Ён расказвае пра тое, як стаў беларускамоўным у побыце, як яго хэйцілі за тое, што нарадзіўся ў Хабараўску, пра атмасфэру на здымках шоў «Жыцьцё-маліна», калі візажыстка так баялася Пазьняка, што ўцякла праз плот. Мы пачуем, што Мікіта Мелказёраў хоча рабіць у Беларусі, калі адкрыецца рэальнае акно магчымасьцяў.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Пра тое, чаму вырашыў рабіць «Жыцьцё-маліна» па-беларуску
— Да 2020 году я спакойна сабе жыў... ня ведаю, наколькі карэктна гэта называць рускім сьветам... у нейкім кампрамісным сьвеце я жыў, калі мне было нармалёва размаўляць па-расейску, спажываць расейскі кантэнт, разумець, што мы, беларусы, адрозьніваемся ад іх, але праз Маскву нібыта будаваць сваю думку. У 2020 гэты корак зь мяне выбіла, і дзякуй Богу. Найперш гэта было пра тое, як крута быць беларусам. Пасьля я паглядзеў ва ўкраінскі бок. У іх ёсьць такі кухар Яўген Клапаценка. Ня самы адназначны пэрсанаж, але вельмі яскравы. І я разумеў, што ён украінскасьць, Украіну з сабой разам нясе па ўсім сьвеце. Для мяне гэта быў вельмі важны прыклад.
Як беларусізаваўся
— У мяне была размова на імпрэзе Navi band са спадаром ксяндзом Барком, зь якім я рабіў на тым жа тыдні інтэрвію. Я запытаўся ў яго: «Скажыце, калі ласка, а вы і думаеце па-беларуску?» Кажа: «Так, я думаю па-беларуску». Мне падавалася, што нейкі гугл-транслэйт у галаве ёсьць: думка па-расейску, пасьля выдае па-беларуску. І я зразумеў, што гэта live style, пэўны вобраз мысьленьня. І тады я зразумеў, што калі я пазыцыяную сябе як нейкае даволі заўважнае беларускае шоў, як вядоўца беларускага шоў, дык і павінна гэтая адпаведнасьць адбыцца лягічна. Мы ж пра Беларусь, мы павінны размаўляць па-беларуску. Да гэтага быў пэўны чэлендж, калі мы сказалі, што калі набяром пэўную колькасьць праглядаў на тым ці іншым пасьце ў сацсетках, то я буду весьці інтэрвію па-беларуску. Мы нічога не набралі ў выніку, але інтэрвію па-беларуску адбылося — са спадаром Паўлам Латушкам. Мне было цяжка, безумоўна, была даволі стрэсавая сытуацыя. І я вельмі ўдзячны дзяўчатам з «Мова Нанова», якія мяне паднатаскалі, падрыхтавалі. І больш за тое, ня ціснулі на мяне зь нейкім акадэмічным навучаньнем... Памятаю, што ў Вільні ішлі з аднаго канца гораду ў цэнтар і гадзіну размаўлялі па-беларуску. Гэта гарманічная патрэба. І цяпер я цалкам сябе гарманічна адчуваю. І ў побытавым, звычайным жыцьці я перайшоў на беларускую мову. І мне з гэтым здорава.
Пра прэмію, а ня крытыку за памылкі
— Як чалавеку, які размаўляе па-беларуску, мне зразумела. што нейкай палкай ці крытыкай людзей не прымусіш любіць беларускую мову. Калі ты эмігрант, то, вывучыўшы добра польскую ці чэскую, павышаеш якасьць свайго жыцьця. Якая табе зараз карысьць ад беларускай мовы? Незразумела. І калі чалавек робіць крок у гэты бок, мне падаецца, яго трэба абняць, яму трэба выпісаць прэмію, а не пачынаць яго крытыкаваць за тое, што ён чагосьці ня ўмее. Першыя крокі дзіця ня робіць вельмі ўпэўнена.
Тры парады для расейскамоўных беларусаў, як загаварыць па-беларуску
— Першая парада — ня трэба баяцца. Карыстайцеся мовай. Мая жанчына — расейскамоўная, але цяпер у яе ўжо няма расейскага слова «почему», а ёсьць «навошта». Другая парада — глядзіце беларускамоўны ютуб. Трэцяя парада — трэба чытаць па-беларуску. Дарэчы, у мяне «Гары Потэра» па-расейску ніколі не было, былі першыя тры кнігі ад Янушкевіча па-беларуску. Гэта вельмі добры ўваход у беларускую мову. Таксама важна, каб быў нехта, з кім будзеце размаўляць па-беларуску. Ведаю, што шмат сем’яў пасьля пачатку вайны пачалі дома выкарыстоўваць беларускую мову. Няшмат хто пратрымаўся, на жаль, але сама практыка — гэта вельмі добра. «Мова Нанова» працуе яшчэ. Можаце наведваць. Будзе асяродзьдзе, будзеце проста сілкавацца беларускай мовай.
Пра курс беларускай літаратуры ў школе
— Мне б вельмі хацелася, каб беларуская мова і ўсё, што тычыцца беларушчыны, успрымалася як нешта файнае, кайфовае, як нешта стылёвае, а не як нейкі прымус. Можа, нешта зьмянілася ў беларускіх школах, але школьны курс беларускай літаратуры быў створаны ня ведаю для каго, напэўна, для вытворцаў антыдэпрэсантаў, каб ты пасьля пайшоў і аддаў усе грошы за тое, каб неяк свой настрой падняць... Мне хацелася б, каб гэта было вітальна, каб гэта было па Караткевічу і гэтак далей.
Пра хэйт за тое, што нарадзіўся ў Хабараўску
— Мяне хэйцілі за інтэрвію з расейскай выкладчыцай Тамарай Эйдэльман, а таксама за тое, што я калісьці сказаў, што нарадзіўся ў Хабараўску. Так атрымалася, што за савецкім часам мая беларуская маці паехала ва ўкраінскі Крым і там пазнаёміліся з маім расейскім бацькам. У іх было каханьне на адлегласьці 8000 кілямэтраў. І бацька выпісваў камандзіроўкі ў санаторый «Юнацтва» на Менскім моры, праз тое, што ўзначальваў хабараўскі камсамол. Я ня тое што саромеюся, што нарадзіўся ў Расеі. Так атрымалася. Спадар Мулявін таксама нарадзіўся ў Расеі. І які чалавек атрымаўся і якая клясная ролевая мадэль!
Пра пэрыяды беларусізацыі, у тым ліку «цябе Зянон пакусаў»
— Мне было вельмі важна, каб мая беларуская мова ўспрымалася як нешта файнае і гарманічнае. Гэта не падлеткавы пратэст супраць усяго расейскага, хоць я разумею, што падчас сваёй беларусізацыі ў мяне былі розныя пэрыяды. Прысутнічаў і пэрыяд, калі гэта была нейкая поза, што я размаўляю па-беларуску, глядзіце, які я файны. Прысутнічаў пэрыяд, як я яго называю, калі «цябе Зянон пакусаў». Не было такога, што ён мяне літаральна кусаў, але на тых здымках «Жыцьцё-маліна» ўсе баяліся спадара Зянона на пляцоўцы. І наша візажыстка настолькі баялася нас турбаваць, што выбягала, пераскоквала праз плот і парвала сабе куртку. Такая была атмасфэра. Я сапраўды вельмі ўразіўся спадаром Зянонам. Я натхняюся і захапляюся ім як гістарычнай постацьцю. У мяне быў такі пэрыяд, калі лічыў, што калі б усе былі як Зянон, ці прагнулі быць, то ў нас была б такая беларуская Беларусь. Бяз гвалту. Спакойна. Гарманічна. Таму я люблю інтэрвію ў тым ліку са свабодаўцамі праз тое, што гэтая опцыя ў іх па змаўчаньні. Так усё пераплаўлена ў такую годнасьць, добрую літаратурную падачу, што мне прыемна ад гэтага і дае надзею, што гэтая Беларусь магчымая.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.