Яўген.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў

Перасьлед як нацыянальная палітыка

Праўнік НАУ, сябра Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк зьвяртае ўвагу яшчэ на адну адметнасьць вызначэньня экстрэмізму ў Беларусі. На яго думку, часьцяком улады заплюшчваюць вочы на сапраўдных экстрэмістаў міжнароднага маштабу і не заводзяць крымінальныя справы. А за праявы беларускасьці грамадзян Беларусі ўносяць у пералік экстрэмістаў.

«У Беларусь прыяжджаў сапраўдны расейскі нэанацыст Аляксей Мільчакоў, кіраўнік экстрэмісцкай групоўкі ДШРГ „Русіч“, які ўчыняў цяжкія злачынствы на нацыянальнай глебе на Данбасе, выкладаў іх на відэа. Ён у Беларусі прасоўвае наратывы „рускага міру“, вучыць беларускую моладзь патрыятызму, і гэта падтрымліваецца ўладамі. І супраць яго справу за экстрэмізм не ўзбуджаюць.

А заснавальніка Symbal.By, сапраўднага патрыёта сваёй краіны Паўла Белавуса пасадзілі фактычна за прасоўваньне беларускай нацыянальнай ідэі. Намесьнік галоўнага рэдактара „Нашай Нівы“ адзначаў, як жорстка ў турмах ставяцца да людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Перасьлед беларусаў у Беларусі — гэта ўжо нацыянальная палітыка», — заўважае Міхаіл Кірылюк.

Як паведамляецца на сайце МУС, «праца па прыцягненьні ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фармаваньняў да крымінальнай адказнасьці будзе весьціся накіравана, з улікам ролі кожнага ўдзельніка, зыходзячы з сабраных доказаў».

За апошнія паўгода (з 10 траўня па 10 лістапада) колькасьць экстрэмістаў павялічылася прыкладна на 600 чалавек.

Міхаіл Кірылюк

Толькі за тры месяцы (зь ліпеня па верасень 2024 году) Human Constanta зафіксавала як мінімум «142 новыя крымінальныя справы і 119 прысудаў на „экстрэмісцкіх“ падставах (гэта без уліку спраў, зьвязаных з абвінавачаньнямі ва ўдзеле ў мірных пратэстах і абразамі службовых асоб). Усяго за тры месяцы было зафіксавана каля 800 выпадкаў парушэньня правоў чалавека ў сувязі з прымяненьнем „антыэкстрэмісцкага“ заканадаўства, у тым ліку як мінімум 310 прысудаў у крымінальных справах і як мінімум 135 адміністрацыйных затрыманьняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыяспару беларусаў сьвету» прызналі «экстрэмісцкай»

«Падкормлівала каўбасой сям’ю экстрэміста»

У апошнія тры месяцы масава судзілі жанчын, якія падтрымлівалі палітзьняволеных і іх сваякоў, дасылалі грашовыя пераводы, пасылкі ў СІЗА, замаўлялі і аплачвалі дастаўку прадуктаў. Усе яны былі затрыманыя падчас рэйду КДБ у студзені 2024 году. Прычым сілавікі прыходзілі і да тых, хто атрымліваў харчовую дапамогу. Праваабаронцам вядома пра 17 асуджаных за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (Ірына Пагадаева, Ксенія Суша, Аксана Ляпко, Ірына Бандарэнка, Надзея Лескавец, пэнсіянэркі Ірына Такарчук, Натальля Малец ды іншыя), яны атрымалі па 3 гады турмы.

Сваячка адной са зьняволеных жанчын абураецца, як дэградуюць беларускія ўлады.

«З маленства нас выхоўвалі ў хрысьціянскіх каштоўнасьцях: дапамажы бліжняму, падзяліся апошнім з тымі, каму цяжка. Людзей пазбавілі свабоды, пасадзіўшы за краты, родных пазвальнялі з працы, дзяцей няма чым карміць. А неабыякавых, высакародных людзей, якія дапамаглі, таксама саджаюць — яны нібыта садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасьці, аплаціўшы прадукты зь Е-дастаўкі. Сілавікі, якія зладзілі аблаву, цынічна казалі, што мая сваячка „падкормлівала каўбасой сям’ю экстрэміста“. Як нізка сілавікі, судзьдзі дэградавалі! За дапамогу, спачуваньні, міласэрнасьць жанчына атрымала 3 гады турмы — гэта дно абсурду, цынізму, маразму, у мяне проста не хапае слоў...» — кажа суразмоўца.

Міхаіл Кірылюк, праўнік НАУ і сябра Каардынацыйнай рады, узгадвае нават Нагорную пропаведзь.

«Паўсюль дапамога, перадачы ў турму — гэта дабрачыннасьць, частка хрысьціянскага сьветапогляду, гэта ўпамінаецца нават у Нагорнай пропаведзі. А тут за дапамогу невінаватаму, які сядзіць у турме, людзей таксама кідаюць за краты. Гэта вельмі страшны ўзровень зьнявагі да правоў чалавека, да праявы маральных каштоўнасьцяў.

Гэта азначае, што нават на чацьвёрты год жорсткага сілавога ўтрыманьня ўлады Лукашэнка і яго паплечнікі не адчуваюць сябе ў бясьпецы. Таму намагаюцца падтрымліваць у краіне атмасфэру страху і тэрору, бо відавочна лічаць яе адзінай крыніцай улады», — разважае юрыст.

Юрыст Human Constanta адзначае іншыя новыя тэндэнцыі: па экстрэмісцкіх артыкулах сталі судзіць нават прыхільнікаў улады, прарасейскіх актывістаў, сябраў праўладных прафсаюзаў.

«У другім квартале за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў па адміністратыўцы судзілі дзейнага супрацоўніка МУС.

Самыя папулярныя групы для „наездаў“ за экстрэмізм — блогеры, журналісты (нават не апазыцыйныя, якія застаюцца ў краіне), супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў (калі праходзяць масавыя рэйды-зачысткі). Яшчэ асобная пільная ўвага да каталіцкіх сьвятароў. Хоць выдзеліць уразьлівыя групы вельмі цяжка. Настолькі гэта канвэерна, што трапляюць і пэнсіянэры, і шматдзетныя бацькі, і непаўналетнія», — падсумоўвае юрыст Human Constanta Яўген.

Затрыманьне ўдзельніка пратэстаў на вуліцах Менску, восень 2020 году

Чаму колькасьць экстрэмістаў не зьмяншаецца

Амаль паўтары сотні чалавек, асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, былі памілаваныя Лукашэнкам у апошнія некалькі месяцаў. Аднак колькасьць «экстрэмістаў» у Беларусі практычна не зьмяншаецца. Экспэрты называюць некалькі прычын гэтага.

Па-першае, прынамсі за трэці квартал 2024 году было затрымана больш людзей, чым было памілавана альбо выйшлі на волю. У сьпісе «экстрэмістаў» застаюцца людзі, якія цалкам адбылі пакараньне (блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін, адміністратарка чату Ірына Шчасная ды іншыя), а таксама памілаваныя Лукашэнкам — яны вызваляюцца безь зьняцьця судзімасьці. Такім чынам, усе яны застаюцца абмежаванымі ў правах.

Грамадзяне, уключаныя ў пералік экстрэмістаў, да пагашэньня судзімасьці і на працягу яшчэ 5 гадоў пасьля пагашэньня маюць цэлы шэраг забаронаў: адкрыцьцё банкаўскага рахунку, разавыя плацяжы, пераводы, паступленьні, іншыя апэрацыі падпадаюць пад асаблівы фінансавы кантроль, адзначае намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

«Калі чалавек знаходзіцца ў гэтым пераліку, ён мае шэраг абмежаваньняў: па рахунках, грашовых пераводах, ня можа займаць пэўныя пасады.

Гэта вельмі адчувальна — чалавек ня можа адкрыць рахунак, ня можа на працу ўладкавацца, гэта фактычна абмежаваньне ў правах», — перакананы юрыст БАЖу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Дзясяткі тысяч

На сайце МУС, акрамя Пераліку экстрэмістаў, ёсьць яшчэ сьпіс 245 экстрэмісцкіх арганізацый, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, СМІ, дваровых чатаў і нават музычных гуртоў, а ў некаторых зь іх дзясяткі асобаў. Ён займае 67 старонак.

Акрамя гэтага, існуе і сьпіс тэрарыстаў, у якім 1289 асобаў. Яго вядзе КДБ: дадае як сапраўдных тэрарыстаў з замежных санкцыйных сьпісаў, так і беларусаў, асуджаных паводле пэўных артыкулаў. Сьпіс тэрарыстаў можна пабачыць у тэлеграм-канале @KGB_BY_channel.

Больш за 700 зь іх — іншаземцы з самых розных краінаў: Сырыі, Самалі, Афганістану, Карэі, Конга, Лібіі, Пакістану, Тунісу, Грузіі ды іншых. Гэтыя людзі ўключаныя Камітэтам Рады Бясьпекі ААН. Беларусаў у гэтым пераліку каля 570. Яны асуджаныя паводле палітычных артыкулаў КК (130, 361, 293, 289).

Да таго ж улады прызналі экстрэмісцкімі ўжо некалькі тысяч публікацый і матэрыялаў, сьцьвярджае намесьнік старшыні БАЖ юрыст Алег Агееў.

«Прычым пад «экстрэмістаў» падпадаюць ня толькі ўладальнікі крыніц гэтых матэрыялаў, але і любая асоба, якая лайкнула альбо пераслала так званыя экстрэмісцкія матэрыялы. Яна таксама лічыцца экстрэмістам. Для яе можа наступіць адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе штрафу ці адміністрацыйнага арышту да 15 сутак.

У судзе нічога і даказваць ня трэба, мы ж адсочваем гэтыя працэсы. «Вось старшыня КДБ прызнаў мэдыя экстрэмісцкім, ты маеш дачыненьне да экстрэмісцкага фармаваньня, табе 3 гады пазбаўленьня волі за інтэрвію экстрэмісцкаму СМІ», — расказвае юрыст БАЖ.

Большую частку мэдыя ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў уносіў КДБ. Працэдура непразрыстая, публічна невядома, як менавіта спэцслужбы вызначаюць «экстрэмісцкі» характар той ці іншай публікацыі або матэрыялу.

«Суд, які павінен разглядаць справу, фактычна яе не разглядае. Ён бярэ загад КДБ і проста прызнае чалавека вінаватым за лайк ці перапост па адміністратыўнай справе. А за інтэрвію так званаму экстрэмісцкаму СМІ прызначае рэальны тэрмін. Гэта проста, прабачце, трындзец, далей пАдаць ужо нельга. Само паняцьце экстрэмізму неправавое, працэдура неправавая, абскардзіць няма як. Гэта клясычны варыянт палітычна матываванага перасьледу», — тлумачыць намесьнік старшыні і юрыст БАЖ Алег Агееў.