«Імкнуцца запоўніць кадравы дэфіцыт». Чаму Лукашэнка зноў узяўся за «дармаедаў»

Ілюстрацыйнае фота. Марш пратэсту супраць дэкрэту «аб дармаедах», 2017 год 

З 2015 году беларускія ўлады актыўна змагаюцца з «дармаедамі» пры афіцыйна нізкім беспрацоўі. Разьбіраемся, чым цяпер небясьпечны такі статус і чаму зь беспрацоўем дзяржава змагаецца карнымі мерамі.

16 лістапада Аляксандар Лукашэнка зноў згадаў пра «дармаедаў». То бок тых людзей, якія з тых ці іншых прычын афіцыйна не працуюць.

«Бамжоў, дармаедаў у краіне ня будзе. Усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю. Мы дапаможам. Мы дапаможам, дамо працоўнае месца, толькі ідзіце працаваць», — сказаў ён.

Некаторыя чыноўнікі на месцах тут жа адрэагавалі на заяву. У Менску анансавалі два кірмашы для незанятых у эканоміцы, дзе прапануюць больш за 200 вакансій: грузчыкі, прыбіральшчыкі, муляры, трактарысты, страхавыя агенты, кухары, зваршчыкі. Такія ж кірмашы праходзілі і ў мінулым месяцы.

Пры гэтым у рэспубліканскім банку вакансій на 20 лістапада 168 517 вакантных месцаў і на іх толькі 13 209 рэзюмэ, то бок ахвотных.

Кожны дзень тут зьяўляецца больш за тысячу вакансій і толькі 19 рэзюмэ.

Пратэсты супраць Дэкрэту № 3 у Менску, 2017 год

Каго цяпер лічаць «дармаедам»

У Беларусі існуе база тых людзей, каго дзяржава лічыць «дармаедамі». Гэта найперш тыя, хто, на думку дзяржавы, ня ўдзельнічае ў фінансаваньні эканомікі, не працуе і ня плаціць падаткаў. З гэтага году база абнаўляецца кожны месяц (раней абнаўлялася раз на тры месяцы. — РС). «Дармаедамі» прызнаюць тых, хто афіцыйна не працуе і ня плаціць падаткі. Такія людзі, калі яны ўласьнікі жыльля, цалкам аплачваюць ацяпленьне, газ і гарачую ваду.

Пры гэтым у беларускім заканадаўстве па-ранейшаму няма дакладнага вызначэньня, каго прызнаваць «дармаедам». Ёсьць толькі пералік асобаў, каго «дармаедамі» не прызнаюць.

Гэта тыя, хто працуе па працоўных дамовах у Беларусі ці ў краінах ЭАЭС; ІП, якія плацяць падаткі; людзі, якія працуюць па дамовах падраду і атрымліваюць прыбытак.

Таксама гэта фізычныя асобы, якія плацяць падаткі з прафэсійнай дзейнасьці; адвакаты, натарыюсы і вайскоўцы; асобы, якія займаюцца аграэкатурызмам; рамесьнікі, творчыя работнікі, сьвятары; асобы, якія займаюцца вытворчасьцю прадукцыі расьлінаводзтва і жывёлагадоўлі (пры гэтым яны мусяць стаць на ўлік у мясцовых органах улады).

Таксама «дармаедамі» ня лічацца асобы, якія стаяць на ўліку як беспрацоўныя, студэнты, сябры радаў дырэктараў арганізацый, калі маюць даход, бацькі ці апекуны дзіцяці з інваліднасьцю да 18 гадоў, а таксама маці, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў (пры ўмове іх пражываньня ў Беларусі).

Дармаедамі ня лічацца ўдзельнікі нацыянальнай зборнай; спартоўцы — навучэнцы спэцыялізаваных устаноў; асобы, якія працуюць за мяжой (пры ўмове, што яны стаяць на ўліку ў фондзе сацыяльнай абароны і плацяць туды ўнёскі). Таксама асобы, якія здаюць у арэнду нерухомасьць і плацяць падаткі; асобы пад мэдычным наглядам у перадродавы пэрыяд; людзі з інваліднасьцю.

Сёлета з пачатку году ўлады Беларусі ўскладнілі ўмовы для тых беларусаў, хто афіцыйна працуе за мяжой. Каб ня быць «дармаедамі», такія людзі цяпер мусяць плаціць унёскі ў беларускі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Таксама выйшла ўдакладненьне па беларусках, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў або трох і болей непаўналетніх. Ім трэба фактычна пражываць у Беларусі. Выключэньне — выезд за мяжу на аздараўленьне ці лячэньне. Таксама дазволены выезд ня больш як на 30 дзён раз на квартал.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менш фэстываляў і школ, больш кантролю і абмежаваньняў. Што ў Беларусі засталося ад «сацыяльнай дзяржавы»?

«Нельга проста расьпіхаць людзей па існуючых вакансіях»

Паводле эканамісткі Алісы Рыжычэнкі, нельга з чалавека, які не працуе, браць штраф ці прымушаць яго больш плаціць за камуналку, гэта проста нелягічна. Экспэртка зважае, што сьпярша пры дапамозе заканадаўства ўлада змагалася з тымі, хто працуе за мяжой і ня плаціць падаткі, а цяпер хоча даць рады кадраваму голаду.

«Калі гэта толькі ўводзілася, хацелі папоўніць бюджэт за кошт людзей, якія працуюць за мяжой і ніяк не дэкляруюць свае даходы. Потым чыноўнікі зразумелі, што калі існуе праблема, на ёй можна зарабіць: праводзіць праверкі, ствараць камісіі, рассылаць лісты. А зараз гэтае пытаньне зноў уздымаецца, бо востра стаіць праблема кадравага дэфіцыту», — зважае Аліса Рыжычэнка.

Сапраўды, першапачаткова дзяржава ў 2017 годзе пачала браць з «дармаедаў» падатак. Аднак гэтае рашэньне пасьля адмянілі. На думку Алісы Рыжычэнкі, праблему трэба вырашаць глыбока: ад падыходу да адукацыі, да інфраструктуры, дапамогі людзям асвоіць новую прафэсію.

«Немагчыма чалавека, які ня мае даходу, прымусіць ісьці навучацца новай прафэсіі. Трэба мяняць сыстэму дапамогі ў працаўладкаваньні, павышаць дапамогу па беспрацоўі. Трэба дапамагаць людзям шукаць новы шлях да працаўладкаваньня. А не лічыць проста, што ў нас ёсьць, умоўна, 100 тысяч беспрацоўных і 160 тысяч вакансій, і мы іх зараз па гэтых вакансіях расьпіхаем. Нягледзячы на заробкі, жаданьні людзей і іх кваліфікацыю», — мяркуе эканамістка.

Аліса Рыжычэнка дадае, што для супрацоўнікаў павінны быць матывацыйныя мэханізмы.

«Людзі мусяць разумець, навошта ім працаваць. Проста за тры капейкі некуды хадзіць — у гэтым няма матывацыі. Нельга вырашыць праблему зь беспрацоўнымі, назваўшы іх „дармаедамі“ і закідаўшы штрафамі ці высокай камуналкай», — кажа экспэртка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйды па кватэрах зь міліцыяй, паседжаньні ў РАУС: у Беларусі актывізаваліся «дармаедзкія» камісіі

Як улада змагалася з «дармаедамі»

2015 год. Лукашэнка выдае дэкрэт «Аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства», які мае змагацца зь «незанятымі ў эканоміцы» грамадзянамі. Паводле яго, яны як асобы, якія ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржавы, мусяць за гэта плаціць падатак. Пасьля дэкрэт дапрацавалі і ўдакладнілі катэгорыі грамадзян, якія пад яго падпадаюць.

2017 год. Дэкрэт запрацаваў. Тыя, хто ня быў заняты ў эканоміцы, на думку дзяржавы, мусілі сплаціць падатак. За год — каля 360 рублёў (каля 180 эўра па тагачасным курсе). Крайні тэрмін сплаты — 20 лютага 2017 году.

З 470 тысяч тых, хто мусіў сплаціць такі падатак, зрабілі гэта толькі крыху больш за 11%. Па ўсёй Беларусі пракацілася хваля масавых пратэстаў, якая ахапіла як буйныя гарады, так і рэгіёны. У сакавіку Лукашэнка прыпыніў дзеяньне дэкрэту.

2018 год. Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». Згодна зь ім, пачынаючы з 2019 году, грамадзяне, якія ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні эканомікі, мусілі цалкам аплачваць камунальныя паслугі.

2019 год. Улады ўдакладнілі, якія менавіта паслугі «дармаеды» будуць аплачваць цалкам. З 2019 году такой стала плата за гарачую ваду.

2021 год. Для «не занятых у эканоміцы» ўвялі поўную плату за газ і ацяпленьне.

2022 год. Пачаліся актыўныя праверкі грамадзян, якія працуюць за мяжой, на прадмет працоўных дамоваў.

2024 год. Пашырылі сьпіс тых, каго могуць палічыць «не занятым у эканоміцы». Цяпер, каб ня трапіць у базу, недастаткова проста мець ІП, трэба сплаціць падатак. Беларускі, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў ці маюць трох і больш непаўналетніх дзяцей, не павінны выяжджаць за мяжу больш як на 30 дзён за квартал, калі гэта не лячэньне.

Пры гэтым узровень фактычнага беспрацоўя ў Беларусі складаў 3,5% на 2023 год. У 2017 годзе, калі ўводзілі падатак на беспрацоўе, ён быў большы за 5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін штуршок да эміграцыі. Ці будуць садзіць за краты «дармаедаў»?