ВМС Даніі затрымалі кітайскі сухагруз, які падазраюць у пашкоджаньні кабэляў у Балтыйскім моры

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падводны тэлекамунікацыйны кабэль C-Lion1 на дне Балтыйскага мора, паміж Фінляндыяй і Нямеччынай

Вайскова-марскія сілы Даніі ўвечары 19 лістапада затрымалі кітайскі сухагруз Yi Peng 3, які падазраюць у пашкоджаньні двух тэлекамунікацыйных кабэляў у Балтыйскім моры, паведамляе Defence24.

Выданьне адзначае, што кітайскае судна выйшла з расейскага порта Усьць-Луга. Ці праводзіўся надгляд сухагруза Yi Peng 3, пакуль невядома.

Раней Financial Times паведаміла, што Швэцыя вывучае дачыненьне кітайскага судна да абрыву абодвух кабэляў. Выданьне са спасылкай на зьвесткі сэрвісу адсочваньня суднаў MarineTraffic адзначае, што сухагруз Yi Peng 3 знаходзіўся ў раёне пашкоджаньня абодвух кабэляў прыкладна ў той час, калі адбыліся абодва інцыдэнты. Прадстаўнік кітайскай кампаніі Ningbo Yipeng Shipping, якой належыць гэтае судна, паведаміў FT, што «ўрад папрасіў кампанію супрацоўнічаць са сьледзтвам».

Пракуратура Швэцыі заявіла, што расьсьледуе пашкоджаньне абсталяваньня ў Балтыйскім моры як «меркаваную дывэрсію».

Фінскае выданьне Helsingin Sanomat пісала, што Yi Peng 3 выйшаў з расейскага порту 11 лістапада. Паводле зьвестак MarineTraffic, судна накіроўвалася ў эгіпецкі Порт-Саід.

Пра пашкоджаньне кабэля даўжынёй больш за 1000 кілямэтраў, які злучае нямецкі горад Расток і фінскую сталіцу Хэльсынкі, 18 лістапада паведаміла кампанія-апэратар Cinia. Паводле яе зьвестак, раней аварыяў на гэтым абсталяваньні, уведзеным у эксплюатацыю ў 2015 годзе, не было. Кіраўнік кампаніі Ары-Юсі Кнаапіла сказаў, што рамонт на месцы запатрабуе ня меней за паўмесяца.

За дзень да гэтага абарваўся іншы кабэль сувязі ў Балтыйскім моры, пракладзены паміж Літвой і Швэцыяй. Пасьля здарэньня хуткасьць інтэрнэту ў Літве зьнізілася на траціну.

  • У кастрычніку 2023 году ў Швэцыі быў пашкоджаны падводны тэлекамунікацыйны кабэль, які ідзе з Эстоніі. Швэдзкія ўлады адзначалі, што абрыў кабэля здарыўся ў тым жа раёне, дзе раней пашкодзілі падводны газаправод Balticconnector паміж Фінляндыяй і Эстоніяй. Супадаў і прыкладны час двух інцыдэнтаў. Пазьней улады Кітаю прызналі, што газаправод Balticconnector пашкодзіла судна іх краіны, але выпадкова: нібыта якар пашкодзіў трубу з прычыны моцнага шторму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Швэцыі кваліфікавала абрыў кабэля ў Балтыйскім моры як дывэрсію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Балтыйскім моры перарэзалі два кабэлі сувязі: падобна да дывэрсіі