Выгляд рэшткаў Наваградзкага замку ў апошні час значна зьмяніўся. Вакол яго паставілі каменную агароджу з брамай. Уваход зрабілі платным, з турыстаў бяруць 1 рубель з тлумачэньнем, што гэта неабходна для падліку колькасьці наведнікаў. Адну зь вежаў, Шчытоўку, руіны якой захаваліся, плянуюць аднавіць да цэлага будынку і адкрыць там музэйную экспазыцыю. Аўтэнтычную кладку на гэтай вежы хочуць захаваць для агляду.
Работы на руінах Наваградзкага замку пачаліся ў 2012 годзе. У 2014-м скончылі кансэрвацыю захаваных рэшткаў другой вежы, Касьцельнай. На іх надбудавалі фрагмэнт сьцяны з цэглы і накрылі мэталічным дахам.
Каменны замак у Наваградку вядомы з XVI–XV стагодзьдзяў. З ХІ да ХІІІ стагодзьдзя на гэтым месцы стаялі драўляныя сьцены. Раней замак складаўся зь сямі вежаў, але захаваліся толькі дзьве. Ён быў рэзыдэнцыяй князёў Вялікага Княства Літоўскага і адным з самых буйных замкавых комплексаў Усходняй Эўропы. Умацаваньні выкарыстоўвалі ў абарончых мэтах, праводзілі там соймы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наваградзкі замак абнесьлі мурам«Ці маем мы права аднаўляць тое, што страчана?»
Беларускі гісторык і культурны антраполаг Сьцяпан Стурэйка ў размове са Свабодай сказаў, што, на ягоную думку, ня варта апеляваць катэгорыямі «добра» ці «кепска» у дачыненьні да работ на Наваградзкім замку. Ён мяркуе, што гэта чарговы прыклад клясычнай рэстаўрацыйнай дылемы: ці можна аднаўляць тое, што страчана.
«На сёньня мы маем руіну (некаторыя скажуць „рамантычную руіну“), якая знаходзіцца ў аварыйным стане. Тое, што яна разбураецца, так ня мусіць быць. Трэба займацца яе кансэрвацыяй у комплексе з работамі, якія цяпер адбываюцца на Замкавай гары: археалёгія, экспанаваньне рэшткаў былых умацаваньняў, іх кансэрвацыя і ўмацаваньне. Гэтая вежа галоўная, якая там захавалася, патрабуе ўвагі», — камэнтуе суразмоўца.
Паводле прынятай канцэпцыі разьвіцьця Замкавай гары, яе ядром стала рэканструкцыя вежы да стану дзейнага музэйнага аб’екту з экспазыцыйнымі памяшканьнямі.
«Далей узьнікае пытаньне, ці трэба гэта. І тут ёсьць клясычная аргумэнтацыя, якая не зьмяняецца цягам стагодзьдзяў, ці маем мы права аднаўляць тое, што страчана і пра што мы ня маем дакладнага разуменьня, як яно выглядала», — разважае экспэрт.
Гісторык мяркуе, што, каб займацца цэласнай рэканструкцыяй і прыстасаваньнем такога значнага аб’екта, патрэбна вельмі важкая падстава. Ён кажа, што пакуль яе няма або яна не сфармуляваная.
«Мы маем справу зь велічным гістарычным помнікам, які мае вялікае гістарычнае значэньне. Калі мы глядзім на яго, мы ўспамінаем і пра заснаваньне ВКЛ, і пра Міцкевіча. Сёньня, калі мы зьбіраемся падвергнуць яго трансфармацыі, якая непапраўна зьменіць ягонае аблічча, падстава для гэтай трансфармацыі мусіць быць у адным шэрагу з такога кшталту падзеямі», — тлумачыць Сьцяпан Стурэйка.
Ён прапануе адкласьці падобныя работы з замкавымі руінамі да такой падзеі.
Суразмоўца агучыў яшчэ адно пытаньне: наколькі наваградзкаму музэю патрэбна новае памяшканьне, наколькі значнае тое, што плянуюць паказваць у гэтых залях, і ці варта дзеля гэтага зьмяняць аблічча гістарычнай каштоўнасьці? У гэтых залях плянавалі паказваць у тым ліку археалягічныя знаходкі з Замкавай гары.
Экспэрт спаслаўся на высновы рэстаўрацыйнай школы сусьветнага ўзроўню «Басталія», якая дзейнічала ў Беларусі з савецкіх часоў і асэнсоўвала беларускія руіны.
«Іхная выпакутаваная выснова (якая не супярэчыць міжнародным хартыям і мэтодыкам): спробы цэласнага аднаўленьня напалову страчаных аб’ектаў, такіх як Наваградзкі замак, — гэта не ажыўленьне, а муміфікацыя помніка. Гэта ўсё адно як ажывіць мерцьвякоў. Або яшчэ горш: ажывіць іх на маладзейшы ўзрост, чым яны ёсьць. На Філіпінах так робяць — выкопваюць трупы. Наколькі мэтазгодна гэта нам ужываць?» — кажа гісторык.
Стурэйка мяркуе, што калі і праводзіць грунтоўныя работы на такім аб’екце, то не ў псэўдагістарычных кшталтах, а ў выразна сучасным стылі, які б гаварыў пра ХХІ стагодзьдзе. Ён дапускае, што дзеля таго, каб вырашыць, што рабіць з наваградзкімі руінамі, можна правесьці міжнародны конкурс. Так робяць у іншых краінах, калі справа датычыць значных аб’ектаў. У Беларусі такога яшчэ не арганізоўвалі.
«Гэта ж помнік нам. Гэта ж мы праз дакрананьне да гістарычнай велічы самі спрабуем у гэтую гісторыю забрацца. Калі мы адмаўляем нашую суб’ектнасьць і наш творчы патэнцыял, мы пачынаем хавацца за археалягічнымі дадзенымі. Яно ўсё адно ня будзе такім, якім мроіцца», — кажа культурны антраполяг.
Ён прыводзіць у прыклад работы на горадзенскім Старым замку. Называе эстэтычны ўзровень праекту правінцыйным.
Гісторык дадае, што пасьля таго, як праект абмяркуюць спэцыялісты, у тым ліку на міжнародным узроўні, варта запытацца думкі і ў «супольнасьці спадчыны» — карыстальнікаў аб’екта, носьбітаў традыцыі, жыхароў гэтага месца. Ён дадае, што яшчэ варта зразумець, хто ўваходзіць у супольнасьць спадчыны Наваградзкага замку (адказ на гэтае пытаньне невідавочны).
«Сказаць, што гэта спрэс усе жыхары Наваградка… Нельга выйсьці зь мікрафонам ці запусьціць галасаванку, гэта будзе прафанацыяй», — кажа ён.
Стурэйка дадае, што займацца ў Беларусі гэтым пытаньнем маглі б такія арганізацыі, як Таварыства аховы помнікаў або ICOMOS, але іх зьліквідавалі.
Тое, што ўваход да руінаў наваградзкага замку закрылі агароджай і зрабілі платным, суразмоўца лічыць кепскай справай, бо менш людзей атрымае доступ да гістарычнага аб’екту, менш людзей будуць лічыць гэта сваёй натуральнай прасторай існаваньня.
«Тое, што зьбіраюцца адбудаваць вежу, — гэта правільна, лягічна»
Гісторык Мечыслаў Супрон станоўча ставіцца да работ на Наваградзкім замку: кансэрвацыі сьценаў, умацаваньня пагоркаў, умацаваньня пляцоўкі замку. Ён лічыць, што цяпер месца наваградзкага замку будзе больш дагледжаным. На ягоную думку, найбольш кантравэрсійнае пытаньне — гэта адбудова вежы Шчытоўка да аб’ёму цэлага будынка.
«Мы прызвычаіліся бачыць Наваградзкі замак як рамантычную руіну, у паўразбураным стане. Але мы ведаем, што яны такімі былі не заўсёды. Да пачатку ХХ стагодзьдзя вежа Шчытоўка была яшчэ цэлай, і толькі потым развалілася. Тое, што зьбіраюцца яе адбудаваць — гэта правільна, лягічна, каб закансэрваваць яе далейшае разбурэньне і максымальна выкарыстаць яе ў экскурсійных турыстычных мэтах», — камэнтуе гісторык.
Яшчэ адно пытаньне, на якое ён зьвяртае ўвагу, — якасьць выкананьня работ і матэрыялы, якімі будуць адбудоўваць замак.
«У Беларусі практычна няма ні рэстаўратараў, ні падрадчыкаў, якія займаюцца рэстаўрацыяй», — дадае суразмоўца.
Аб’ект для фотасэсій
Як пракамэнтаваў Свабодзе культуроляг і экспэрт у гісторыі архітэктуры, які пажадаў застацца ананімным дзеля бясьпекі, складана знайсьці добры варыянт для захаваньня рэшткаў наваградзкага замку. Ён мяркуе, што сама ідэя частковай адбудовы замку ў нейкім аб’ёме добрая.
«Тое, што там ужо зроблена, выглядае вельмі непрыгожа і брутальна. Атрымалася захаваць, замацаваць аўтэнтыку, але гэта выглядае як часовы варыянт», — кажа суразмоўца.
Па словах экспэрта, захоўваць гістарычныя аб’екты ў Беларусі немагчыма праз клімат.
«Яны імкліва дэградуюць. У выглядзе руіны іх можна выкарыстоўваць хіба што як аб’ект для фотасэсій», — камэнтуе экспэрт.
Ён мяркуе, што гэта недастатковая падстава, каб захоўваць такія аб’екты. Культуроляг лічыць, што разумнай альтэрнатывы, каб уключыць захаваныя фрагмэнты ў нейкі сучасны аб’ём, пабудову, таксама няма. Ён мяркуе, што гэта складаная інжынэрна-тэхнічная задача, якая вымагае комплекснага падыходу і вялікіх грошай. Ён прыводзіць у прыклад работы на гары Гедзіміна ў Вільні, на якія плянуюць выдаткаваць 12 мільёнаў эўра.
Паводле яго, варта прадумаць, як будзе добраўпарадкаваная таксама тэрыторыя вакол замка, каб гэта служыла жыхарам горада, каб гэта палепшыла якасьць іхнага жыцьця. На думку культуроляга, удзел у абмеркаваньні работ на аб’екце павінны прымаць жыхары Наваградка.
Зьяўленьне агароджы вакол рэшткаў замка і платны ўваход, як мяркуе суразмоўца, выклікае расчараваньне турыстаў і наведнікаў.
Ідэю аднавіць Наваградзкі замак у драўляным выглядзе, якім першапачаткова быў замак у ХІ стагодзьдзі, культуроляг не выключае цалкам. Аднак падкрэсьлівае, што даглядаць дрэва ва ўмовах беларускага клімату складана. Ён дапускае такі варыянт, калі праект выканаюць якасна. У якасьці кепскага прыкладу драўлянай адбудовы ён прыводзіць замак у Мазыры. Праблемай у сёньняшняй Беларусі ён называе адсутнасьць шырокага прафэсійнага абмеркаваньня такіх праектаў, ліквідацыю спэцыялізаваных арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-7 замкаў зь беларускай гісторыі