Мянчанку накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне за дапамогу палітвязьням
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у Менскім гарадзкім судзе яшчэ 14 кастрычніка паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) асудзілі 53-гадовую Натальлю Маныла.
Жанчыну судзілі як «асобу, якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне». Гэта значыць, што асабіста на судзе яна не прысутнічала — яе інтарэсы прадстаўляў законны прадстаўнік, тлумачаць праваабаронцы.
Як стала вядома з абноўленага «Сьпісу экстрэмістаў», які вядзе МУС Беларусі, Натальлі Маныла прызначылі прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычным стацыянары са звычайным назіраньнем. Рашэньне вынес судзьдзя Аляксандар Рудэнка ў Менскім гарадзкім судзе.
Як пісала раней «Наша Ніва», у сьнежні 2020 году Натальлю Маныла затрымлівалі паводле палітычна матываванай адміністратыўнай справы. Цяпер жа яе судзілі за салідарнасьць з палітвязьнямі.
У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 37 чалавек — у ім ужо 4655 прозьвішчаў
16 лістапада МУС Беларусі зрабіла традыцыйнае абнаўленьне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Усьпіс дадалі яшчэ 37 чалавек. Сярод іншых, у сьпісе апынуліся былы міліцыянт, палітзьняволены Вілен Тургунаў, асуджаны за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «распальваньне варожасьці ці варажнечы» і паклёп на Лукашэнку (вырак невядомы), а таксама затрыманы па вяртаньні ў Беларусь палітвязень Аляксандар Камлёнак, асуджаны за «фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» і абразы Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.
Агулам у «сьпісе экстрэмістаў» ужо 4655 чалавек.
У Менску пачалі судзіць журналістку Вольгу Радзівонаву
16 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе пачалі судзіць палітзьняволеную журналістку Вольгу Радзівонаву. Працэс вядзе судзьдзя Вера Галаўкова.
Вольгу абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 і 2 арт 367 КК — Паклёп на Лукашэнку;
- арт. 369 заўв. 1 — Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
- ч. 1 арт 130 КК — Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці ці варажнечы;
- ч. 1 арт. 368 КК — Абраза Лукашэнкі.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, Вольгу Радзівонаву затрымалі 7 сакавіка 2024 году. Вядома, што падчас утрыманьня ў СІЗА № 1 яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу ў шпіталь у Навінках.
Хворая маці Вольгі, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 лістапада: затрыманьні на БелАЗе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 лістапада: завочную справу блогера Матолькі перадалі ў суд, затрыманьні на Гарадзеншчыне