У Босьніі і Герцагавіне затрымалі расейца, які мог быць інструктарам беспарадкаў у Малдове

Паліцэйскі пастарунак у Босьніі і Герцагавіне, ілюстрацыйнае фота

Грамадзяніна Расеі Аляксандра Бязрукава падазраюць у тым, што ён быў адным з расейскіх інструктараў у арганізацыі забурэньняў у Малдове.

Грамадзянін Расеі Аляксандр Бязрукавы будзе дэпартаваны з Босьніі і Герцагавіны. Расейца затрымалі тры дні таму праз падазрэньне ў тым, што ён быў адным з расейскіх інструктараў для малдаванаў, якія праходзілі падрыхтоўку ў Босніі і Герцагавіне для патэнцыйнага «правакаваньня беспарадкаў пасьля нядаўніх выбараў у Малдове». Бальканская служба Радыё Свабодая Эўропа атрымала пацьверджаньне асобы ў Службе ў справах іншаземцаў Босьніі і Герцагавіны.

«Служба ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам прымяніла да замежнага грамадзяніна меру высылкі з забаронай уезду і знаходжаньня на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны, пасьля чаго ён быў перамешчаны і знаходзіцца пад наглядам у Іміграцыйным цэнтры ва Ўсходнім Сараеве, дзе працягваюцца далейшыя дзеяньні з пракуратурай Босьніі і Герцагавіны», — гаворыцца ў паведамленьні гэтай службы.

У службе пацьвердзілі Радыё Свабодная Эўропа, што тэрмін дзеяньня дакумэнтаў, якія меў пры сабе грамадзянін Расеі, высьвятляецца.

«Чалавек з такім імем і прозьвішчам легальна ўехаў у БіГ 22 лютага гэтага году па дакумэнтах з Расейскай Фэдэрацыі. Зараз у яго няма гэтых дакумэнтаў, а ёсць гішпанскі дакумэнт. Высьвятляецца, падроблены ён ці не».

Згодна зь юрыдычнай працэдурай, калі нехта нелегальна знаходзіцца на тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны, за ім вядзецца назіраньне і прымяняецца высылка з краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем краін – партнэраў ЭЗ далучыліся да новага пакету санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі