Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 лістапада: завочную справу блогера Матолькі перадалі ў суд, затрыманьні на Гарадзеншчыне

абноўлена

Палітвязень Аляксандар Арановіч на судзе. Архіўнае фота
Палітвязень Аляксандар Арановіч на судзе. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Суд над пэнсіянэркай у Салігорску

14 лістапада ў судзе Менскага раёну пачынаецца суд над пэнсіянэркай Ганнай Стражэвіч, паведамляе «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, жанчыну вінавацяць адразу паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Гэта «абраза» Лукашэнкі (арт. 368), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «паклёп» на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367), «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342) і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4). Максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў — 7 гадоў зьняволеньня.

Ганьне Стражэвіч 59 гадоў, яна з Салігорску. Да затрыманьня 18 сьнежня 2023 году актыўна падтрымлівала палітвязьняў лістамі. У канцы таго ж году яе саму прызналі палітычнай зьняволенай. Судзіць Ганну Стражэвіч будзе судзьдзя Вікторыя Паляшчук.

Затрыманьні на Гарадзеншчыне

Праваабаронцы «Вясны» са спасылкай на тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область» паведамляюць пра масавыя затрыманьні ў Горадзенскай вобласьці. Паводле зьвестак каналу, у затрыманьнях удзельнічаюць супрацоўнікі КДБ.

Колькасьць затрыманых, падрабязнасьці і прычыны затрыманьняў пакуль не паведамляюць.

Два тыдні таму праваабаронцы паведамлялі пра маштабныя аблавы ў іншых рэгіёнах Беларусі. Паводле зьвестак праваабаронцаў і журналістаў, тады ў Смаргонях і раёне «зачыстка» закранула сама меней 40 чалавек, у Хойніках — каля 20 чалавек, у Слоніме — ня менш за 10, у Ялізаве — сама меней 14.

Новы суд над палітвязьнем у Магілёве

14 лістапада ў Магілёве пачынаецца суд над палітвязьнем Аляксандрам Арановічам, удзельнікам каманды YouTube-канала «Страна для жизни», створанага Сяргеем Ціханоўскім. Арановіча затрымалі ў Горадні ў 29 траўня 2020 году і праз год асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і ч. 1 арт. 13, арт. 293 КК («Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў»). Цяпер Аляксандра Арановіча будуць судзіць паводле сумнавядомага арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Палітвязьню пагражае яшчэ 1 год зьняволеньня.

Аляксандру Арановічу 42 гады, ён са Старых Дарог, перад затрыманьнем працаваў кіроўцам аўтадома, на якім каманда Сяргея Ціханоўскага езьдзіла па Беларусі ў рамках агітацыйнай кампаніі. Спачатку Арановіч адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 22 пад Івацэвічамі, адкуль летась яго перавялі ў магілёўскую турму № 4. Праваабаронцам стала вядома, што ў турме Аляксандру прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. Са жніўня 2024 году з палітвязьнем зьнікла сувязь, праваабаронцы мяркуюць, што ён мог трапіць у ШЫЗА.

Гэтым разам судзіць Аляксандра Арановіча будзе судзьдзя Ленінскага раёну Магілёва Вікторыя Палякова.

Берасьцейца, які адбыў пакараньне ў «справе Зельцара», зноў будуць судзіць

Асуджанага на 2,5 года калёніі ў «справе Зельцара» берасьцейца Цімура Хайруліна буду судзіць за «абразу прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 КК), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзіць яго пачнуць 26 лістапада ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску.

Хайруліна затрымалі ў Берасьці 30 верасьня 2021 году ў крымінальнай справе за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў кватэры ў Менску супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцара. Абвінавацілі яго ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК) і распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК).

5 жніўня 2022 году Менскі гарадзкі суд пакараў Хайруліна 2,5 года калёніі. Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2023 году.

Завочную справу блогера Матолькі перадалі ў суд

Пракуратура Горадзенскай вобласьці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да Антона Матолькі. Яна расьсьледавалася завочна, у парадку спэцыяльнага вядзеньня.

Супраць блогера, грамадзкага дзеяча, кіраўніка праекту «Беларускі Гаюн» Антона Матолькі правялі спэцыяльнае вядзеньне, яго зьбіраюцца судзіць завочна. 36-гадоваму Матольку інкрымінавалі 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «здрада дзяржаве» і такія артыкулы:

  • ч.1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»);
  • ч. 1 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»);
  • ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»);
  • ч. 3 арт.130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады»);
  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG