Адпаведная заява разьмешчаная на сайце арганізацыі.
У ёй даецца дэталёвы аналіз парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі за апошні час з акцэнтам на палітвязьняў. У дакумэнце асобна згадваецца праблема ўтрыманьня палітвязьняў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада).
Адвакаты Нью-Ёрка заклікаюць беларускія ўлады прыняць неадкладныя меры для вызваленьня палітвязьняў з гуманітарных меркаваньняў, аддаючы перавагу асобам з хранічнымі і цяжкімі праблемамі са здароўем, непаўналетнім, пажылым людзям і асобам з абмежаванымі магчымасьцямі.
Таксама адзначаецца, што ўрад Беларусі павінен узяць на сябе абавязаньне «годна абыходзіцца з усімі зьняволенымі», забясьпечваючы ім доступ да адваката, сям’і і неабходнага мэдыцынскага абслугоўваньня. Гэта ўключае ў сябе зьняцьце абмежаваньняў на «кантакты з вонкавым сьветам» і гарантаваньне доступу да належнай мэдыцынскай дапамогі зьняволеным, асабліва тым, хто мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Юрысты таксама заклікалі ўлады Беларусі прытрымлівацца міжнародных абавязаньняў у галіне правоў чалавека і паважаць асноўныя правы ўсіх людзей.
Адвакаты заяўляюць, што беларускія ўлады павінны садзейнічаць правядзеньню «незалежных расьсьледаваньняў дакладных паведамленьняў аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні ў месцах пазбаўленьня волі», падвышаючы тым самым «празрыстасьць і падсправаздачнасьць». Такія захады, на думку аўтараў дакумэнта, вельмі важныя для аднаўленьня даверу да сыстэмы правасудзьдзя Беларусі і захаваньня правоў усіх грамадзян.
У Беларусі цяпер 1269 чалавек, якіх праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі.
30 верасьня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду матэрыялы пра «трансьмежныя злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненьні да беларусаў». Вільня патлумачыла сваё рашэньне тым, што больш ня можа бязьдзейнічаць.
У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў:
«Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 году і па цяперашні час супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі па загадзе высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці». Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, перасьледы і «іншыя бесчалавечныя акты».
Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганьні Літвы ў прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці ў МКС шляхам далучэньня да звароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды над мёртвымі. Навошта беларускія ўлады абвінавачваюць нябожчыкаў у генацыдзе беларускага народу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 праваабарончых арганізацый перададуць у Гаагу доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі