Сілы грузінскай паліцыі вызвалілі ад удзельнікаў акцыі пратэсту тэрыторыю вакол першага корпусу Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якая была заблякаваная з 17 лістапада.
Удзельнікі мітынгу, якія лічаць парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка сфальсыфікаванымі і патрабуюць перавыбараў, паставілі намёты на гэтым месцы і запатрабавалі перагляду вынікаў.
З тэрыторыі вывезьлі намёты. Аўтамабільны рух у гэтым месцы аднавіўся. Паліцыя выціснула ўдзельнікаў мітынгу на праспэкт Мелікішвілі, паведамляе Грузінская служба Радыё Свабода.
Сілы паліцыі прыбылі на праспэкт Чаўчавадзэ 19 лістапада каля 7-й гадзіны раніцы. У той жа час у МУС заявілі, што згодна з законам «Аб сходах і маніфэстацыях» не дапускаецца штучнае перакрыцьце праезнай часткі, калі гэтага не патрабуе колькасьць удзельнікаў сходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі студэнты паставілі намёты, апазыцыя абвясьціла кампанію непадпарадкаваньня. ФОТАПазьней затрыманьні адбыліся на праспэкце Мелікшвілі. Затрыманых ня меней за 10 чалавек. Двум удзельнікам акцыі на праспэкце Мелікішвілі спатрэбілася экстраная мэдыцынская дапамога.
Па дадзеных «Кааліцыі за перамены», сярод затрыманых у выніку паліцэйскага гвалту кіраўнік Руставінскага выбарчага штабу Манучар Чачанідзэ і прадстаўнік кааліцыі Саба Цхвітарыдзэ з палітычнай рады партыі «Ахалі». Ён паранены і дастаўлены ў шпіталь. Таксама паліцыя затрымала аднаго тэлеапэратара.