Над стварэньнем альбома працавалі паэты, акторы, музыкі і былыя палітзьняволеныя. Альбом складаецца з шасьці трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязьня ад затрыманьня да вызваленьня. Гэта своеасаблівая дакумэнтацыя рэпрэсіяў у Беларусі, адзначаюць праваабаронцы.
У аснове тэкстаў — рэальныя сьведчаньні палітзьняволеных, а ў аранжыроўцы выкарыстоўваюцца архіўныя запісы затрыманьняў, судовых працэсаў і галасоў палітвязьняў.
Над стварэньнем альбома, сярод іншага працавалі аўтарка ідэі і мэнэджарка Крысьціна Дробыш, рэпэр і аўтар тэкстаў Аngst, музыка і рэжысэр Арцём Ставер, праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук. У выкананьні трэкаў узялі ўдзел акторы і музыкі, сярод якіх Андрэй Новік, а таксама былыя палітвязьні Алесь Папковіч і Алана Гебрэмарыям. Праваабаронцы не называюць імёнаў усіх, хто ўдзельнічаў у працы над праектам, у мэтах бясьпекі.
Альбом ужо дасяжны на лічбавых плятформах: Youtube i Soundcloud (на іншых пляцоўках зьявіцца пазьней).
Праект рэалізавалі ў межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу.
Цікавыя факты пра песьні ў альбоме
Напісаў тэкст і выканаў кампазыцыю «Затрыманьне» рэпэр Angst. У аранжыроўцы выкарысталі гукі затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага і чальцоў каманды «Страна для жизни» ў Горадні 29 траўня 2020 году. На пачатку запісу можна пачуць голас Ціханоўскага, а таксама гукі вядомага многім заглушанага жывога этэру. У якасьці пэркусіі — гукі з затрыманьня Сьцяпана Латыпава і крыкі людзей з «плошчы Перамен».
Трэк «Умовы» заснаваны на сьведчаньнях вязьняў пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх месцах няволі. У ім таксама можна пачуць жывыя сьведчаньні, у тым ліку асуджанага па «справе Зельцара» Арцёма Задруцкага.
Расказаць пра беларускі суд аўтар тэксту Angst вырашыў праз альфабэт. Трэк «Суд» выканалі актор Андрэй Новік і былая палітзьняволеная па «справе студэнтаў» і актывістка Алана Гебрэмарыям. Пэркусія — гук таго, як Марыя Калесьнікава грукае кайданкамі перад вынясеньнем прысуду 6 верасьня 2021 году. Таксама ў трэку выкарыстаны аўдыёзапіс з суду, дзе можна пачуць крык палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава ў чэрвені 2021 году.
У запісе трэку «Лісты» ўзялі ўдзел найбольш выканаўцаў, сярод іх — рэжысэрка і фатографка Ксенія Галубовіч. Канчаецца ён пералікам палітвязьняў, якія памерлі ў зьняволеньні.
Трэк «Пасьля вызваленьня» — гэта дакумэнтальная гісторыя былога палітзьняволенага і музыкі Алеся Папковіча, які прабыў за кратамі амаль два гады, а цяпер на эміграцыі адаптуецца і сацыялізуецца пасьля зьняволеньня.
«Дзеці» — адзін з самых эмацыйна складаных трэкаў у альбоме. Тэкст і музыку для яго напісаў Uhead (Арцём Ставер). Трэк уяўляе сабой калыханку ад дзяцей да бацькоў. У ім таксама можна пачуць, як чытаюць лісты да мамы і таты маленькія Насьця і Ваня — дзеці палітзьняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманьні сваякоў палітвязьняў- Па стане на 19 лістапада ў няволі ў Беларусі застаюцца сама меней 1269 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Колькасьць людзей, зьняволеных у Беларусі з палітычных матываў, можа быць значна большай.
- Зь лета 2020 году па канец кастрычніка 2024 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі амаль 3600 чалавек, толькі за кастрычнік — 35 чалавек. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.