Расейскія ўлады прынялі рашэньне ў аднабаковым парадку зьмяніць марскія межы зь Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры, вынікае з праекту пастановы ўраду РФ, апублікаванага на партале прававых актаў. Пра гэта паведамляюць The Moscow Times і «Коммерсантъ».
Міністэрства абароны Расеі падрыхтавала законапраект аб зьмене марской мяжы РФ ва ўсходняй частцы Фінскага заліву і каля гарадоў Балтыйск і Зеленаградзк у Калінінградзкай вобласьці. Такім чынам, Масква, па ўсім відаць, рыхтуецца да аднабаковай зьмены расейскіх марскіх межаў зь Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры.
На мяжы зь Фінляндыяй урад РФ мае намер скарэктаваць каардынаты ў зоне некалькіх астравоў, а таксама каля паўночнага ўваходнага мысу ракі Нарва, вынікае з дадатку да пастановы расейскага ўраду. На мяжы зь Літвой пад перагляд трапіла зона Куронскай касы (Аўсквя), раёны мысу Таран, а таксама Балтыйскай касы.
Аўтары праекту сьцьвярджаюць, што дзейныя геаграфічныя каардынаты, вызначаныя пастановай Савету Міністраў СССР ад 1985 году, «ня ў поўнай меры адпавядаюць сучаснаму геаграфічнаму становішчу». Яны былі зафіксаваныя «па марскіх навігацыйных мапах дробнага маштабу», заснаваных на працах сярэдзіны XX стагодзьдзя, а гэта «не дазваляе вызначыць вонкавую мяжу ўнутраных марскіх водаў» Расеі, гаворыцца ў дакумэнце.
Пастанову Савету Міністраў СССР 40-гадовай даўнасьці, якая рэгулюе межы на Балтыцы, Мінабароны Расеі прапануе часткова «прызнаць нядзейнай» (разьдзел «Балтыйскае мора»).
Рэакцыя Літвы і Фінляндыі
У МЗС Літвы гэтыя дзеяньні Расеі назвалі «наўмыснай, мэтанакіраванай, нарастальнай правакацыяй, накіраванай на запалохваньне суседніх краін і іх грамадзкасьці», паведамляе LRT. Ведамства заявіла, што 22 траўня запросіць прадстаўніка Расеі «для падрабязнага тлумачэньня», а адказ Літвы будзе ўзгоднены з партнэрамі.
«Гэта яшчэ адзін доказ таго, што агрэсіўная і рэвізіянісцкая палітыка Расеі нясе пагрозу бясьпецы суседніх дзяржаваў і ўсёй Эўропы», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы.
Міністарка замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанэн заявіла, што Расея павінна паважаць Канвэнцыю па марскім праве.
Дакумэнт аб пераглядзе межаў быў прадстаўлены на грамадзкае абмеркаваньне практычна адначасова з пачаткам расейскіх вучэньняў у прымяненьні тактычнай ядзернай зброі. Мінабароны РФ абвясьціла, што яны пачаліся ў Паўднёвай вайсковай акрузе.
Пасьля рэзанансу законапраект аб зьмене межаў на Балтыцы зьнік з сайту расейскага ўраду
У другой палове дня 22 траўня законапраект Мінабароны РФ, які прапаноўваў аднабаковую зьмену Расеяй марскіх межаў зь Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры, зьнік з сайту ўраду Расеі. З чым гэта зьвязана — не тлумачыцца. На сайце archive.is, аднак, па-ранейшаму можна пабачыць захаваную копію апісаньня законапраекту.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што прапанова Мінабароны РФ аб абнаўленьні каардынатаў межаў Расеі ў Балтыйскім моры «ня мае палітычнай падаплёкі», і прапанаваў журналістам зьвярнуцца па камэнтары ў абароннае ведамства.
Форум