У жодзінскай турме № 8 на турэмным рэжыме ўтрымліваюць дзясяткі палітвязьняў, сярод іх Сяргей Ціханоўскі, блогер Эдуард Пальчыс, лекар і валянтэр Андрэй Любецкі, анархіст Ігар Аліневіч, журналіст Дзяніс Івашын ды іншыя.
Паводле зьвестак крыніцы Свабоды, якая кантактуе са сваякамі палітвязьняў, на іх працягваецца трывалы ціск з боку адміністрацыі.
«Усім забаранілі харчовыя перадачы, званкі, мэдыцыну. Рэгулярна, без усялякіх прычын, кожныя некалькі месяцаў па чарзе садзяць у ШЫЗА», — расказала крыніцы сваячка палітвязьня, які толькі нядаўна выйшаў з чарговага ШЫЗА.
Гэтыя зьвесткі пацьвердзіла сваячка іншага палітвязьня, але дадала зьвесткі пра свайго сядзельца.
«У нас званок раз на месяц застаўся. І адно кароткае спатканьне ў пачатку году ўсё ж было. А што да іншага, уключна з ШЫЗА, дык дакладна тое ж. Вось зноў пасядзеў у ШЫЗА. Кажа, што нібы здароўе нармальнае, але ён гэтак увесь час кажа, каб не турбаваць», — падзялілася сваячка палітвязьня.
Прычыны, за што палітвязьні трапляюць у ШЫЗА, іхным сваякам невядомыя.
«Гэта ж разнарадка, палітычных туды па чарзе водзяць, выдумляюць „парушэньні“ і караюць», — мяркуе жанчына.
Паводле крыніцы, у турме № 8 некаторым палітвязьням прапаноўвалі пісаць прашэньні аб памілаваньні.
«Кажуць, што ходзяць па турме, некаторым прапаноўваюць. Але каму, невядома», — зазначыла крыніца.
20 лістапада Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 32 палітвязьняў, сярод іх 8 жанчын і 24 мужчыны. Прозьвішчы памілаваных не названыя.
Некаторых палітвязьняў жодзінскай турмы № 8 трымаюць у гэтак званым рэжыме «інкамунікада» — калі працяглы час пра чалавека няма зьвестак. Так, з сакавіка 2023 году сваякі не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад стваральніка каналу «Краіна для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага, якога асудзілі на 19 з паловай гадоў зьняволеньня.
Усё часьцей сваякі палітвязьняў просяць журналістаў не называць іхных імёнаў, каб не ствараць дадатковых праблем для тых, хто знаходзіцца за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Там проста ламаюць людзей». Што вядома пра вязьніцу Сяргея Ціханоўскага і Ігара Аліневіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН і Радыё Свабода назвалі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру