У Балтыйскім моры ў апошнія два дні перарэзалі два оптавалакновыя падводныя кабэлі: адзін — паміж Літвой і Швэцыяй, другі — паміж Фінляндыяй і Нямеччынай. Краіны, якія закранулі гэтыя інцыдэнты, падазраюць дывэрсію.
Спачатку ў нядзелю 17 лістапада выявіўся перарэзаным кабэль, які цягнецца 218 км пад вадой паміж узьбярэжжам Літвы і швэдзкім востравам Готлянд, піша Reuters.
Прадстаўнік літоўскай філіі тэлекамунікацыйнай кампаніі Telia Андрус Шэмешкявічус адзначыў, што інтэрнэт-сувязь з кліентамі Telia ў Літве падтрымліваецца праз тры кабэлі, таму, хоць адзін зь іх і пашкоджаны, інтэрнэт у карыстальнікаў ня зьнік.
Сумесную заяву наконт пашкоджаньня кабэлю паміж фінскімі Хэльсынкі і нямецкім Ростакам выпусьцілі міністэрствы замежных спраў Фінляндыі і Нямеччыны. Там заявілі пра нестабільнасьць цяперашняга часу і пагрозы эўрапейскай бясьпецы з боку Расеі, якая ваюе з Украінай, і гібрыдных ваенных дзеяньняў з мэтай дывэрсій.
Фінская дзяржаўная кампанія Cinia, якая займаецца тэлекамунікацыямі і кібэрбясьпекай, высьветліла, што кабэль даўжынёй амаль 1200 км перарэзаны каля паўднёвага заканчэньня швэдзкага востравау Элянд, гэта значыць, нашмат паўднёвей за кабэль паміж Літвой і Готляндам. Кіраўнік кампаніі Ары-Юсі Кнаапіла сказаў, што рамонт на месцы запатрабуе ня меней за паўмесяца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя кажа пра сталыя перашкоды ў сыгналах спадарожнікавай навігацыі ў Балтыйскім моры і абвінавачвае ў іх Расею8 кастрычніка 2023 году ў Фінскай затоцы адначасова пашкодзілі газаправод Balticconnector і кабэль сувязі паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. У пашкоджаньні падазравалі кітайскі кантэйнэравоз, які праплываў у гэтым месцы і нібыта зачапіў лініі сваім якарам. Але канчатковых высноваў з гэтага не зрабілі.
У верасьні 2022 году ў паўднёвай частцы Балтыйскага мора падарвалі тры ніткі газаправоду «Паўночны паток», які вёў з Расеі ў Нямеччыну. Пошук вінаватых плёну ня даў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея рыхтуецца ў аднабаковым парадку зьмяніць марскія межы зь Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры