Ужо сёньня: Слуцак паўстаў супраць бальшавікоў

Касьцяк Першага Беларускага партызанскага атраду на чале з Лукашам Сяменікам (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За атаманам — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 год

Падзеі дня 21 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

21 лістапада 1920 году Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Неўзабаве ў Слуцку разгарнулася антыбальшавіцкае паўстаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Калі і як БНР цэлы месяц вяла вайну супраць Савецкай Расеі

Таксама ў гэты дзень

1368 — адбылася Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ і вартавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, што непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла вялікаму князю Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася беспасьпяховай — за год да гэтага быў пабудаваны маскоўскі Крэмль.

Альгерд адыходзіць ад Масквы, 1370. Мініятура летапіснага зводу XVI стагодзьдзя

1910 — адбылося асьвячэньне касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёлу) на цяперашняй плошчы Незалежнасьці ў Менску. Пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году, Чырвоны касьцёл зачынілі для правядзеньня рамонту. Для вернікаў яго так і не адчынілі.

1926 — у Менску завяршыла сваю працу акадэмічная канфэрэнцыя рэформы беларускага правапісу. Гэта быў пік савецкай беларусізацыі. На яе прыехала шмат замежных навукоўцаў. А вось Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, прыехаць зь Вільні ня змог — яго не пусьцілі польскія ўлады.

Браніслаў Тарашкевіч і ягоная «Беларуская граматыка для школ»

1926 — адкрыты другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) — цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Тэатар імя Якуба Коласа

2013 — у Кіеве пачаўся шматтысячны мітынг, які прывёў да зьмены ўлады і ўвайшоў у гісторыю як Эўрамайдан.

У гэты дзень нарадзіліся

1869Казімер Стаброўскі, мастак.

1896 Зьміцер Прышчэпаў, беларускі савецкі дзяржаўны і грамадзкі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924—1929 гадах. Быў асуджаны да расстрэлу, памёр у 1940 годзе ў турэмным шпіталі ў Менску.

1910Міхаіл Суднік, беларускі мовазнаўца.

1925Сямён Герус, беларускі графік.

1957 Мірон (Міраслаў Хадакоўскі), гайнаўскі архіяпіскап, брыгадны генэрал, праваслаўны ардынары для Войска польскага.

У памяці

1790 — памёр Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» — ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі. Пане Каханку быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Князь жыў у Нясьвіжы, вакол яго асобы вілося шмат легендаў.

Караль Станіслаў Радзівіл, «Пане каханку»

1830 Ян Сьнядэцкі, астраном, матэматык, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту.

1985 Юрка Геніюш, беларускі паэт, загінуў пры нявысьветленых абставінах.